Збор твораў (Купала, 1925—1932)/IV/Сон на кургане

Сон на кургане
Драматычная паэма
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Адвечная песьня
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сон на кургане.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СОН НА КУРГАНЕ

У ЧАТЫРОХ АБРАЗОХ

АБРАЗЫ

Абраз I

У ПУШЧЫ

САМ. РУСАЛКІ

Абраз II

НА ЗАМЧЫШЧЫ

САМ. ЧОРНЫ. ВІДМЫ

Абраз III

ПАЖАРЫШЧА

САМ. ПАГАРЭЛЬЦЫ. ВЯСЕЛЬНАЯ ДРУЖЫНА. ПРЫСТАЎ

Абраз IV

У ШЫНКОЎНІ

САМ. ШЫНКАР. ДЗЯЎЧАТЫ. ГОСЬЦІ. СТРАЖНІК


Абраз I

правіць

I

У ПУШЧЫ

Восень. Ноч. Лес. Глуха шумяць калыханыя ветрам елкі і сосны; скрыпяць асіны і бярозы; з шэлестам валіцца на зямлю трупяжоўтае лісьце. Паміж трох адвечных дубоў — мохам і гальлём усланы ўзгорак-курган; над ім, зачапіўшыся валасамі за галіны дубоў, вісяць тры русалкі і калышуцца. З ўсёй мясьціны вее бязьлюдзьдзем, чарам і жудою.

РУСАЛКІ

разам

Гу-та-та, гу-ля-ля,
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Ад сучка, да сучка,
Ад куста, да куста!

Ха-ха-ха! Вось яно,
Вось русалак жыцьцё;
Пушча — сосны, дубы, —
Вось і царства усё.

Жывем самі сабой,
Самі ўмеем мы жыць, —
Ніхто есьць не дае,
Не дае ніхто піць.

Днём ляжым, днём маўчым.
Як ня жывы мы днём,
А як ночка прышла —
Мы жывем, мы пяём.

Так калышамся мы
Ад куста да куста…
Гу-та-та, гу-ля-ля!
Гу-ля-ля, гу-та-та!

Чуваць затрашчалі сухія сукі ад нечыіх ног

1-я РУСАЛКА

Ці вы чулі, ці не?
Штось трашчыць каля нас.

2-я РУСАЛКА

Чула таксама я,
Вось напроці, якраз.

3-я РУСАЛКА

Пэўна, воўк ці мядзьведзь,
Бо хто-ж гэтай парой?..
Як вядома, хадзіць
Яны любяць сюдой.

1-я РУСАЛКА

Стукат толькі дзьвюх ног.

2-я РУСАЛКА

Ну, і што-ж там за дзіў:
У госьці к нам чалавек,
Ня інакш, заблудзіў.

УСЕ ТРЫ

разам

Чалавек, чалавек!
Не здарма пелі мы.
А цяпер хто куды,
Як начніцы, як сны.

Адчэпліваюцца і разьбягаюцца.

САМ

выходзіць, разілядаючыся

Хаджу і блуджу я
Ўжо колькі гадзін
І дзе ні ступлю я,
Ня бачу пуцін.

Дубы ды хваіны,
Бярозы, вязы;
Скрыгочуць асіны,
Шыпяць верасы.

Кругом нейкі шорах.
Жуда, пустата;
Па долах, па ўзгорах
Лягла цемната.

То нешта сьмяецца,
То нешта пяе,
То кліча, здаецца,
То тут-жа снуе.

Гоп, гоп! Ня чуваці!..
Адказу няма.
Ой, пушча, ой, маці!
Ты зводзіш здарма.

Ох, зводзіш здарма ты,
Наслаўшы ламоў!
Я траплю дахаты,
Я траплю дамоў!

Пайшоў далей, разглядаючыся.

РУСАЛКІ

выбегшы з-за кустоў, разам

Ха-ха-ха, вось дык госьць,
Як з зямлі, як з травы!
Чалавек, як і ёсьць —
З галавой і жывы.

Ці сюды, ці туды,
Ад калоды, ад пня.
Ўжо ня выйдзе ад нас
Аж да белага дня.

Гу-та-та, гу-ля-ля!
Аж да белага дня!

1-я РУСАЛКА

чапляючыся зноў за сук валасамі

Як люблю я, люблю
Гутатацца вось так!
Як-бы дзе на градзе
Зацьвітаючы мак.

Помню гэта было
На зямлі між людзьмі:
Як любіла-ж яго
Сэрцам, думкай сваймі!

Як бажыўся ён мне,
Што так любіць і ён.
Колькі ночак зьвялі,
Сон ішоў нам ня ў сон.

Сон быў гэта, ах, сон.
Зноў зіма па вясьне:
Ён пайшоў за другой;
Ён пакінуў мяне.

І тады, ах, тады
Адна сьцежка была —
Ці ў раку, ці ў пятлю…
Ну — ў пятлю я пайшла.

І за тое люблю
Гутатаціся так,
Як-бы дзе на градзе
Зацьвітаючы мак.

УСЕ ТРЫ

разам

Гу-та-та, гу-ля-ля!
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Як-бы дзе на градзе
Зацьвітаючы мак.

2-я РУСАЛКА

сядаючы пад дубам

Я сядзець так люблю, —
Гэта мой трон-пасад:
Бо-ж я княжнай была
Таму лет сто назад.

Прыгажэй за мяне
Ня было наўвакруг;
Шмат пакорных тады
Ў сябе мела я слуг.

Найвярнейшы адзін
З іх мяне спадабаў:
Як шалёны хадзіў,
У мой бок паглядаў.

Знала мукі яго
Я усе навылёт;
Як сьмяшыў, ах, сьмяшыў
Яго сумны паглёд.

Тады сэрца ў мяне
Ня было, ці было…
Княжне меці яго —
Не да твару ішло.

Князь багаты стары
Ажаніўся са мной,
А мой верны слуга
Заручыўся з ракой.

Вось за тое й сяджу —
Гэта мой трон-пасад,
Бо-ж я княжнай была,
Лет таму сто назад.

УСЕ ТРЫ

разам

Гу-та-та, гу-ля-ля!
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Бо-ж я княжнай была,
Лет таму сто назад.

3-я РУСАЛКА

ходзячы па капцы

Я снаваці люблю
То сюды, то туды,
Ўспамінаючы свой
Век з людзьмі малады.

Мы жылі удваіх,
Як дзьве рыбкі ў вадзе;
Ён нідзе без мяне,
Без яго я нідзе.

Як любіліся мы,
Як быў ясен прастор!
Плялі думкі свае
З сонца, месяцу, зор.

А пасьля ад мяне
Адарвалі яго…
Узялі, павялі,
Не сказалі — чаго.

У мяне-ж, ах, прышло
Дзіцянятка на сьвет;
Хлопчык мілы такі,
Як-бы з кветак букет.

Стыдна стала ўжо тут
Мне за долю сваю…
Я ў пялёнках яго
Закапала ў зямлю.

Як нябожчык, жуда
Мяне ўсю абняла:
Я у горад адтуль
Пабрыла, уцякла.

Ну, пасьля гарадзкі
Брук мяне адалеў:
Хто мне лепей плаціў —
Ласкі лепшыя меў.

З віном сьлёзы піла,
Час маланкай ішоў;
Ня стрывала і там —
Уцякла ўжо дамоў.

Сьцюжай выла зіма,
Сьцежку сьнег засыпаў;
Даплялася сяк-так,
Дзе маленькі мой спаў.

Абняла курганок,
Сьлёзы беглі з павек,
І заснула я там,
Ах, заснула навек!

І за тое сную
Так сюды і туды,
Ўспамінаючы свой
Век з людзьмі малады.

УСЕ ТРЫ

разам

Гу-ля-ля, гу-та-та!
Так сюды і туды —
Ўспамінаем мы свой
Век з людзьмі малады.

Чуваць зноў затрашчалі сукі.

1-я РУСАЛКА

Зноў трашчыць у кустох.

2-я РУСАЛКА

Гэта, знаць, любы мой
Ўжо вярнуўся ка мне
Са старонкі чужой.

1-я РУСАЛКА

Не, ня твой, але мой
Зьменьнік той ходзе, знаць, —
Зноў мяне палюбіў,
Будзе зноў цалаваць.

2-я РУСАЛКА

І ні твой, ні яе,
А мой верны слуга
Княжну ўспомніў сваю,
І ідзе, як мага.

3-я РУСАЛКА

як-бы сама да сябе

Мо‘ нябожчык сынок?..

1-я РУСАЛКА

як раней

Мо, татуля сівы?..

2-я РУСАЛКА

таксама

Мо‘ стары князь, мой муж
, Ка мне йдзе — як жывы?..

УСЕ ТРЫ

разам

Ну, ў кусты, хто куды!
Хай-жа йдзе маладзец,
Пакуль блуду яго
Не надыдзе канец.

Разьбягаюцца.

САМ

разглядаючыся

Ня сьлеп я, здаецца,
Здаецца, ня п‘ян, —
Зноў гэтае месца,
Той самы курган.

І ногі прысталі,
І хочацца спаць,
А сьцежкі, чым далей —
Ня знаць і ня знаць.

Ці кінуў хто ўрокі
У кожны тут кут,
Ці ведзьмы ў нарокі
Мяне водзяць тут.

Так шумы пужаюць,
Чуць што дзе дрыгне;
А дома чакаюць
Даўно ўжо мяне.

Гоп! гоп! Ня чуваці,
Адказу няма.
Ой, пушча, ой, маці,
Ты зводзіш здарма!

Жартуеш здарма ты,
Наклаўшы ламоў…
Я траплю да хаты,
Я траплю дамоў!

Ідзе далей.

РУСАЛКІ

выбегшы, разам

І ня наш, і нічый, —
Так сабе чалавек.

1-я РУСАЛКА

Для спачынку яму
Я прыдумала лек.

2-я РУСАЛКА

І мне ведама ўжо.

3-я РУСАЛКА

Знаю я. Як ня знаць?

УСЕ ТРЫ

разам

Вось тут на кургане
Яго ўложым мы спаць.

Чапляюцца зноў валасамі за сукі і калышуцца.

Ха-ха-ха! Сёньня ўжо
Ён ня выйдзе адсюль.
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Гу-та-та, гу-та-туль!

1-я РУСАЛКА

Ах, успомніла я
Сваё ўлетку жыцьцё;
Пільнавала тады
Я за вёскай жытцо.

Ужо сьпелы былі,
Як адзін, каласкі;
Вецер іх калыхаў
Вось так, так на бакі.

Ласкаталі так мне
Яны твар, валасы;
Ласкатала іх я
Ад расы да расы.

Пільнавала іх я;
Ажно раз, нада днём,
К ім кабета ідзе,
Проста йдзе з фартухом.

Вочы ўпаўшы ў яе,
Не вясёла яна,
І худая уся —
Косьць ды скура адна.

Як прышла, ды скубель
Каласкі так мае,
І адзін за другім
У фартух, як свае.

А я шась! а я ў сьмех!
Зьняў кабеціну страх,
Ды наўцекі адтуль,
Толькі чула я — ах!

Разьвязаўся фартух,
А яна ўсё бяжыць,
І расьсеяла так
Каласкі па мяжы.

Ах, як сьмешна было!
Як сьмяялася я!
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Гу-та-та, гу-ля-ля!

УСЕ ТРЫ

разам

Ах, як сьмешна было!
Ну, яна, ну сям'я!
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Гу-та-та, гу-ля-ля!

2-я РУСАЛКА

адчэпліваецца і садзіцца пад дзеравам

Ўжо нядаўна было;
Пільнавала ў аўсе
Так я грушу адну, —
Бач, хлапца к ёй нясе.

Абарваны такі,
Адно зрэб‘е на ім;
Босы быў і усім
Тросься целам худым.

Як да йгрушы дабег,
А ўжо быў на ёй плод,
Зірнуў, плюнуў ў руку, —
І на йгрушу, як кот.

Як да верху далез,
Давай дзіч тую рваць,
І за пазуху ўсё
Напіхаці, хаваць.

А я тут галінкой
Па камлі грушы хлоп!
Ды вось як: сучком трэсь: Паказвае.
Зьляцеў хлопец, як сноп.

Лятучы, зачапіў
Кашулёнаю сук,
І з-за пазухі ўсе
Грушы кучай стук-стук!

Ня зьбіраў, паляцеў —
Уцякаў, як быў дуж.
А я ў хохат, у сьмех
І з хлапца і з ігруш.

Ах, як сьмешна было!
Як сьмяялася я!
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Гу-та-та, гу-ля-ля!

УСЕ ТРЫ

разам

Ах, як сьмешна было!
Ну, яна, ну сям‘я!
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Гу-та-та, гу-ля-ля!

3-я РУСАЛКА

адчэпліваецца і снуе па кургане

Ах, і здарыўся мне
Так-жа сёлета сьмех.
Пільнавала лажка,
Дзе быў блізка начлег.

Траўка ладна ужо
Ад зямлі адышла
І панаднай была
Для каня, для вала.

Меў на воку яе,
Як хто толькі зірнуў;
Аж сьмяльчак раз адзін
Так яе ня мінуў.

Ночкай цёмна было,
Як на дне у вадзе;
Хмары месяц зьвялі,
Зоркі так-жа нідзе.

Я ў травіцы сяджу:
Бачу, нейкі бядак
На худзенькім кані
Падцікаецца так.

Сядзіць конна, а ўвесь,
Як асіна, дрыжыць;
Падабраўся к лажку,
Як сава, ўкруг глядзіць.

Конь прыпаў да травы
І са смакам скубе:
Вельмі голадзен быў —
А я шась так сабе!

Паказвае.

А конь скок! ды на ўцёк
Ува ўсе капыты.
А яздок аб зямлю…
Ўстаў, паплёўся ў кусты.

Адну толькі нагу,
Як калеку, валок,
А я ў хохат, у сьмех…
Такі сьмешны быў скок.

УСЕ ТРЫ

разам

Ах, як сьмешна было!
Ну яна, ну сям‘я!
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Гу-та-та, гу-ля-ля!

1-я РУСАЛКА

Але-ж дзе, але дзе
Гэты наш маладзён?

2-я РУСАЛКА

Мы тут пелі сабе,
А на сьцежку ўзбрыў ён.

3-я РУСАЛКА

Не яму пуціну
Ў гэтай пушчы знайсьці.

УСЕ ТРЫ

разам

Пушча наша для нас —
Яе нашы пуці.

2-я РУСАЛКА

А каб пэўна было,
Пашукаць трэба нам.

УСЕ ТРЫ

разам

Пашукаць, паглядзець
Там і тут, тут і там!

Разьбягаюцца.

1-я РУСАЛКА

па хвілі варочаецца

Ха-ха-ха! блудзе ўсё, —
Разглядае кусткі;
З рук і ног кроў цячэ,
Сумны, бледны такі.

3-я РУСАЛКА

выбягаючы

Ха-ха-ха! блудзе ўсё.
То аб пень, то аб лом.
І на неба глядзіць,
Як-бы там яго дом.

2-я РУСАЛКА

выбягае

Ха-ха-ха! блудзе ўсё.
З сучкоў знакі кладзе,
Каб другі раз ня йсьці,
Перайшоў ужо дзе.

УСЕ ТРЫ

разам

Прыдзе, прыдзе сюды,
Хоць-бы млеў, хоць-бы чэз,
І засьне, ах засьне,
Як-бы ноч, як-бы лес.

19

1-я РУСАЛКА

Стойце! чую трэск я.

2-я РУСАЛКА

Ўжо ідзе.

3-я РУСАЛКА

Ах як кот!

УСЕ ТРЫ

разам

А цяпер хто куды!
Песьні ў ход! чары ў ход!

Разьбягаюцца, толькі зблізу чуваць з трох бакоў іхны сьмех і — „гу-ля-ля, гу-та-та“.

САМ

змучыўся, чуць ідзе

Ўжо змогся саўсім я,
Змагла мяне цьма,
А сьцежкі-пуцінкі
Няма, як няма!

Спаткаў і ваўка ўжо —
Зуб ляскаў аб зуб;
Сава праляцела
І села на дуб.

З-пад пня выбег заяц
І ў гушчу пабег, —
А гэткі быў белы,
Як вапна, як сьнег.

Лізнула гадзюка
Хвастом каля ног,
Пабегла і недзе
Схавалася ў мох.

Ах, болей хадзіць, так
Блудзіць не магу!..
І сон не астаўся
Сабой у даўгу.

Пара адпачыці,
Дыхнуці пара,
Хутчэй мо' на небе
Узойдзе зара.

Садзіцца на кургане.

Ах, як тут выгодна! —
Узгор, як пакой —
Мох, лісьце, чарнобыль, —
Лес над галавой.

Ах, ах, як-жа слаўна
Тут можна заснуць!

Прыслухоўваецца.

А ўсё нейкі шорах
Як чуць, так і чуць…

Відам салавее.

Ох, муцяцца думкі,
Павекі — як звон!..
Хацінка… сямейка…
Ах, сон, ты мой сон!..

Засыпае. Русалкі выходзяць з укрыцьця.

1-я РУСАЛКА

нагінаецца і ўглядаецца на Сама

Ах, прыгожы які!

2-я РУСАЛКА

як і першая

І які малады!

3-я РУСАЛКА

таксама

І чаго-ж, і нашто
Заблудзіў аж сюды?

1-я РУСАЛКА

Як ён люба злажыў
Ручкі пад галаву!

2-я РУСАЛКА

Як снапок, гэтак лёг
Тут на мох, на траву!

3-я РУСАЛКА

Сам сябе усяго
У клубочак сагнуў;
Як адпаўшы лісток,
Як нябожчык заснуў.

УСЕ ТРЫ

разам

Ха-ха-ха! як лісток,
Як нябожчык заснуў!

2-я РУСАЛКА

Цяпер сядзем пры ім,
Як тры кветкі ў вакне;
Ціха так, каб ня знаў —
Ці на яве, ці ў сьне.

1-я РУСАЛКА

І навеем яму,
Пакуль сонца зірне,
Казку долі яго.

2-я і 3-я РУСАЛКІ

разам

Што?

1-я РУСАЛКА

Сон на Кургане.

УСЕ ТРЫ

разам

Гу-ля-ля, гу-та-та!
Пакуль сонца зірне,
Загадаем яму
Сьніці на кургане.

Садзяцца: дзьве — наабапал — у залаве, адна — у нагах. Ціха жаласьліва пяюць; шум лесу зьліваецца з іх песьняй.

Сьпі, наш міленькі саколік,
Госьць наш ня званы, ня сланы!
Днём пагубляў ты даўно лік
Долі сваёй няспынянай.

Мы над табою, мы — цені,
Поля і лесу начніцы, —
Казкай павеўнай асенім
Думкі твае злыбядніцы.

Гу-та-та, гу-ля-ля!
Казкай павеўнай асенім…

Сьпі, наш міленькі… Нікому
Гэткага сну ня ссылалі:
Будзеш ты дома, за домам,
Будзеш ты бліжай і далей;

Сокалам вольным па сьвеце
Будуць павевы насіці;
Вогнікі ўгледзіш на цьвеце, —
Будуць табе іх гасіці.

Гу-та-та, гу-ля-ля!
Будуць табе іх гасіці…

Сьпі, наш міленькі… Далёка
Неба глухога сьвітаньне;
Будзе нялёгка, нялёгка,
Покі дзень новы настане.

Мы цябе тутка атулім
Ласкай сваёю і песьняй,
Песьняю — лю-лі, ой, лю-лі!
Гэтак панадна, уцешна.

Гу-та-та, гу-ля-ля!
Гэтак панадна, уцешна…

Сьпі, наш міленькі!.. Вы, сосны,
Елкі, дубы і асіны,
Кіньце шумеці жалосна,
Пейце вясёлай часінай.

Выгляні, месяц бяляны,
Сьветыч ад веку да веку.
Сьведкаю будзь неабманнай
Гэтага сну чалавека.

Гу-та-та, гу-ля-ля!
Сьведкаю будзь неабманнай
Гэтага сну чалавека.

Пад канец песьні падбліжаецца — з адна боку воўк, а з другога — ліс і аподаль, на задніх лапах садзяцца; паміж іх падымаецца да палавіны гадзіна і глядзіць у бок сьпячага; з-пад лазовага куста высоўваецца заяц і разглядаецца, з апошнімі словамі русалчынай песьні паволі апускаецца.

ЗАСЛОНА

Абраз II

правіць

II

НА ЗАМЧЫШЧЫ

Ноч. Старое замчышча, ці так сабе палац — калісь знаць важны — сягоньня напоўразвалены. На гзымсах паўзрасталі палын і крапіва; каля сьцен дзікія рожы і акацыі памяшаліся з лазой і няпрыветліва шалясьцяць. Вокны і дзьверы ўсе наглуха забіты тоўстымі яловымі дошкамі. Ганак (дзе і рэч адбываеца) каменны, на шасьці слупох — па тры з кожнага боку. Пусткай, гнільлём і зьніштажэньнем вее з усяго замчышча.

САМ

падцікаецца к парадным дзьвярам з тапаром у руках

Колькі ўжо ночак, колькі ўжо раз
Стукаўся ў гэтыя сьцены, —
Вечна заходзіла штосьці ня ў час
Мне на дарозе нязьменна.

Дзед мой нябожчык, калі уміраў,
Так гаварыў мне і тату:
Скарбы у лёхах замчышча схаваў
Хтось адзін вельмі багаты.

Трапіць-жа можна ў ноч тую на сьлед,
Як з іх спадае закляцьце;
Толькі пары тэй ня ведаў і дзед —
Трэба яе адгадаці:

Летам, увосень, зімою, вясной
Гэтыя пробую дзьверы;
Штось адпіхае, штось кідае мной,
З рук выбівае сякеру.

Закладае лёза за дошку і мацуе.

ЧОРНЫ

паяўляецца ля сьцяны незаметна і хватаецца за сякеру

Ты зноў сюды лезеш, няшчасны!
Ха-ха-ха! вось так навала!
Напрасна, мой мілы, напрасна
Зноў цябе немач прыгнала.

Ня дам я да скарбаў дастацца,
Варту я моцна трымаю;
Хто важыцца з мною змагацца —
Помач я крэпкую маю.

Ці просьбай, ці грозьбай, ці стонам
Стукнешся ў гэту мясьціну —
І ўсё на загубу: ня ўлезеш да скону…
Ха-ха-ха! счэзьнеш скацінай…

САМ

адступае ад дзьвярэй, тапор з лёскатам валіцца на ганкавы камень

Так ужо ёмка тапор залажыў —
Меціўся дошку сарваці, —
Бач, як-бы сілы усе свае збыў;
Млее рука, не спазнаці.

Хаты сваёй лягчэй зрушыць зьвяны,
Тут ня йдзе ў лік і ахвота.
Спробую толькі з другой стараны,
Мо спрытней пойдзе работа.

Закладае тапор таксама, з друга боку дошкі.

Ну, адрывайся, пракляты запор,
До‘ жартаваці са мною!
Сілы, больш сілы! ах, каб цябе мор!
Зноў не пакратаць рукою.

ЧОРНЫ

выбіваючы зноў тапор

Зубамі грызі, війся ў ранах,
Сэрцам бі ў камень, як звонам,
Крывёю парог залі цагляны,
Трупам тут ляж безгалоўным,

І з сьвету таго выглянь марай,
З небам аплутаўшысь дружбай —
Удар пярунамі з-пад хмараў, —
Я не пакіну тут службы:

САМ

шукаючы тапара

Дома ўжо нельга мне далей так жыць, —
Дом мой магілай халоднай:
Каменем поле сьцюдзёным ляжыць,
Плёны зьмёў вецер халодны.

Марна пад кроквай ржавее каса,
Недзе ўчапіці нарога…
Толькі чырвоная ўсюды раса,
Толькі к няўдачам дарога.

Гадзіны ўюцца вяроўкай ля ног,
Смокчуць кроў з жылаў піяўкі;
К богу зьвярнуўся — маўчыць нема бог,
Сьцелючы ў пекле прылаўкі.

Людзі!.. Што людзі? Ці ёсьць дзе між іх
Годны адзін хоць у людзі:
Мутнасьцю, трупам нясе ад усіх,
Пошасьцяй поўныя грудзі.

ЧОРНЫ

Ха-ха-ха! Жыць табе трудна,
Цесна, хоць так сьвет вялікі,
Й думцы з людзямі адлюдна,
Свойскае стала ўсё дзікім.

І долю ўжо як абязьвечыў, —
Скарб цябе цягне закляты.
А колькі разоў ад мяне чуў:
Лезеш і тутка здарма ты.

САМ

знаходзячы тапор

Вось і тапор мой. К рабоце жывей!
Скарб дастаць мушу я гэты;
Ласкай павее тады ад людзей,
Неба і цэлага сьвета.

Замахваецца тапаром ў самыя дзьверы; Чорны зноў яго выбівае; Сам, абясьсілены, валіцца на зямлю.

ЧОРНЫ

Калі-ж ты спагоніш ахвоту?..
Вянь павуцінай, травою;
Зьмяшайся з гразёю, з балотам,
Стукай аб мур галавою…

Вясёлкай табе скарб сьмяецца,
Вогнікам зводзе бліскучым…

Сам мацуецца ўстаць.

Што? Заоў табе, квольнік, здаецца,
Што сіл досьць маеш магучых,
Каб мяне тут паканаць, адалеці,
Вываліць дзьверы ў замчышчы.
Не! Перш магілай на сьвеце
Станеш свайго пажарышча,

Пакуль сюды ўвойдзеш нязваны.
Кінь свае думкі, дзяціна.
Лепш чэрвем ад рана да рана
Ляж пад гнілою асінай.

Ха-ха-ха! і там жджы усходу,
Новага ўсходу — прынады;
Пішчы там, як каня ў пагоду;
Вый, як ваўкі на каляды.

САМ

шукае, поўзаючы на каленях, тапор

Мусіць змацуе гэтая глуш.
Эх, ты мой быт чалавечы,
Ўдзержаць сякеры і то ўжо ня дуж, —
Корчацца ногі і плечы.

Як-бы тапор ужо толькі знайсьці
Ў гэтай пустошы заломнай…
Дзе ён? Дамоў без яго-ж мне ня йсьці…
Як-жа тут цёмна, як цёмна!

Дастае з-за пазухі смолку.

Маю на ўсякі прыпадак з сабой
Колькі смаляных падпалак,
Толькі запалкі…

Мацае ў кішэнях.

Ай, божа ты мой!
Дома забыўся запалак.

Шукае і знаходзіць вобмацкам тапор.

Ну, ўжо і так разанок свой знайшоў…

Прабуе пальцам лёза.

Толькі аб камень зьбіў зубы.
Што-ж? Так сягоньня пойдзем дамоў, —
Вытачу заўтра, мой любы.

Эх, каб яшчэ ды папробаваць з раз
Гэтых струхлеўшых запораў!
Вось і напаў-бы у добры мо‘ час…
Там, эй, ня знаў-бы ўжо гора.

З трудом устае і паглядае на дзьверы

ЧОРНЫ

Ты ўсё углядаешся ласа, —
Збыцца ня можаш пакусы;
Дам я табе тут напасу,
Толькі гуляй бяз прымусу.

САМ

Ціха… Прыпомніў; ёсьць мел у мяне.

Знаходзіць за пазухай крэйду.

Ўчора на мысьль мне ўзьляцела…
Чуў, што і поўнач тады не чапне,
Круг абвясьці толькі ўмела!

Садзіцца пасярод ганку — бокам к дзьвярам — на кучы друзу і крэйдай абводзіць каля сябе круг.

Вось, мо‘ цяпер і спазнаю усё,
Як знайсьці к скарбу дарогу;
У поўнач тут, кажуць, сваё йдзе жыцьцё,
Толькі-б ня знацца трывогай.

Трэба хоць песьню зьлягка зацягнуць, —
З песьняй сьмялей, кажуць людзі;
Мысьлі благія далей адлятуць,
Шорах так страшан ня будзе.

Пяе.

Атуманіла ночанька цёмная
Нашы нівы і нашы сялібы,
І ўсім песьню пяе няпрытомную,
Ў запацеўшыя звонячы шыбы.

Ва ўсе сьцежкі блізкія, далёкія
Неспажыты уплутаўся хвораст,
Сьцяг-прысады стаяць адзінскія,
Агняцьветны ня выгляне пораст.

Не заходзіць, ідучы прысадамі,
Падарожны з далёкага краю.
З добрай весткай, з ласкавымі радамі,
Аб жыцьці-нябыцьці ня спытае.

Не заходзіць ніхто к нам са сьветычам,
Як пажар, як агністае сонца,
Неразьвейнага, вечнага сьвету чым
Аслабеўшай уліў-бы старонцы.

Ходзім, блудзім, снуем бяз прыстанішча,
Адпраўляем старыя малітвы
На забытым самымі курганішчы,
Дзе сьпяць сьведкі нявыйграных бітваў.

Адно ветрам асіны хістаюцца,
Дзе сном слава заснула нязваным,
Ды круччо на пажыву зьлятаецца,
Судзіць суд над жыцьцём закаваным.

Гэй, ты, гэй! наша ночанька цёмная,
Завагніся ты сонца пажарам,
Распалі нашу долю заломную,
Не пракляцьцем, а божым будзь дарам!

Перастаўшы пець.

Нейкую кашу, бадай, не з дабром
Ліха ўжо, ўзнаць, заварыла;
Сьвіст, бразгатня, тупаніна кругом.
Што за нячыстая сіла?!

Проста рабінава ночка прышла!
Жудасьць — дзе вока ня кіне…
Пацераў спробую, можа імгла
Гэта шыпучая згіне.

Шэпча пацеры. Чорны сьвішча; зьяўляецца чалавек у лёкайскім уборы і, падаўшы жалезны саганок, зьнікае. Чорны запускае ў сярэдзіну саганка руку і, падымаючы адтуль жменю золата, падтрасае яго на далоні; грошы са звонам — як путаў жалезных — валяцца зноў у гаршчочак; Чорны зноў іх адтуль бярэ і так усё перасыпае. Сярод ночнай цемры золата блішчыць чырвона-смольным жудкім полымем і, як сыпецца, выдае, быццам плыве нейкая крывавая поліўка.

ЧОРНЫ

Дзын-дзын-дзын, зьвіні, як жалеза,
Золата, звонка-званіста;
Зьвіні па жалезных нарэзах
Дзын-дзын, зьвіні ў звон ірдзіста.

Зьвінеце ў звон золата, лозы;
Сыкайце, гадзіны, з гнёздаў;
Зьвінеце ў звон золата, сьлёзы;
Бліск свой гасеце вы, зьвёзды.

Вецер усільваецца. Словы Чорнага зьліваюцца ў нейкую дзікую музыку з бразганьнем грошай, шэлестам зарасьляй і скрыпам дошчак забітых вакон і дзьвярэй замчышча. Зьяўляюцца — то з аднэй, то з другой стараны ганку — відмы; Чорны кідае кожнаму з іх па колькі чырвонцаў на зямлю, — касьцятрупы хціва іх падбіраюць, падыходзяць к Саму і цянююць навокал яго — то падбліжаючыся, то аддаляючыся ад абведзенага мелам кругу.

Зноў ты, зноў — ты непакоіш
Наша царства-ўладарства;
Зноў ламаці — думкі роіш —
Праўды нашай гаспадарства.

Вон адгэтуль, вон з парога!
Скарб пад нашымі замкамі.
Вон, якой прышоў дарогай:
Скарб пільнуе цемра з намі.

Хто закон наш не ўшануе —
Я здаўлю таго прынукай:
Абручом такім спаўю я,
Як вужакай, як гадзюкай.

2-е ВІДМА

Што тут робіш? Хто асьмеліў
Падыйсьці пад хорам гэты?
За праступ такі на дзеле
Даць адказ свой мусіш мне ты.

Не на сьмешкі, не на жарты
Мы вартуем гэтых зломаў.
Скарб пад нашай схован вартай —
Не дадзім чапнуць нікому.

Вон адгэтуль назаўсёды!
І ня важся ступіць кроку:
Усе выходы і ўходы
Наша мае страж на воку.

А хто варты не ўшануе,
Я здаўлю таго прынукай:
Абручом такім спаўю я,
Як вужакай, як гадзюкай.

3-е ВІДМА

Зноў на скарб наш вочы лупіш,
Зноў прыбрыў з сваёй пустошы…
Здохнеш перш, чым к яму ступіш,
Тут ня банк, мой ты харошы.

Сотні лет і сотні плечаў,
З сотні ніў яго тут клалі,
А ты, відма чалавеча,
К яму зубы так аскаліў.

Вон адгэтуль! Маё дзела
Ў тым, каб скарбу не пакратаў.
Я ганю цябе, калелы,
Гэтым хорамам заклятым.

Хто граніц мне не ўшануе, —
Я здаўлю таго прынукай:
Абручом такім спаўю я,
Як вужакай, як гадзюкай.

4-е ВІДМА

Скуль ты ўзяўся? чаго хочаш?
Кім пасланы, кім пазваны?
Што з сякерай тут ламочаш —
Па скарб лезеш захаваны.

Псуці хочаш нам машыны
Нашай фабрыкі цямрычнай…
Вон адгэтуль! вон, скаціна,
З сваёй думай неабычнай!

Вон адгэтуль! Тут крануці
Я нічога не дазволю:
Я ганю цябе акуцьцем
Гэтай хорамнай будоўлі.

Хто псуць фабрыку спрабуе —
Я здаўлю таго прынукай:
Абручом такім спаўю я,
Як вужакай, як гадзюкай.

5-е ВІДМА

Ці ты блёкату напіўся,
І залішне перамерыў? —
Аж пад мур наш заваліўся
З сваёй востраю сякерай.

Не, ня трапіў на пару ты,
Ня туды прывёў бог шкляны…
Напаю цябе атрутай,
Аж патомак будзе п'яны.

Вон адгэтуль, покі цэлы!
Я ганю цябе законна:
Шкляным звонам, капляй белай, —
Царства нашага аслонай.

Хто звадзіць шынк наш спрабуе,
Я здаўлю таго прынукай:
Абручом такім спаўю я,
Як вужакай, як гадзюкай.

6-е ВІДМА

Ну, чаго сюды прыпоўз ты?
Ці табе ня здаў хто рэшты?
Чаго лезеш горш каросты
І гішэфты мне псуеш ты?

Тут ня гандаль, тут ня крама:
Няма дзёгцю, няма солі…
Вон! Засядзь клапом пад трамай,
Шукай скарбу ў сваёй столі.

Вон адгэтуль! вон са скурай!
Я ганю цябе сьвячніцай:
Вечнай плесьняй гэтых мураў,
Неспажытаю цямрыцай.

Хто гішэфты нам папсуе,
Я здаўлю таго прынукай:
Абручом такім спаўю я,
Як вужакай, як гадзюкай.

7-е ВІДМА

Дужа, дужа так нягодна:
Праў сьвянцоных не шануеш;
Гэтай подласьцю выроднай
Сабе пекла прыгатуеш.

Скуль ты маеш дазваленьне
Скарбам гэтым карыстаці?
Прэч адгэтуль безадменна!
Ціха сядзь у сваёй хаце.

Прэч ад нашага ўладарства!
Я ганю цябе павагай
Найвышэйшай земных царстваў!
Здрадай к сьвету, к цемры смагай.

Хто наш голас не ўшануе, —
Я здаўлю таго прынукай:
Абручом такім спаўю я,
Як вужакай, як гадзюкай.

ЧОРНЫ

звонячы ўсё золатам

Ўправа, ўлева, ўлева, ўправа
Аплятаці шчыльна, жвава

Абручамі ў знак, ня ў знакі,
Як гадзюкі, як вужакі!

ВІДМЫ

сплятаюцца за рукі і, як ланцугом, ачэпліваюць і кружацца навокал Сама

Як гадзюкі, як вужакі,
Абручамі ў знак, ня ў знакі

Аплятаці шчыльна, жвава
Ўправа, ўлева, ўлева, ўправа!

ЧОРНЫ

падымае і стукае аб саганок абломкамі муру

Гэй, на вырай, гэй, на жніва!
Толькі спрытна, толькі жыва.

Ўлева, ўправа, ўправа, ўлева
Па насьпелыя пасевы!

ВІДМЫ

расплятаючыся і зьбягаючы з ганку — кожнае ў сваю старану.

Па насьпелыя пасевы —
Ўлева, ўправа, ўправа, ўлева!

Толькі спрытна, толькі жыва,
Гэй, на вырай, гэй, на жніва!

САМ

папраўляе ямчэй у руках тапор

Што за дзіва, што за сіла
Тут сьвістала, скавытала.
Штось круціла, штось муціла,
Як вяроўкай, аплятала.

Відмы па хвілі варочаюцца ў тым самым парадку, але кожнае валачэ з сабой — зачапіўшы пятлёю за шыю — таварыша, які, астанаўліваючыся каля Чорнага, кідае яму ў саганок колькі медзякоў; пасьля відма садзіць свайго таварыша на кругу Сама, канцом вяроўкі завязваючы рукі.

ТАВАРЫШ 1-га ВІДМА

кідаючы грошы

Дзед і прадзед пахалі
Поле роднае тое,
А цяпер мне сказалі,
Што яно ўжо чужое.

З роднай выгналі хаткі,
Як-бы ім што я шкодзіў…
Эх, нясу ўжо астаткі,
Бо за праўду мне ходзе.

1-е ВІДМА

садзячы таварыша да Сама

Вось таварыш для хаўруса,
Каб ня брала больш пакуса…

Сядзьце ціха, сядзьце мірна,
Як мак з макам — так абшырна,

Як дамоўкі — так глыбока,
Як злом камня — так высока.

Сэрца шэптаў адчурайся,
З тапаром сваім сквітайся.

Як ні глянь сюды цікава —
Цемра тут закон і права.

ТАВАРЫШ 2-га ВІДМА

Як-жа, як я стараўся
Сабраць гэтых шалегаў, —
І ў калоды цягаўся,
І падзённа ў двор бегаў…

Сьцюжа цісьнецца к хаце,
Жыта ўжо ані жменькі, —
А тут кажуць аддаці
За шнурок свой вузенькі.

2-е ВІДМА

На, і ўчэцеся ахвоты
Шанаваць закляцьця сплёты.

Сядзьце роўна і пакорна:
Як калоды — так праворна,

Як у пні клін — так свабодна,
Як дамоўкі — так выгодна.

Ад граніцы да граніцы
Страж мая тут — паляўніца.

Дум згасеце ўсе праявы:
Цемра тут закон і права!

ТАВАРЫШ 3-га ВІДМА

кабета

Ад усходу да ночы
Так йшла ў постаці зьвінна —
Смольлю пот лёз у вочы,
Хоць круці — кашуліна.

А тут платы замнога
Кажуць, хоць гэтак мала…
Наце! Што-ж? ваша змога,
Наша дзе не прапала.

3-е ВІДМА

з насьмешкай

Вось табе падмога ў працы
Па скарб лезьці у палацы,

Дабівацца ў валадарства
Цёмна-ночнага мацарства.

Сядзьце квола, асьцярожна;
Гляньце там, тут а трывожна, —

Як пыліны — так забыты,
Як атопкі — так прыбіты.

Ажані тапор з няславай, —
Цемра тут закон і права!

ТАВАРЫШ 4-га ВІДМА

аднарукі

Як па праўдзе судзіці —
Мне належала-б плата.
А тут кажуць плаціці
За якуюсь там страту.

Руку рвучы, машына
Сапсавалася, праўда,
Але ў чым-жа я вінны,
Калі вінна прылада.


4-е ВІДМА

Ўсё да дружбы, ўсё да большай
Тваім думам збор вясёльшы.

Сядзьце роўна, жалязіста,
Мазаліста і крывіста;

Як дым гутні — так цягуча,
Як час векаў — так жывуча,

Як авечкі — гэтак дружна,
Як падмуркі — так натужна; —

Скарб ня будзе тваёй стравай:
Цемра тут закон і права!

ТАВАРЫШ 5-га ВІДМА

Так усё аплуцілі —
Не найсьці ў сьвеце сьвета,
І ў дабавак пусьцілі
На пакусу звод гэты.

Ўзялі ўсё — дам апошні:
Капля, кажуць, жалее;
Мо‘ хоць трошкі, хоць трошкі
На душы прасьвятлее.

5-е ВІДМА

Ужо з пацехай ды вясёлай
К табе йду, мой ты дзябёлы.

Сядзьце шумна, як расохі,
Дурнап‘ян, чартапалохі;

Як звон фляшак — неўгамонна,
Як сама кроў — так чырвона,

Як пагібель — так шчасьліва;
Затуманьце ўсе парывы,

Каб ня зводзіў скарб ласкавы…
Цемра тут закон і права!

ТАВАРЫШ 6-га ВІДМА

Так аплуціў, ачмуціў,
Як чарвяк лісток вішні,
Хоць і знаю, што круціць,
Хоць і знаю, што лішне.

Мушу даць, хоць ня штукі:
Зьмёў з тачка і паскрэбы;
Кажуць, лепшай прынукі
Не найсьці — як патрэба.

6-е ВІДМА

На, і доўга не таргуйся,
І па скарб да нас ня сунься,

Сядзьце ціха, сядзьце скрыняй,
Як-бы мухі ў павуціне.

Як кароўка — гэтак дойна,
Як свая цень — так спакойна;

Гібка так — як валаконцы,
Так процэнтна — як чырвонцы, —
І па скарб ня лезь аблавай:
Цемра тут закон і права!

ТАВАРЫШ 7-га ВІДМА

двое — старая кабета і падростак

КАБЕТА

Каб хаця ўжо сьвечак
Як найболей разьнеціў,

Каб аж мой чалавечак
На тым цешыўся сьвеце…

На імшу на „задушкі“…
За жывёлку таксама…

ПАДРОСТАК

За памершыя душкі
Майго таты і мамы:

7-е ВІДМА

Для навукі, для прымеру,
Як паступкам знаці меру…

Сядзьце складна і прыкладна,
Непакратна і няздрадна;

Як фігуркі выразаны,
Як бібулы маляваны,

Як грыбы ў сплясьнелай глебе:
Вочы к небу, губы к небу!

Ўсе жыцьця здушэце зьявы…
Цемра тут закон і права!

ЧОРНЫ

стукаючы абломкам цэглы па саганку з грашыма

Ўправа, ўлева, ўлева, ўправа
Аплятаці шчыльна, жвава

Абручамі ў знак ня ў знакі,
Як гадзюкі, як вужакі.

Відмы зноў сплятаюцца між сабой за рукі, ачэпліваючы і кружачыся навокал Сама і пасаджаных пры ім зьвязаных таварышоў. Глуха-шмяліна гудзяць — ні то пяюць; Чорны ў тахт ім бразгае абломкам па саганку; скрыпяць дошкі; шалясьцяць зарасьлі; вецер сьвішча ў шчылінах. Усё гэта зьліваецца ў адну нейкую пякельна-шалёную мэлёдыю; нема толькі сядзіць Сам і яго таварышы на грузах замчышча.

ВІДМЫ

у адзін голас

Як гадзюкі, як вужакі
Абручамі ў знак, ня ў знакі

Аплятаці шчыльна, жвава
Ўправа, ўлева, ўлева, ўправа!

Раптам асьвечвае ўсё замчышча пажарны бляск. Момант відмы астанаўліваюцца і дзіка, злавесна глядзяць: вочы іх крывёй наліты, зьверскія, прагавітыя

ЧОРНЫ

стукаючы абломкам па саганку

Зноў на вырай, зноў на жніва,
Толькі спрытна, толькі жыва!

Ўлева, ўправа, ўправа, ўлева —
Па насьпелыя пасевы.

ВІДМЫ

расплятаюцца, кожнае бярэ за вяроўку — між галавой і рукамі — зьвязанага свайго таварыша і ў парадку, у якім прышлі, сходзяць з ганку пад звон Чорнага грашыма

Па насьпелыя пасевы —
Ўлева, ўправа, ўправа, ўлева.

Толькі спрытна, толькі жыва,
Гэй на вырай, гэй на жніва!

Чорны сьвішча. Зьяўляецца і забірае саганок з грашыма той самы чалавек, што яго і прынёс.

САМ

усхапіўшыся з месца

Што за дзіва, што за сіла
Зноў круціла, зноў муціла?..

Скавытала і сьвістала,
Як-бы путам аплятала, —

Ні то ў яве, ні з прасоньня…
Што за ночка мне сягоньня?!

Было цёмна, як у вульлі, —
Хоць-бы ў вока пальцам ткнулі, —

А тут відна ў гэтых грудах,
Хоць лічы іголкі ўсюды.

Узіраецца ў той бок, скуль б‘е большы бляск.

Што я бачу?.. Ці-ж быць можа?
Гэта-ж вёска!.. божа!.. божа!..

Жонка… дзіцё… бацька… матка…
Ах, ты, хатка, мая хатка!

Як шалёны зьлятае з тапаром з ганку.

ЧОРНЫ

Ха-ха-ка-ха!..

ЗАСЛОНА

Абраз III

правіць

III

ПАЖАРЫШЧА

Дасьвітак. Непадалёку ад пажару. Пасяродку стаіць дзікая груша. Валяецца колькі галавешак. Далей — трохі ўправа — пачынаецца палаючая вёска: з некаторых хат засталіся ўжо толькі печы ды каміны, а па бакох ляжыць асмалеўшае бярвеньне. Пажар падбіраецца пад другі канец вёскі. Калі-ні-калі ўзрываецца вецер і даносіць снапы іскраў. Чуваць гул полымя і людзкіх галасоў.

1-ы ПАГАРЭЛЕЦ

цягнучы лаву

Скуль і як яно ўзялося?
З чыёй хаты занялося?..

Сплю, як толькі сьпяць уночы,
Чую, лезе дым у вочы;

Усхапіўся, паглядаю:
Мора полымя гуляе;

Сам ня знаю, ў што ўчапіцца…
Ну за лаву — прыгадзіцца.

Ідзе далей.

2-гі ПАГАРЭЛЕЦ

з андараком і каптаном бабскім

…Мы з сваёй яшчэ ня спалі:
Дзіцянятка калыхалі…

Раптам — відна… Я у дзьверы,
Ды ня ў дзьверы, а ў кут зьмерыў.

Сяк-так выскачыў за хатку…
Бачу, косіць ад пачатку

Агонь вёску, як памора;
Зноў я ў хатку… ах, ты, гора!

Сам ня знаеш, што ўхапіці;
Крычу жонцы: бяры дзіце!

Сам хапаю сёе-тое…
Чуць з душою, чуць з душою.

3-ці ПАГАРЭЛЕЦ

з матком і шпулькамі

Я так крэпка сплю на печы:
Ажно тут — штурхель у плечы!

Глядзь: аж нехта качаргою
Мяне цягне, як дугою.

Ўжо ўстаю, ужо буджуся,
Злазіць з печы ўжо лаўчуся…

Бух аб землю, як сноп жыта,
Проста бокам аб карыта!..

Хтось крычыць: барджэй-жа, тата!..
Ломяць, цягнуць усё з хаты…

Я — хвацель маток і шпульхі…

Глядзіць за пазуху.

Ну, а люлька… няма люлькі.

ДЗЯЎЧЫНКА

з хлопчыкам, меншым ад сябе; абое ў адных зрэбных кашулях

Як маланкай, пайшла хатка,
Чаравічкі і апратка.

ХЛОПЧЫК

праз сьлёзы, разглядаючыся

А дзе-ж татка? а дзе мама?

ДЗЯЎЧЫНКА

Ціха братка: я таксама

Вось з табою іх шукаю,
Дзе-ж падзеліся — ня знаю.

Ў гэты бок нясьлі кадушку.

ХЛОПЧЫК

Падсадзі — сарву я грушку;
Хачу вельмі піць і есьці.

ДЗЯЎЧЫНКА

падсаджвае хлопчыка з павагай

Вось уздумаў грушы трэсьці.

Тутка гэткае няшчасьце, —
Ня дзівота і прапасьці.

А ён, бач, з сваёй ядою!

ХЛОПЧЫК

саскочыў і грызе сарваную дзічку

Пабяжым цяпер затое.

ДЗЯЎЧЫНКА

Ня лезь толькі ў вочы з плачам:
Татку, мамку недзе ўбачым.

ХЛОПЧЫК

з радасьцю адбягаючы з дзяўчынкай

Недзе знойдзем, недзе ўбачым!

1-я КАБЕТА

цягнучы саху, заплакаўшыся

Што за ночка! што за ночка!
Не пакінуў і ламочка!

Як сярпом, зжынае, голе…
А стары, прост, сходзіць з поля,

Галаву саўсім губляе —
Сам ня знае, што хватае;

То у хлеўчык матанецца,
То ля пуні апынецца…

Ні прыстаньня, ні куточка…
Што за ночка! што за ночка!!

2-я КАБЕТА

з дзіцянём ў калысцы

Чуць пасьпела, чуць з душою
Гэта выхваціць малое:

Засталася ступа, дзежка
І пасудак і адзежка.

Мой паехаў з кума братам —
Папрасіў — паехаў сватам, —

І ня бачыў, і ня ведаў,
Як гарэла ўсё да сьледу,

Мо‘-б што больш уратавалі…
Так, саўсім, саўсім прапалі…

3-я КАБЕТА

цягучы на руках ягнё

Цягнем з хаты мы ламоцьце
Зірк на хлеўчык — страху копе…

Я у хлеўчык — гнаць кароўку:
Як прывязана вяроўкай —

Ані з месца… тут авечка
З хлева ў полымя, як печку, —

Я ягнатка хваць за воўну,
А тут дыму ужо поўна…

Чуць у дзьверы, чуць папала
, А ўжо хатка дагарала.

ЯЎРЭЙ

з багамольлем і ліхтарамі; за ім жонка яго і чацьвёра дзяцей

І стадола, і камора
Так яшчэ стаялі ўчора,

А сягоньня, як у яму,
Паваліліся і з крамай.

Да жонкі

Знаеш, чуў я ад Агаты:
Дзіцянё згарэла з хатай.

ЯЎРЭЙКА

з падушкай і халаю

Мне казалі на прыгумні:
Чалавек звуглеў у пуні.

ДЗІЦЯНЁ 1-е

з бляшаным пудэлкам цукерак

Ото-ж вочы дым кусае.

ДЗІЦЯНЁ 2-е

са скруткам паркалю

Будзе-ж крама зноў такая?..

ДЗІЦЯНЁ 3-е

са скрынкай з цьвікамі

Як-жа гэта агонь страша!

ДЗІЦЯНЁ 4-е

з кульком мукі

А як з козачкаю нашай?

Ідуць далей.

Чуваць званкі, пасьля ціхнуць; выходзіць з левага боку вясельная дружына; маладая ў вянку, малады з кветкай на грудзях, сват перапасаны праз плячо белым ручніком, музыка са скрыпкай, закосьнік, маршалак і дзьве дзяўчыны — дружкі.

МАЛАДАЯ

асоўваецца бясьсільна пад грушу, закрываючы рукамі заплаканыя вочы

Што тут стала? што тут стала?
Ўсё ў дыму, усё прапала!

Дзе-ж мы сонейка сустрэцім?
Галавы прыкрыці нечым.

МАЛАДЫ

садзіцца ля маладой абнімаючы, прытульвае к сабе і супакойвае

Ціха, міленькая, ціха.
Як прышло, так пойдзе ліха;

Пагаруем, пабядуем…
Дасьць бог — хату адбудуем…

Горка ўсьміхаючыся.

І вясельле дагуляем…

МАЧЫХА МАЛАДОЙ

выбягае, задыхаўшыся, за боку пажару

Ах, ах! чым вас прывітаем?..

Чула, чула, галубочкі,
Вашы звонкія званочкі!..

Так усе мы вас чакалі:
Каравай прыгатавалі, —

А які-ж, ах, быў удачны!
Каб вы зналі — які смачны!

СВАТ

п‘янаваты, панура

Відно смачны, бо смалілі,
Што аж хаты ў дым пусьцілі.

МАРШАЛАК

Знаць, згуляці захацелі
Бяз шлюбоўнікаў вясельле.

МУЗЫКА

Але толькі бяз музыкі —
Пад пажарныя скавыкі.

ВОЙЧЫМ МАЛАДОГА

выходзіць з боку пажару з пустымі, як і мачыха, рукамі

Ну, прыехалі, нарэшце!
Вось чым сэрцайка пацешце,

Малады і маладзіца.

МАЧЫХА

Мы ў суседавай сьвятліцы

Вас ад шлюбу выглядаем;
Гаманім сабе, чакаем…

ВОЙЧЫМ

Як вам ведама — дзе мелі
Адгуляць ваша вясельле.

ЗАКОСЬНІК

Ў вашых можна-б скруціць ногі —
Ні разгону, ні падлогі.

МАЧЫХА

А тут раптам у ваконцы
Віднюсенька, як-бы ў сонцы!

ВОЙЧЫМ

Тут у лямант бабы, дзеці.

МАЧЫХА

К сваім хатам мы ляцеці.
Ўратаваці ня прышлося.

ВОЙЧЫМ

Найперш з нашых занялося.

МАЧЫХА

Як-жа собіла ў час гэткі
Замарудзіць так вам, дзеткі?..

СВАТ

заметна манячы

Мост зламаўся, ну, праждалі,
Покі броду адшукалі.

ВОЙЧЫМ

панура

Знаем вашыя мы броды:
Гэта так у нас заўсёды.

СОЦКІ

выбягае з парожнім вядром

А вы што тут сталі ў кучы
Ды, як мокрыя анучы,

Не парушыцеся з месца?
То-ж ня жарты вам, здаецца…

Падпаліў ўсіх нейкі злодзей…
Зараз воласьць з прыскам пойдзе.

Маладая свой вянок, сват ручнік, а музыка скрыпку вешаюць на грушы, і ўсе ідуць за соцкім ў бок пажару.

СТАРЫ

з ім разам старая і іх нявестка з грудным дзіцём; нясуць стол, начоўкі і калыску

Я сказаў вам, што заблізка —
Пачарнела аж калыска.

НЯВЕСТКА

Ах, забыліся дайнічкі!

СТАРАЯ

Стаўма гэта каля дзічкі.

СТАРЫ

А, рабі ўжо, як там знаеш.

НЯВЕСТКА

Каго толькі ня спытаеш —

Адным чынам, што нам хтосьці
Падпаліў сяло па злосьці.

СТАРАЯ

Каб звуглеў, як гэта сажа…

СТАРЫ

Чымся слухаць, што хто кажа,
Лепш папраў дзіцю пялёнкі.

Усе адыходзяць.

НЯВЕСТКА

на выхадзе

Не забыць каб зноў даёнкі.

ДЗЯЎЧЫНКА

і хлопчык з ёй — абое ўжо заплакаўшыся

Дзе-ж той тата зьбег сягоньня?

ХЛОПЧЫК

Мамка ёсьць, але вон гоне.

ДЗЯЎЧЫНКА

Мамку маем і ня маем.

Ідуць далей разглядаючыся.

ПАДРОСТАК

дурнаваты, вядучы сьляпую бабу, каторая, баючыся, ступае

Зараз, зараз сьвет пазнаем…

СЬЛЯПАЯ

Ці ня зьбіўся ты з дарогі? —
Дзе ступлю, пячэцца ў ногі.

ПАДРОСТАК

Ціха бабка, пойдзе гладка;
Не сьпячэшся, як аладка;

Як ні бойся — не ўбаішся:
Ўсе сягоньня падпякліся.

Убачыўшы ламацьцё.

А, начовачкі і столік!

СЬЛЯПАЯ

Дзе-ж мы гэта, мой саколік?

ПАДРОСТАК

А пад грушай на узьмежку;
Сядзь пад ёй во, як пад дзежкай,

І глядзі на дым чырвоны
Здаля, як з-пад парасону.

СЬЛЯПАЯ

А вагонь-жа не дастане?

ПАДРОСТАК

Ці-ж асьлепла, ясьне пані? —
Тут і чорт цябе ня чэпіць.

СЬЛЯПАЯ

А мо‘ далей пойдзем лепей?

ПАДРОСТАК

Ну, садзіся; будзь спакойна:
Далей, бліжай — усё роўна.

СЬЛЯПАЯ

Усё роўна, мае дзеткі,
Мне ўжо сонца, ночка, кветкі.

ПАДРОСТАК

углядаючыся на грушу

А… Ці бачыце, бабуля,
Як расьлі на йгрушы дулі:

Хвастач, скрыпка і вяночак?

СЬЛЯПАЯ

Кпі сабе, мой галубочак!

ПАДРОСТАК

Даліпан-то, не жартую…

Становіцца на стале і хоча дастаць скрыпку.

Вось так зараз запілую.

СТАРАЯ

выходзіць з ламацьцём; з ёй стары і нявестка

Ты чаго на стол узьбіўся?

ПАДРОСТАК

саскакваючы са стала

Ціха, цётка, не сварыся —

Мірам кончым гэту справу:
Я — наўцекі, ты — пад лаву.

Саскаквае са стала і адбягае ў бок.

СТАРЫ

Такі воласьць абароняць.

НЯВЕСТКА

Дзе-ж? усіх к ратунку гоняць:

Мяне з дзіцем — то хацелі.

СТАРАЯ

З двара з помпай прыляцелі:

Людзі ім ваду цягаюць,
Яны кішкаю пускаюць

На закоты, на застрэшкі…

СТАРЫ

Ну, ідзем, ня ўзялі дзежкі.

Адыходзяць.

ПАДРОСТАК

выбегшы з укрыцьця

А цяпер мая ўжо скрыпка,
Толькі лоўка, толькі шыбка.

Дастае скрыпку і прабуе струн.

Вось зайграю ва ўсе плечы
Ад запечку ды да печы,

Ад парога да парога…

Выбягае кабета-вар‘ятка, зышоўшая з розуму праз пажар, — у зрэбнай спадніцы і кашулі — без каптана; на левай руцэ ў яе — як дзіцянё — абкручана анучамі галавешка, а ў правай — сьціскае ў жмені нож; як выбегла — хлопец адскочыў у бок.

ВАР‘ЯТКА

размахваючы нажом

Дай гасьцінец, дай дарогу!..

Жыў ніхто тут не залежа:
Ўсіх пазводжу, ўсіх парэжу!

Вось так жніва, вось пакоша!
Дзе мой муж, дзе мой харошы.

Няма мужа — і так дужа:
Ўсюды пойдзе крыві лужа.

Углядаецца на сьляпую пад грушай.

Ты са мной яго жаніла,
Ты яго мне і спаліла…

Давай горла, бо іначай
Сьвету боскага ня ўбача
Твой паглёд, зьмяя, вужача.

Хоча кінуйица з нажом на кабету.

ПАДРОСТАК

падбягае і хватае з-заду за руку

Што ты, цётка, звар‘яцела,
Ці мо‘ блёкату пад‘ела:

К сьляпой лезеш без баязьні,
Як угледзіць, справіць лазьню.

Чым людзей тут заразаці,
Лепш пільнуй свайго дзіцяці…

ВАР‘ЯТКА

спачатку тузаецца, але пры слове: „дзіцяці“ выпускае з рук нож і туліць к грудзям галавешку

Лю-лі, лю-лі, мой сыночак!
Люлі, лю-лі, сакалочак!

Дастае грудзі і хоча карміць.

ПАДРОСТАК

сам да сябе

Проста з поля зышла цётка.

ВАР‘ЯТКА

На, пасьсі, на, дзіцянятка!

Ты ня вер, што кажуць людзі,
Быццам таткі ўжо ня будзе.

ПАДРОСТАК

сам да сябе

Жджы к Пятру сырка, матуля.

ВАР‘ЯТКА

Маеш мамку, а татуля?..

Неўспадзеўкі к падростку.

Я з табою ажанюся.

Хоча абняць яго.

ПАДРОСТАК

сам да сябе

Клёпкі ўсе згубіла, мусіць.

ВАР‘ЯТКА

Толькі як вясельле ўстроіць?

ПАДРОСТАК

сам да сябе

Трэба бабу супакоіць.

Да вар‘яткі, паказваючы скрыпку.

Я пайграю — ты паскачаш.

ВАР‘ЯТКА

А вянок дзе?

ПАДРОСТАК

паказваючы на грушу

Ці-ж ня бачыш?

ВАР‘ЯТКА

дастае вянок і кладзе на галаву

А як з сватам і дружынай?

ПАДРОСТАК

сам да сябе

Ну, нявеста! каб лепш згінуў.

Да яе.

Я ўсім буду, мая душка, —
Разам — сватам, мужам, дружкай.

Дастае з игрушы хвастач і — як сват — закручвае сабе праз плячо; адрывае кусок з лісьцямі галінкі і прычэплівае к грудзям

ВАР‘ЯТКА

І музыкай, і музыкай.

Глянула на сьляпую і кладзе на галаву ёй кусок сухой галіны, скруціўшы абручом.

А ты, імасьць, будзь нам свацяй!

ПАДРОСТАК

Час вясельле пачынаці.

Садзіцца на калысцы і пачынае йраць і прыпяваць; вар‘ятка, цянюючы каля ігрушы, падцінае яму на языку.

Былі ў бацькі тры сыны,
Гоп-я!
Да ўсе-ж яны Васілі,
Гоп-я!

ДЗЯЎЧЫНКА і ХЛОПЧЫК

выбягаюць і з плачам кідаюцца да вар‘яткі.

Мама! мама! дзе наш тата?

ВАР‘ЯТКА

Вон, ягнята, вон, шчанята!

Далей прыпявае пад музыку з падросткам.

Адзін коні пасе,
Гоп-я!
Другі лапці пляце…

Пачуўся з боку пажару гоман і крык: „дзяржы моцна!“ „бі колькі ўлезе!“

ПАДРОСТАК

прыслухаўшыся, ускаквае

Цяпер, жонка, давай драла,
А то, каб не перапала

І табе, і мне таксама.

Выбягаюць абое.

ДЗЯЎЧЫНКА і ХЛОПЧЫК

бягучы за вар‘яткай з плачам

Дзе наш татка? мама, мама!

Увальваецца гурмам куча людзей, валакучы і тузаючы Сама.

САМ

Хоць зарэжце — ўсё мне роўна:
На начлезе быў сягоньня.

Пламя ўзгледзеўшы з папару,
Ратаваць бег ад пажару…

Я ня вінен, хоць зарэжце…

1-ы ГОЛАС

з грамады.

Лжэ, сабака, праўду бэсьце:

Конь згарэў яго у хлеве.

САМ

Хоць павесьце тут на дрэве.
На начлезе…

1-гі ГОЛАС

перапыняючы

А з сякерай,
Зьвёўшы хаты, ў воласьць мерыў?

САМ

Як і вы, бег ратаваці
Вас усіх, як сваіх брацьцяў.

3-ці ГОЛАС

кабечы

З тапаром і галавешкай,
Падцікаючыся сьцежкай…

4-ты ГОЛАС

Покі што прывяжам к грушы.

5-ты ГОЛАС

Хай-жа тут мазгі пасуша,
Як агнём агонь гасіці.

САМ

Хоць зарэжце, хоць судзеце, —

На начлезе быў я толькі.

4-ты ГОЛАС

Ці няма ў каго вяроўкі?

3-ці ГОЛАС

Ўсе бярвэньні пагарэлі,
А вяроўкі каб ня стлелі?

4-ты ГОЛАС

Паяса мо‘ хто пазычыць,
Посьле ўсё на ім палічым.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ

Хто аб поясе тут думаў!

3-ці ГОЛАС

Я сяджу сабе у кума…

5-ты ГОЛАС

перапыняючы

Гэта-ж пояс свой ён мае.

4-ты да 5-га

Я з табою прытрымаю.

А хай хто яго разьвяжа.

3-ці ГОЛАС

На вяроўцы ўсё раскажа.

Шаблон:АЦР

1-шы ГОЛАС

Во, во! гляньце, чым прасьвіста
Ратаваў усіх нас чыста.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ

Нават смолка для падпалкі…

3-ці ГОЛАС

Пэўна мае і запалкі.

Валакуць і прыціскаюць Сама плячыма да ігрушы, закручваюць рукі назад і зьвязваюць іх на другім баку ёрушы.

САМ

Ратаваці бег з папару
Усіх чыста ад пажару.

1-шы ГОЛАС

Хай да дня тут перастое, —
Там убачым, што якое…

4-ты ГОЛАС

да сьляпой бабы

А ты май яго на воку.

Хутка ўсе адыходзяць у бок пажару.

САМ

панура

За няма што на вяроўку.

Як якога арыштанта…

ПАДРОСТАК

выбягае са скрыпкай

Хі! Якога бачу франта…

Вось абняў, як дзеўку, грушу,
На‘т рукамі не паруша…

Я хоць з бабай ажаніўся,
Гэты-ж к дрэву прычапіўся.

Да Сама.

Дрэнна, дзядзька! Невялічкі
Смак пад дзічкай ня ўрваць дзічкі.

Ну, пушчу цябе на волю,
Вазьмі бабу маю толькі; —

Ўсяго першы дзень жанаты,
А ўжо хоць ідзі вон з хаты.

Адно ты мяне ня выдай…

Хоча разьвязаць пояс, але, аглянуўшыся, уцякае.

СТАРАЯ

за ёй нявеста падбягае, і хмурна ідзе стары, кідаючыся са сьлязьмі к Саму

А!.. сынок мой, ці-ж ты збрыдаў

Хаткай, намі так бяз жалю?

СТАРЫ

панура

Ці то праўда, што казалі?

СТАРАЯ

Ўсё бацьком сказаць павінен.

САМ

з болем

Хоць зарэжце, я ня вінен:

На начлезе быў… З папару
Ратаваць бег ад пажару,

А яны мяне…

СТАРЫ

перапыняючы.

Конь быў дома.

СТАРАЯ

Бег са смолкай і саломай

Ўжо пад воласьць, кажуць людзі.

НЯВЕСТКА

галосячы

Што-ж, міленькі, цяпер будзе?

Ў ссылку могуць засудзіці,
А мне хоць ідзі ў сьвет з дзіцем.

СТАРЫ

глуха

Не жалеў ты бацькі, маці,
Ані жонкі, ні дзіцяці.

СТАРАЯ

сьлязьліва

Колькі бедненькаму мукі:
Зьбілі так, зьвязалі рукі.

Хоча разьвязаць.

СТАРЫ

Не чапай бяз часу, маці, —
Гэтым нам не ўратаваці,

Толькі можа стацца горай.
Усё роўна ўжо дзень скора:

На верх праўда выйсьць павінна,
Хоць-бы мела ўзяць нам сына.

НЯВЕСТКА

ўціраючы сьлёзы

Так, ці сяк — ня вернем хаткі…
Прынясем пайдзем астаткі.

Уздыхаючы адыходзяць.

ПАДРОСТАК

падбліжаючыся

Нудна, дзядзька! Мамка з таткам,
Ну, і жоначка з дзіцяткам.

Пагасьціўшы, разышліся:
Па апошняе пайшлі ўсе.

Пакуль зноў хто прывандруе,
Я на памяць падарую

Паясок табе твой, дзядзька,
Пажалею лепш, як бацька.

Разьвязвае Саму рукі, той бясьсільна асоўваецца ля грушы. Падростак садзіцца на стале і пачынае з увагай строіць скрыпку.

САМ

панура

Ўсё згарэла, усё, да-званьня —
З хатай воля і прыстаньне.

Сьлепа стануць сьведчыць людзі, —
Суд у катаргу засудзіць.

З усім родным разлучуся…
Не вярнуся, а вярнуся —

Уся вёска сходку скліча,
Мне праступкі ўсе паліча;

Скажуць: ссыльнага ня трэба…
Зноў бяз хаты, зноў бяз хлеба…

З дзіцем жонка ў чужых згіне,
А бацькі — у жабраніне…

На пагібель, на скананьне
Ўсё згарэла, ўсё да-званьня.

Гаворачы ўсё гэта, круціць у руках пояс, мацуе і мяркце яго даўжыню і жудка ўсьміхаецца.

ПАДРОСТАК

раптам перастаючы строіць скрыпку і ўглядаючыся ў адзін бок

Зноў сюды прэ мая жонка.

Саскаквае са стала і ўцякае.

САМ

як шалёны, ўскаквае на стол і завязвае за сук ігрушы пояс

Будзь шчасьліваю, старонка!

Укладае галаву ў пятлю і вісьне.

ВАР‘ЯТКА

ўлятае — таксама — з галавешкай і вянком

Дзе мой нож? усіх парэжу!
Ніхто жыў тут не залежа!

Хватае, угледзеўшы, тапор.

Ўсіх парэжу, як авечкі, —
Пасяку ўсіх драбней сечкі!

Глянуўшы на вісячага Сама.

На пачатак гэту йгрушу
Ў сама горла трапіць мушу.

Ускаквае мігам на стол і замахваецца тапаром у шыю Сама, але пападае толькі ў пояс і перасякае яго. Сам, яшчэ з знакамі жыцьця, валіцца на зямлю. У вар‘яткі выпадае з рук тапор; зыходзіць са стала і пачынае зноў галубіць дзіцянё-галавешку. Сам кашляе крывёй і хрыпла стогне.

ВАР‘ЯТКА

снуючы кругом грушы

Лю-лі, лю-лі, мой сыночак!
Лю-лі, лю-лі, сакалочак!

Туліць і хоча карміць грудзёй.

СЬЛЯПАЯ

маўчаўшая дагэтуль

Што тут творацца за дзівы,
Божа ты мой літасьцівы?!

Стогнуць, плачуць і рагочуць…
Што ім трэба? Чаго хочуць?

ДЗЯЎЧЫНКА і ХЛОПЧЫК

выбягаюць ужо саўсім зьбедзіўшыся і асалавеўшы і чапляюцца за спадніцу вар‘яткі

Мама, мама, дзе наш тата?

ВАР‘ЯТКА

Вон, ягнята, вон, шчанята!

Снуе далей навокал грушы; дзеці ад яе не адстаюць. Выходзяць, нясучы лаву і другое ламацьцё, стары, старая і іх нявестка.

СТАРЫ

садзячыся ля стала на зямлі; панура

Ну, цяпер ужо дажынкі.

СТАРАЯ

нагінаючыся над Самам

Адвязаўся, бедачынка,

Сам адплутаўся, міленькі.

НЯВЕСТКА

з дзіцем на руках, таксама нагінаючыся

А як змучыўся усенькі!

САМ

ачуняўшы трохі, стогнучы хрыпла

Ратаваці бег з папару
Усіх чыста ад пажару.

СТАРАЯ

садзячыся з нявесткай наабапал яго, заламаўшы на каленях рукі, маркотна

Што рабіці, што чыніці?

НЯВЕСТКА

нагінаючыся над дзіцем

Няма чым і пакарміці:

Як спужалася, заныла
Малако ўсё.

СТАРЫ

глуха

Ўсё скасіла,

Прыскам, попелам пакрыла.

САМ

з сумнай жаласьцю ўглядаючыся на дзіцянё, каторае працягвае да яго ручачкі

Хіба ты, падросшы, дзетка,
Будзеш бацькі свайго сьведкай.

МАЛАДАЯ

уходзячы з маладым, горка ўсьміхаючыся

А цяпер вясельле справім.

МАЛАДЫ

таксама

Ежай, водкай стол заставім.

Садзяцца на старане, абняўшыся, сумныя.

СВАТ

за ім уваходзіць музыка і дружына

Прыстаў з стражнікамі едзе,
Затрымаўся толькі недзе.

МУЗЫКА і ДРУЖЫНА

разам

Кажуць, едзе на дазнаньне.

СТАРЫ

панура

Як згарэла ўсё да-званьня!

ПАДРОСТАК

са скрыпкай, разглядаючы ўсіх

Ну, цяпер-то ўжо вясельле
Не такое, як мы мелі

Са сваёю маладухай.
Рэзнуць можа ім ад вуха.

Строіць скрыпку.

МУЗЫКА

усхапіўшыся

Ты дзе скрыпку ўзяў, псяюха?

Уваходзіць прыстаў, два стражнікі і куча пагарэльцаў за імі. Усе ўстаюць, сядзіць толькі сьляпая, падростак і Сам.

ПРЫСТАЎ

Что, друзья моі — нешчасьце?

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ

Так, так, барынька, прапасьці
Ні за грош усім нам трэба.

ПРЫСТАЎ

Ну, ну! ласкаў гасподзь з неба.

Цяпер толькі, мае брацьці,
Ў пратакол усё сьпісаці —

Як і што — я мушу тутка.

ВОЙЧЫМ МАЛАДОГА

Гэта пойдзе, барын, хутка.

ПРЫСТАЎ

садзячыся на падстаўленай яму лаўцы і дастаючы торбу з паперамі

Ну, кажэце, як было ўсё.

МАЧЫХА МАЛАДОЙ

Так пайшло, як пачалося…

СОЦКІ

Што-ж, пішэце: ўсё згарэла,
Толькі воласьць ацалела!

Двор памог уратаваці.

ПРЫСТАЎ

запісваючы

А з людзей?

ГОЛАС З ГРАМАДЫ

Дзіцё ў хаце,
Ну і мужа кабяціны

паказваючы на вар‘ятку.

Гэтай сьпёк агонь.

ПРЫСТАЎ

Прычына?

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ

Падпаліў во гэты злодзей.

МАЧЫХА МАЛАДОЙ

Каб яму дна…

ПРЫСТАЎ

Годзе, годзе!

ВОЙЧЫМ МАЛАДОГА

Ўжо пад воласьць…

ПРЫСТАЎ

Як завецца?

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ

Сам.

ПРЫСТАЎ

Пакуль што разьбярэцца,
Трэба ўзяць яго пад стражу.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ

Няхай добра суд накажа!

ПРЫСТАЎ

Дзе бацькі?

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ

Ў такога зьвера…

ПРЫСТАЎ

Ё ў мяне для іх папера,

СТАРЫ і СТАРАЯ

падыходзячы к прыставу

Гэта, барынька, мы будзем.

ПРЫСТАЎ

Вота-ж тут стаіць вам, людзі:

Даў на вашае прашэньне
Губарнатар разрашэньне

І праезд дзяшовы тожа:
Ў хадакі ісьці сын можа

Выбіраць зямлю ў Сібіры.

СТАРЫ і СТАРАЯ

Дзякуй, барынька вам шчыра.

ПРЫСТАЎ

складаючы торбу

А цяпер, бывайце жывы!

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ

І вам, барынька, шчасьліва!

ПРЫСТАЎ

да стражніка, паказваючы на Сама

Забіраць яго з сабою!

Стражнікі ўсьцягваюць Сама за рукі з зямлі.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ

насьмешліва гледзячы, як Сам, устаючы, хістаецца

Бач, на ножаньках ня ўстоіць.

САМ

стогнучы балесна

Ратаваці бег з папару
Усіх чыста ад пажару…

Вядуць яго ўлева, за ім з-заду прыстаў і пагарэльцы. Астаюцца: уся вясельная дружына, войчым, мачыха, старыя, іх нявестка, падростак, вар‘ятка і сьляпая. Садзяцца: на зямлі — малады з маладой, абняўшыся; ля іх непадалёку сват, маршалак, закосьнік, дружкі, музыка, войчым і мачыха; стары — на лаве, зьвесіўшы галаву над сталом. Усе хмурыя, сумныя, некаторыя заплакаўшыся. Гул ад пажару заціх, толькі вецер шалясьціць абтлеўшым лісьцём йрушы.

СТАРАЯ

валяючыся на зямлі, як падкошаная, усьлед выводжанаму Саму

Сына роднага забралі!

НЯВЕСТКА

супакойвае заплаканае дзіцянё

Над дзіцём ня мелі жалю.

СЬЛЯПАЯ

сама да сябе

Што тут творацца за дзівы!
Божа ты мой літасьцівы.

Стогнуць, плачуць і рагочуць,
Што ім трэба, чаго хочуць?

СТАРАЦ

вышаў незаметна і стаў ля грушы, як стуль забіралі Сама. Увесь абвешаны пажабрачаму торбамі: стаіць, апёршыся абедзьвюма рукамі на кій. Загаварыў глуха, панура, і тады толькі зьвярнуў на сябе ўвагу.

З грудзей вырві сваё сэрца, —
Зіму, лета сушы ў печы;

А як высахне, смалою
Зьлі жывою сэрца тое, —

Падпалі тады лучынкай,
Каб гарэла бяз упынку,

Як пажар гарэў сягоньня, —
І ідзі ў сьвет, як з паходняй:

Праўды йдзі так з ім шукаці…
Ты ня знойдзеш.

ДЗЯЎЧЫНКА і ХЛОПЧЫК

выбягаючы і чапляючыся за вар‘ятку, каторая ўсё снуе то сюды, то туды з галавешкай у руках і вянком на галаве

Маці, маці!

Дзе наш тата, дзе наш тата!

ВАР‘ЯТКА

Вон, ягнята, вон, шчанята!

ПАДРОСТАК

сядзіць паводаль на зямлі і пачынае іграць, паглядаючы на музыку

Былі ў бацькі тры сыны…

Паволі апускаецца

ЗАСЛОНА

Абраз IV

правіць

IV

У ШЫНКОЎНІ

Ноч. Зімой. Шынок ў канцы горада; з левага боку дзьверы; каля сьцен расстаўлена восем столікаў; на сьценах вісіць колькі лубачных малюнкаў; у кутку з левага боку вісіць абраз — перад ім цепліцца лямпа з алівай; па правым баку буфэт і паліцы з бутэлькамі, за буфэтам — шынкар; пасярод карчмы, пад сталяваньнем, зачэплена вялікая лямпа; падлога ўся ў гразі і мокрая. Спачатку нікога няма, апрача шынкара і чатырох дзяўчын для паслу, пасьля пачынаюць зыходзіцца госьці, выгляд маюць усе яны ўбогі, прыбіты, няшчасны. Ад трэцяга абразу прайшло колькі часу.

ШЫНКАР

Гасьцей, як вымела мятлою,
Хоць і мароз такі сярдзіты.
Бывала, гэткаю парою
Шынок увесь бітком набіты;

Таргоўля йдзе — аж глянуць люба —
Поўкварты, кварты, дзе там соткі!
Цяпер-жа ўсё ідзе на згубу —
Гніе закуска, сохне водка.

А ўсё, ўважаю, вы прычынай;
Гасьцей ня бавіце дарэчы;
Што ўперад вас былі дзяўчыны,
Пры тых ня знаў такой пустэчы.

1-я ДЗЯЎЧЫНА

Э! Ваша толькі наракаеш.

2-я ДЗЯЎЧЫНА

Забыўся, колькі было ўчора.

3-я ДЗЯЎЧЫНА

Яшчэ сягоньня прычакаеш,
Хай толькі добра сьцюжа змора.

4-я ДЗЯЎЧЫНА

хмура

Як мухаў рой на мухаморы,
Зьбягуцца, фляшкамі зазвоняць;
Пакуль ахвоту ўсю спагоняць,
Пасуду высушаць бяз гора,
Табе кішэнь, як бач, напоўняць.

Чуваць топат на ганку.

ДЗЯЎЧЫНЫ

разам

А вось і госьць! Ці-ж не казалі?

Уваходзяць двое.

1-шы

Што за мароз пячэ сягоньня!
Як прыскам вочы проста смаліць.

2-гі

Ў казіны рог усіх загоне.

Садзяцца ля першага століка з левага боку.

1-шы

А ну, дзяўчынкі, ці кабеты,
Хай там шынкар чаго падсуча.

2-гі

А крэпкай так, як мароз гэты;
А як агонь — такой пякучай,

1-я ДЗЯЎЧЫНА

бярэ з буфэту дзьве чаркі, поўквартоўку, на каторую ўскладае на шыйку тры абаранкі і падае гасьцём

Няхай-жа добра вас падсмажа.

Уваходзяць двое.

1-шы

Што за пракляты сівер смажа,
Аж косьці ў крук, як шчэпкі, верце!

2-гі

Як воўк авечак, бярэ ў лапы.

Садзяцца ля другога століка.

1-шы

Што-ж! Дайце нам таей сусьветнай,
А толькі добра там адмерце.

2-гі

Каб аж Люцыпар у праметнай
Разьвесіў, дзіўлячыся, ляпу.

2-я ДЗЯЎЧЫНА

падаючы гарэлку, як 1-я

І ў пекле лепшай не дастаці.

Уваходзяць двое.

1-шы

Гняце і давіць да зарэзу…
Душу у целе ня стрымаці.

2-гі

Не акуе так і жалеза.

Садзяцца ля трэцяга століка.

1-шы

Няхай-жа, ваша, там удружа, —
Шынкар хай толькі знае дзела.

2-гі

Каб аж трашчэлі сковы сьцюжы
І ўсё, ў нутры што накіпела.

3-я ДЗЯЎЧЫНА

падаючы таксама, як 1-я

Ня знаю што — а трашчэць будзе.

Уваходзяць двое.

1-шы

Прост лёдам кроў сьцялася ў жылах,
Зьледавацелі цэглай грудзі.

2-гі

Пячэ, як жаб агнём на вілах.

Садзяцца ля чацьвертага століка.

1-шы

Падай там нам! А каб хапіла,
Аж сівер каб ня змог, як трутняў.

2-гі

Каб так нутро ўсё растапіла,
Як топяць шкло у печы гутняй.

4-я ДЗЯЎЧЫНА

падаючы, як і 1-я

Хоць пад свой дом з такім падпалам.

Уваходзяць двое.

1-шы

Абвіўся гадзінай халоднай,
Упіўся ў шыю, як жыгалам.

2-гі

Як ястраб птушку рве галодны.

Садзяцца за пяты столік.

1-шы

Гэй, гэй! жывей на стол прынаду —
Зальлем атрутаю атруту.

2-гі

А каб мацней была ад яду, —
Як сьмерць сама — так зьвіўнай, крутай.

1-я ДЗЯЎЧЫНА

стаўляючы гарэлку

Кагось ці штось, але атруціць.

Уваходзяць двое.

1-шы

Як пяруном страляе ў сьцены,
Кладзе нябожчыкаў ў бяспуцьці.

2-гі

Людзей зьядае, як конь сена.

Садзяцца за шосты столік.

1-шы

Таей, што льлецца зьменнай хваляй,
Ў шалёным высьвенцанай зельлі.

2-гі

Каб аж нябожчыкі ўставалі,
Каб аж крыжы з магіл запелі.

2-я ДЗЯЎЧЫНА

падаючы гарэлку

Хтось запяе, хоць мо‘ ня ўстане.

Уваходзіць Сам — адзін.

САМ

На небе сонца зьледаваціў,
Імглою зоры ўсе загаціў,
Зямлю патрэскаў на кургане.

Садзіцца за сёмы столік.

Ня будзьце-ж толькі скупы ў мерцы, —
А крэпкай так, як кроў жывая;
Каб так паліла ў цэлым сэрцы,
Як хата родная палае.

3-я ДЗЯЎЧЫНА

падаючы гарэлку

Крапчэй, як вар сьлязы сірочай,
А вагнісьцей, як крыўды вочы.

У шынку ўсільваецца гоман; дзяўчаты ўвіваюцца, падаючы гасьцём то гарэлку, то піва.

ПРЫ 1-м СТОЛІКУ

1-шы

да 2-га

Пі! Што глядзіш, як-бы нясьмела?
Пі, каб аж сэрца скрыгатала!
Каб аж душа, як дым, курэла
І дымам вочы засьцілала.

2-гі

падымаючы з 1-м чаркі

За згубу лепшай, сьветлай долі,
За працьвітаньне чорных хвіляў,
За тых усіх, што мяне гналі,
Пакуль аж тут не утапілі!

ПРЫ 2-м СТОЛІКУ

1-шы

да 2-га

Сам галавы сваёй ня вешай:
Табе яе другі павесе…
Ці, каб аж процьму ўсю усьцешыў,
І ў гэтай сам струпеў пацесе.

2-гі

падымаючы чарку

За тыя плецены прылады, —
За тых, што точанаю сталяй
Былі ва ўсіх пуцях завадай,
Пакуль аж тут не прыкавалі!

ПРЫ 3-м СТОЛІКУ

1-шы

да 2-га

Што гнеш свой карк, як вол у плузе,
Зямлю капаючы нарогам?
Пі, як канюх расу на лузе, —
Ярмо ты знойдзеш за парогам.

2-гі

бяручы чарку

За тыя пухавы пасьцелі,
За торпы, стогі аж пад неба, —
За тых усіх, што хлеб мой елі,
Пакуль мне тут ня далі хлеба!

ПРЫ 4-м СТОЛІКУ

1-шы

да 2-га

Што круціш сумна галавою,
Як касьцяломнаю машынай?
Пі, каб аж трэсла ўсім табою,
Як трасе вецер павуцінай.

2-гі

падымаючы чарку

За тую комінную сажу,
За сьвіст гудкоў, за дым крывавы, —
За тых усіх, хто мяне пражыў,
Пакуль гарэць тут не заставіў!

ПРЫ 5-м СТОЛІКУ

1-шы

да 2-га

Што сеў, як мокрая варона?
Пі, як кроў смокчуць з тваіх косьцяў!
Заліся гараю шалёнай,
Каб аж тапелец пазайздросьціў.

2-гі

падымаючы чарку

За тыя дзікія напасьці,
За нашу брацкую нязгоду,
За тых, што сьлед закрылі к шчасьцю,
А паказалі сюды ходы!

ПРЫ 6-м СТОЛІКУ

1-шы

да 2-га

Не закладай рук, як-бы ўсыпаў
У печ апошняе з аруда.
Пі, аж каб вылецелі скрыпы
З грудзей тваіх, як з кол па грудах.

2-гі

бяручы з першым чарку

За тыя збэшчаныя сілы,
Што самі, чэзнучы ў пракляцьці,
Усе з нас высматкалі жылы,
І сюды звабілі смактаці!

Уваходзяць тры дзяўчыны.

1-я

Пусьціў на вуліцу уперад.

2-я

Людзкое ўсё зьдзёр, апаганіў.

1-я

Цяпер сюды прэ, як у нерат.

3-я

На славы, долі патаптаньне.

Разыходзяцца і прысядаюць к гасьцём.

1-я

падсаджваючыся к Саму

Ты што адзін так, небарака,
І чаркі, бачу, не чапаеш?
Са мною выпі, як са ўсякай,
І думай, што з дачкой гуляеш.

САМ

падымаючы з дзяўчынай чарку

За тых, хто родны край зьніштожыў
І і к цемрам вечным кладкі мосьціць.
За тых…

ШЫНКАР

перапыняючы Сама

А што на сьвеце божым
Чутно цікавенькага, госьці?

ПРЫ 1-м СТОЛІКУ

1-шы

Што-ж? Народ грэецца, як можа:
Агонь раскладвае усюды.

2-гі

З кастры сплясьнеўшай і саломы…
І то ўсё грэюцца прыблуды.

ПРЫ 2-м СТОЛІКУ

1-шы

Масты старыя йдуць на зломы,
Старыя стаў паліць руіны.

2-гі

Не збудаваўшы сабе новых —
Мець будзе духу, як з націны.

ПРЫ 3-м СТОЛІКУ

1-шы

Ўжо тлеюць вогнішчы у ровах,
Пяройдуць скора і на горы.

2-гі

Пачаў падпал разводзіць зьнізу,
Каб сам прапасьць лепш мог у норах.

ПРЫ 4-м СТОЛІКУ

1-шы

Стаў класьці ўжо на вокны маты,
Ў куты кладзе абноскі рызаў.

2-гі

К вокнам прыладжывае латы,
А дзьверы насьцеж раскрывае.

ПРЫ 5-м СТОЛІКУ

1-шы

А ўсё-ж, і ў горадзе і то ўжо
Агонь на вуліцах палае.

2-гі

І гінуць самі ў ім, як смоўжы,
Нагой сьляпою растаптаны.

ПРЫ 6-м СТОЛІКУ

1-шы

Але ахвота змагаць сьцюжу
Усіх з пасьцелі прэ ад рана.

2-гі

Ахвотай і надзеяй дужы,
На дзеле-ж слабшыя ад мужаў.

САМ

Замала сівер яшчэ хухаў,
Замала пёк рабоў пакорных;
А ў думах выхаваны зморных,
Ня знаюць, дзе пячэ, дзе студзіць

МНІШКА

увайшла з двара і, адбіўшы паклон у бок абраза, абходзіць столікі

На манастыр і на храм божы…

З 1-га СТОЛІКА

З-пад храмаў лепш ідзі у людзі
Палоці грады, жаці збожжа.

З 2-га СТОЛІКА

Лепш лён ідзі часаць і прасьці,
Для голых шый лепш кашулёны.

З 3-га СТОЛІКА

Нясла-ж ты помач у няшчасьці
Ў свае радзімыя староны?

З 4-га СТОЛІКА

У муры чымся зашывацца,
Ідзі лепш к працы на прасторы.

З 5-га СТОЛІКА

Ня мур павінен храмам звацца,
А цэлы сьвет — зямелька, зоры.

З 6-га СТОЛІКА

Дзяцей ідзі лепш гадаваці,
На бітву будучую сілы.

САМ

Йдзі сонца ўсходу выглядаці
Над сваіх прадзедаў магілай.

Уваходзіць фокусьнік; мнішка з нічым выходзіць.

ФОКУСЬНІК

дастаючы з-пад палы паперыну, зложаную гармонікам. і кланяючыся гасьцям

З вашай ласкі, сызваленьня
Даць хачу вам прадстаўленьне,

Каб вас лепш ахвота брала,
Лепш шынкоўня таргавала.

Паказваючы.

Вось кусочак вам паперы —
І ня белы, і ня шэры —

Ў сабе мае моц такую, —
Што захочаце, збудую:

Перш, во хата, як ёсьць, хата,
Каля хаты — плот, як крата;

Мужычок сядзіць у хаце
І пляце сабе сам лапці.

А вось хорам, як ёсьць, дворны —
Пабяляны і прасторны;

Хтось ля ганку стаў бяз шапкі
І цалуе пана ў лапкі.

Гэта фабрыка ўжо будзе, —
Вось закураны ў ёй людзі;

Ў неба з коміна дым валіць.
Як-бы душ там гатавалі.

Во — шынкоўня, як і наша,
Так галубіць, як і страша;

Шынкарочак за буфэтам:
Рад гасьцём зімой і летам.

Суд — будынак значыць гэты, —
Кругом вострыя штахэты:

Засядаюць у ім судзьдзі —
Брушкі тоўсты, ў бляхах грудзі.

А во! гэты мур цагляны
Нашым братам збудаваны:

Ў вокнах краты, тоўсты сьцены…
Ну — астрог — наш хлеб штодзенны.

Тут сібірскія абшары:
Поле пусткай, неба — ў хмарах;

Сьцюжа, лес сапуць пакутай,
Як-бы звоны вечных путаў.

Тутка — могілкі шарамі
Між лазовымі кустамі,

Толькі крыжу штось ня відна…
Знаць, яму тут стала стыдна.

А вось сельская зноў хата.
Каля хаты плот, як крата:

Мужычок сядзіць у хаце
І пляце сабе сам лапці.

Далей — тое ўсё, як казка…
А за працу мне што ласка:

З гурту — нітачка, другая,
А ўжо голы пятлю мае.

Абыходзячы гасьцей з шапкай.

Будаваў без інжынэра,
Бяз людзей і без сякеры.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ

кідаючы медзякі ў шапку, пасьля чаго фокусьнік выходзіць з шынкоўні.

Што-ж? ня дрэнныя паперы.

Па выхадзе фокусьніка Сам пачынае нехаця званіць пальцамі па леры. Усе зьвяртаюць на яго ўвагу.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ

А, лернік! Што там шэпчаш звонам?!
Грымні, каб чутна ўсім было нам.

САМ

кладучы леру на каленях

Канечна, мае голас лера,
Бы толькі слухалі вы шчыра.

Грае, монотонна напяваючы.

Ходзіць сьцежкай-пуцявінай
Ад хаціны да хаціны

Лернік з лерай звонка-струннай,
Паглядаючы ў сьвет сумна.

Сонца потам палівае,
Ноч жудою спавівае,

Вецер сьвітку рве і шчыпле,
Сьнег у вочы смольлю сыпле.

Сыпле ў вочы, як пасеі,
Бараду яго разьвеяў

На старонкі на абедзьве —
Ён пляцецца ледзьве-ледзьве.

Плечы горб гняце пахіла,
Грудзі ўпалі, як магіла,

Чуць-чуць ходзяць ходам ногі
На дарогу, то з дарогі.

Ёмка ўжо трасуцца рукі:
Многа мелі, знаць, дакукі;

Толькі голас знае дзела —
Дабываюць грудзі сьмела.

Чуць ідзе, а звоніць з лерай
На старонкі на чатыры

І старой і новай песьняй
Так магуча, так балесьня.

А калі-ж к нам зьмілаваньне
З дальняй далі прыдзе, гляне?

Лад-парадак пазаводзіць,
Думкі песьняй асалодзіць?

А калі-ж к нам рыцар важны
Прыплыве Дунаем з княжнай?

Нас падыме, заахвоціць
К лепшай славе і рабоце?

А калі-ж к нам прыдуць весьці,
Што пара усім засесьці

На пачэсным на пасадзе
Ў роднай долі, ў роднай радзе?

А калі-ж мы загуляем
За вялікім караваем,

Закалышымся каронай
Ля дубровы ля зялёнай?

А калі-ж наклеплем косы
На чырвоныя на росы,

Што палеткі сушаць нашы, —
Хлеб людзям, а коням пашу?

А калі-ж пясьняр вялікі
Нашай песьняй пусьціць клікі

І гарой і даліною,
Дрогне небам і зямлёю?

А калі ўсё гэта будзе?
Дзе схавана, дзе марудзіць?

Ходам ходзіць — ня прыходзіць,
А здаецца клічам годзіць…

Клічам каняй на пагоду
Ад усходу да заходу,

Молім, сеем рэчкай сьлёз
Ад марозаў да марозаў;

І нічога, а ўсё толькі
Паганяюць больку болькі,

Са старонкі левай, беднай
Маладзік страчаем бледны.

Ждуць пасеву горы, долы,
Нашы нівы, нашы сёлы,

Няма-ж месца ад залома
Ані ў полі, ані дома,

Пакрывіла сьцюжа хаты,
Пазьмятала стрэх з латаў —

Пазьмятала, ня спытала,
Ў чыстым полі пахавала.

З-пад глухога неба хмары
Кветкі губяць на папары,

Бор хістаюць векавечны,
Дуб кладуць далоў няўсечны.

Ўсё палошчаць і дрыгочуць;
Хоць-бы йшлі ўжо — йсьці ня хочуць.

Хто прагоніць, хто ўбароне,
Крыжам ляжа на загоне?

За гарамі, за даламі
Дрэмле сонца наша з намі;

Ночка ходзіць, не адходзіць
І сьляпой савой заводзіць.

Ад далёкіх, блізкіх ветраў
На жывых напала нетра,

На забранай сенажаці
Стогнуць дзеці, плача маці.

Ані знаку агняцьветаў,
Праўды-маткі ня шлюць сьвету

Жыватворнаю крыніцай
Ад граніцы да граніцы.

Лернік-Лазар ходзіць, плача,
І ніхто яго ня бача.

Ня прыходзіць зьмілаваньне
З важнай весьцю ў добрым стане.

Усе мімавольна паўтараюць апошнія дзьве звароткі пад такт песьні Сама. Пачынаецца напяваньне бяз слоў, каторае паволі ўсільваецца ў нейкую жудка сумную прыдаўленую мэлёдыю, становіцца штораз ясьней з чутнымі выразна словамі. Маўчыць толькі шынкар.

…Вырвалі шчасьце, вырвалі вочы,
Думы паганяць няславай;

Сьцежкі заслалі цемраю вочы,
Рыюць у процьму канавы.

Тутка мы п‘яны, ах п‘яны
Вечным пракляцьцем сваім:
Гоючы вечныя раны,
Новыя раны тварым.

Вышэй, ці ніжэй — цемра-пацёмкі:
Ўсходу паходні ня знаці.
Продкі — ў магіле, ў путах — патомкі,
З намі, прад намі — бясхацьце.

Тут п‘яны мы, як сьляпыя,
Сьлёзы з атрутаю п‘ём,
Помнячы петлі старыя,
Новыя путы куём.

*

Зьвязаны рукі, душы ў балоце,
Зьверства спраўляе каляды;
Сьвіст гругановы целам калоце,
Гадзіны сыкаюць здрадай…

Тутка мы п‘ём, не марудзім,
Вечнай адданы кляцьбе:
Даўных праступкаў забудзем,
К новым пад‘юдзім сябе.

*

Хто лепш ярмом нас здавіць, прыцісьне —
Б‘ем таму ніжай паклоны,
І ненавідзім так бескарысьне,
Як бескарысны ўсе нашы плёны.

Тутка мы п‘яны, ах п‘яны…
Як сэрца ядам зьмяі.
Тут, там нам праўда ня знана —
Хто мы: зьвярмі, ці людзьмі?

Уваходзіць малады стражнік; шынкар паказвае яму месца пры 6-м апошнім століку каля самага буфэту. Песьня ізноў пераходзіць ў нямы — бяз слоў — гул. Скора за стражнікам уваходзяць два музыкі — адзін са скрыпкай, другі — з гармонікам; як увайшлі, усе перасталі пець.

КОЛЬКІ ГАСЬЦЕЙ

разам

Ціха! ўжо прышлі музыкі.

Музыкі садзяцца па левай старане ля дзьвярэй і зводзяць скрыпку з гармонікам.

З 1-ГА СТОЛІКА

Як добра, што шынкар паклікаў…
Зайграйце, толькі-ж не фальшыва —
Як судзьдзі, купленыя медзьдзю.

З 2-га СТОЛІКА

Няхай маланкай смык паедзе
А так сьвістуча, так ігрыва,
Як куля, пушчаная ў птушку.

З 3-га СТОЛІКА

Як аплявухі, рэжце звонам;
Гудзі гармошкай, як кадушкай,
Як бізуном гудзе аконам.

З 4-га СТОЛІКА

Скрыпнеце й скрыпкай і гармошкай,
А так піскуча, так прымерне,
Як тыя ў фабрыках шасьцерні.

З 5-га СТОЛІКА

Зьвінеце, йграйце п‘яна-звонка,
Як шклянкі гэтыя і фляжкі,
Каб аж забегалі мурашкі.

З 6-га СТОЛІКА

Зьвінеце, як ноч гэта звоніць, —
Як на змазоленай далоні
Зьвініць апошняя капейка.

САМ

Я чуў, шмат лет таму жалейку.

Музыкі, глушачы далейшыя словы Сама, пачынаюць іграць „Ой-ра, ой-ра“; некаторыя з гасьцей выкручваюць п‘яна ў тахт ігры за столікамі нагамі. Усе гамоняць і ў нос падпяваюць музыкам.

САМ

Як музыкі перарвалі ігру
А каб цяпер — „Волны Дунаю“…
Дунай я часта ўспамінаю.

Граюць „Волны Дунаю“; усё ім падцягваюць; пасьля — як падніманыя з месца невядомай сілай — пачынаюць у пары з дзяўчынай круціцца; выгляд кожная пара мае не натуральны — поўдзікі, пануры, рэшта — па адным пры кожным століку — сядзяць і глуха падпяваюць музыкам. Сам так-жа круціцца; стражнік сядзіць. Па колькі мінутах адчыняюцца ў шынку дзьверы і два мужчыны ўцягваюць замёрзшую скасьцянеўшую кабету; усе, не дагледзіўшы гэтага, час нейкі яшчэ круцяцца.

ШЫНКАР

так-жа не заўважыўшы спачатку

Што гэта? Што? Сьвяты бог з вамі!
Скуль вы з такою падарожнай?

1-шы МУЖЧЫНА

Музыка і гульня ціхне

Замерзла тутка пад вакнамі,
Яшчэ к жыцьцю вярнуці можна.

2-гі МУЖЧЫНА

Мы йшлі сюды шукаць начлегу —
Глядзім — ляжыць, як корч кабета.

ШЫНКАР

Нясеце сьнегу! Жывей сьнегу!
Сьнег памагае ў разох гэтых.

НЕХТА З ГАСЬЦЕЙ

Так, як нябожчыку палонка.

Усе абступаюцца каля замёрзшай і ўглядаюцца.

СТРАЖНІК

адскакваючы, як-бы спужаўшыся

Моя мамаша…

САМ

валячыся на калені над замёрзшай

Моя жонка…

ЗАСЛОНА