Рана Сьцёпка абудзіўся
І ляжыць — ня сьпіцца:
Сон яму такі прысьніўся —
Толькі падзівіцца!
Быццам жыта сеяць вышлі
Ў поле пры дарозе —
Сьцёпку нават зышло з мысьлі,
Што ён у вастрозе. —
Поле сонцам скрозь заліта, —
Шырыня, раўніна!
Глеба тлуста, сакавіта —
Чорназем ды гліна.
Не дакінеш проста вокам
Да суседзкіх межаў,
А на лузе іх шырокім
Што ні стог, то вежа!
І суседзі тут у полі
Ходзяць з карабкамі,
Сеюць жыта на прывольлі,
Рэжуць дол плугамі,
Робяць гоні і разоркі…
Ветрык ціха вее.
Трохі воддаль, на прыгорку,
Вёска іх чарнее.
З-за сялянскіх хат адметна,
Між гумён, адрынак,
Пазірае так прыветна
І Сьцёпкаў будынак…
Углыбіўся Сьцёпка ў мары,
Думцы ўвесь аддаўся,
Пра астрог забыў, пра нары,
Дзе ўсю ноч валяўся.
Тут ён целам, там — душою,
Там, у родным полі,
Дзе хадзіў ён за сахою,
Дзе пазнаў нядолю.
Ды забыта ўсё ліхое,
Ўсё, што дух смуціла,
Засталося дарагое,
Што так сэрцу міла.
Аде зараз расьсьвітала,
Нудны дзень вярнуўся.
Сон і мары—ўсё прапала,
Як астрог ачнуўся.
1908 г.
|