Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/II/Дунулі сіверы…

Ўсюды лета… Дунулі сіверы…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
У вырай
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дунулі сіверы…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДУНУЛІ СІВЕРЫ

Дунулі сіверы з поўначы,
Кроў касьцянела у жылах;
Людзі, благаючы помачы,
Шлі за німашто ў магілы.

Выскачыў вецер палудзенны,
З ім — і вясеньнія шумы;
Дрогнулі сэрцы разбуджаны,
Ўдарылі ў сьветлыя думы.

Міла цяпло расплываецца,
Лёгка жывёліне ўсякай,
Зеленьню нівы ўсьміхаюцца,
Хмараў на небе ні знаку.

Шаты паўсюды нядзельныя,
Ў песьнях вялікдзень чуваці,
Згінула доля бясцэльная,
Сонца над хатай і ў хаце.

Думалі душы — ўжо вольныя —
Дні ўсешчасьлівасьці блізка,
Дый знаць гаротным бяздольнае
Суджана з роду, з калыскі.

Дунулі сіверы з поўначы,
Кроў касьцянее у жылах,
Людзі, благаючы помачы,
Сходзяць бясчасна ў магілы.

7-XII—09 г.