Каб жыць, сьпяваць і не старэць… (1931)/Мы помнім…/Поэтам-комсамольцам…

За словы п‘янае трызьні… Поэтам-комсамольцам…
Верш
Аўтар: Юлі Таўбін
1931 год
Вершы пра помсту…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПОЭТАМ-КОМСАМОЛЬЦАМ

Памяці расстраляных белагвардзейцамі украінскіх поэтаў-комсамольцаў.

Была ціхакрылая ноч…
Маўчалі стамлёныя ветры…
Ля нізкіх, старых курганоў
Схіляліся сосны прыветна…

Ішлі яны трое ўначы,
Быў кожны з іх песьняй сагрэты…
Ішлі яны — трое ўначы,
Былі яны трое — поэты…

І чуліся песьні ўва ўсім —
Ў стэпох, кавылёх і бярозках…
І ціха разьвейваўся дым
Запаленых трох папяросак.

Надзеі і мары і ўздым
І шчасныя хвалі сяброўства…
Што лепей, як жыць маладым,
З напевам вясёлым і простым.

…Была ціхакрылая ноч,
І ветры, хлусьлівыя ветры.
А вораг вужакай падпоўз,
Падкраўся, як ноч няпрыкметна,

Спынілі… траіх павялі…
Быў кожны з іх сэрцам сагрэты…
І бачылі, чулі палі
Расстрэл комсамольскіх поэтаў.


∗     ∗

Зьвяры!
Катаваньнем ня нас
Прымусіць забыцца на зброю, —
Мы помнім,
Шануем шточас
Сваіх комсамольскіх-герояў.

Балючыя скаргі душы,
Жальба па братох і настроях…
Ня можна нічым задушыць
Натхнённае і маладое!

І мы,
Што жывем і расьцем
У эру вялікіх прадвесень,
Даем абяцаньне — сьпяем
Канцы недатканых поэм,
Канцы недапісаных песень.

О, песьня!..
Грымотай гучы!
І ў нас табой сэрцы сагрэты…
… Ішлі яны трое ўначы
Былі яны трое — поэты.

1929