Кляновыя завеі (1927)/Ліст да дзяўчыны

Па-за вокнамі круціць мяцеліца… Ліст да дзяўчыны
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1927 год
Раджаўся дзень…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ліст да дзяўчыны (Кляшторны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛІСТ ДА ДЗЯЎЧЫНЫ

Звалілася сьляза на чыстую паперу,
А думкі кружацца як тысячы лістоў…
...........
Патоптаных дарог ужо ня мерыць
Не заплятаць расплеценых вянкоў.

Усё мяняецца, —
Усё ў жыцьцёвых хвалях.
Ляціць у нябыцьцё згубіўшы павады.
Зачым я сэрца кволае параніў, —
Калі любоў закрэсьлілі гады.

Цябе я ня люблю…
Ніколі ня бывае
Каб дважды мералі жыцьцёвыя пуці.
Я новыя зарніцы сустракаю
Ды толькі шчырасьці мінулай не найці…
...........
Жыцьцёвы спад меняецца прыбоем.
А па далёкаму далёкі перазвон…
Ў душы-нашоў я месца для другое, —
Акорды сьвежыя у пералівах дзён.

Зіялі зорамі, то крыліся туманам
Нямыя далечы нязьведаных шляхоў.
Я па другой нашоў другія раны,
Ды толькі шчырасьці ўчарашняй не нашоў

Кругом сьнягі і мёрзлыя шыпшыны
Кругом балоціцца атручаная муць
Ня вінавачу я
Няшчырую дзяўчыну,
Калі за грошы шчырасьць прадаюць.

Мне не шкада, што сэрца пакалечыў —
Узьбіў душу на стынучую квець;
На сечы быць, і выйці з поля сечы
Ня тое што прыці на сеч.

Усё меняецца, —
Усё ў жыцьцёвых хвалях
Ляціць у нябыцьцё, згубіўшы павады.
Зачым я сэрца чулае параніў,
Калі любоў закрэсьлілі гады…
...........

Мінае сум…
Я рашчыняю дзьверы
Па-за плятні нязьведаных шляхоў…
А ноч бялёсая, нібыта на паперы
Скрыпіць марозамі на аркушах сьнягоў.

І хочацца сказаць:
Жыцьцёвыя крыніцы
Ну хто, — ну хто сьлязамі ня муціў?!
Хто ня зьбіраў срабрыстыя зарніцы
На пустырах завеяных пуцін?!.

Але ў марозах сэрца не астыне,
Калі вясною вее з-за гаёў…
Мы ўсе нясём,
Нясём сваёй краіне
У падарунак сілы і любоў.

І мы парознаму, з табою, дарагая
Прыносім дані сонечным гадам,
АЛе ідзём адзінымі шляхамі,
Адзінай сьцежкаю к вялікім маякам…