Сяджу адзін… сягоньня я адзін…
Мярцьвеюць мокрыя за вокнамі пацёмкі.
У сэрцы тысячы абшчыпаных асін,
А думкі блудныя дэпешы бяз пуцёўкі…
Сяджу адзін… сягоньня я адзін.
Лісты, лісты! кляновыя лісты
Учора золатам дарогу спавівалі,
У карэце мар скакалі я і ты.
Сівыя ветры ў просінь раздувалі
Лісты пажоўклыя, кляновыя лісты.
І вяне слоў няскончаны вянок…
Нямая ноч рассыпала пацёмкі,
Любімы клён за брамаю абмок,
Пранеслась ты дэпешай бяз пуцёўкі,
І вяне слоў няскончаны вянок,
Шумяць лісты… кляновыя лісты…
Сівы туман павесіўся на тыне.
І хочацца так мне —
Заплакаць ў гэту стынь,
І на жыцьцёвай выцьвіўшай даліне
Губляць лісты, кляновыя лісты.
Сяджу адзін… сягоньня я адзін…
Мярцьвеюць мокрыя за вокнамі пацёмкі…
У сэрцы тысячы абшчыпаных асін,
А думкі блудныя дэпешы бяз пуцёўкі.
Сяджу адзін… сягоньня я адзін…
|