Раздзел LXXXVII Коннік без галавы. Раздзел LXXXVIII
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел LXXXIX

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел LXXXIII

МІМАВОЛЬНАЯ СВЕДКА

Перш чым манатонны выклік быў сказаны тры разы, Луіза Пойндэкстэр ужо спусцілася на падножку карэты.

Смела, без ценю страху, стала яна перад тварам суддзі.

— Дзе вы былі, міс Пойндэкстэр, у ноч знікнення вашага брата? — пытаецца ў дзяўчыны абвінавайца.

— Дома, у гасіендзе майго бацькі.

— А ў сад вы спускаліся?

— Так, я была ў садзе.

— Будзьце ласкавы, скажыце гадзіну.

— У паўноч, я гэта добра памятаю.

— Адна?

— Не, не ўвесь час.

— Значыць, частку часу хтосьці быў з вамі?

— Так.

— Хто-ж гэта быў?

— Са мною быў мой брат.

— Але да прыходу вашага брата ці быў яшчэ хто-небудзь з вамі ў садзе?

— Так.

— Мы хочам пачуць яго імя. Спадзяюся, вы не будзеце ўтойваць гэтага?

— Гэта быў містэр Морыс Джэральд.

Гэты адказ выклікаў у натоўпе не толькі здзіўленне, але пагарду і нават абурэнне.

У вачах-жа абвінавачваемага засвяцілася ўрачыстая радасць.

— Дазвольце ў вас запытацца: была гэта сустрэча выпадковай ці загадзя ўмоўленай?

— Яна была ўмоўленай.

— Мне давядзецца задаць вам няскромнае пытанне. Даруйце мне, міс Пойндэкстэр, справа патрабуе гэтага. Які быў характар або, лепш сказаць, мэта вашай сустрэчы?

Луіза была ў нерашучасці, але толькі адзін момант. Выпрастаўшыся і нявымушана зірнуўшы на акружаючых, яна адказала:

— Характар або мэта — гэта ўрэшце адно і тое самае. Я не збіраюся нічога ўтойваць. Я вышла ў сад, каб сустрэцца з любімым чалавекам, якога я кахаю да гэтага часу, не гледзячы на тое, што ён стаіць тут перад вамі як злачынца. Цяпер, сэр, я спадзяюся, вы задаволены?

— Не, гэта яшчэ не ўсё, — прадаўжаў допыт абвінавайца, не звяртаючы ўвагі на нараканне, якое праляцела па натоўпе. — Мне трэба задаць вам яшчэ адно пытанне, міс Пойндэкстэр! Вы чулі, што гаварыў сведка, які выступаў да вас? Ці праўда, што ваш брат расстаўся ў сварцы з абвінавачваемым?

— Правільна.

Натоўп з абурэннем бушуе. Адказ сцвярджае паказанні Кольхауна. Пабуджэнні да забойства цяпер ясныя. Чуваць выкрыкі: «Павесіць, павесіць яго!»

— Я заклікаю да парадку! — крычыць суддзя, вымаючы сігару.

— Мой брат дараваў містэру Джэральду, — з пачуццём злосці прадаўжала Луіза Пойндэкстэр, не чакаючы пытанняў. — Ён паехаў яго даганяць, каб папрасіць у яго прабачэння.

— Я павінен сёе-тое дадаць, — умешваецца Кольхаун, парушаючы ўстаноўлены парадак суда. — Яны пасварыліся пасля гэтага. Стоячы на азотэі, я ўсё чуў.

— Містэр Кольхаун, — спыняе яго суддзя, — калі суд дасць вам слова, тады вы будзеце гаварыць, а пакуль што прашу вас не перашкаджаць.

Яшчэ некалькі дадатковых пытанняў, і Луіза Пойндэкстэр вызвалена ад абавязкаў сведкі.

Яна вяртаецца на сваё месца; цяжар ляжыць на яе сэрцы. Дзяўчына зразумела, што, расказаўшы праўду, яна толькі пашкодзіла таму, каму хацела дапамагчы. Прабіраючыся праз натоўп, яна адчувала на сабе зневажальныя позіркі.

* * *

Кольхауна выклікаюць яшчэ раз. Яшчэ раз выступае ён у якасці сведкі. Кожнае яго слова — хлусня, але нянавісць да абвінавачваемага распальваецца ў натоўпе яшчэ больш.

Зноў выбух абурэння. Зноў крычаць: «Павесіць!» — яшчэ настойлівей, з яшчэ большай злосцю.

Становішча суддзі Робертса робіцца хісткім. Беззаконне Лінча пагражае ўступіць у свае правы.

І што тады? Тады з судовым разглядам будзе скончана, а з прычыны таго, што прыгавор ужо ясны, то астанецца яго толькі выканаць. У руках спрактыкаваных катаў гэта зойме мала часу. Некалькі хвілін, і Морыса-мустангера павесяць на суку дуба, які і цяпер прасціраецца над яго галавой.

Так думаюць амаль усе прысутныя ў чаканні сігналу да пачатку самасуду.

Але, на шчасце для абвінавачваемага, сярод прысутных ёсць людзі, настроеныя інакш.

Група ваенных ажыўлена радзіцца. Гэта афіцэры форта на чале з камандзірам. Праз некалькі секунд яны выносяць сваё рашэнне. Згодна распараджэння маёра, трубіць ражок. І амаль у той-жа момант атрад з сарака драгун і такой-жа колькасці стралкоў паказваецца з-за частакола. Выцягнуўшыся ў шарэнгу, яны з трох бакоў цэп‘ю акружаюць членаў суда.

Натоўп перастае вар‘яцець і хутка супакойваецца.

Аб судзе Лінча цяпер няма чаго і думаць. Дзяржаўны закон зноў уступае ў свае правы. Суддзя Робертс вяртаецца да сваіх абавязкаў.

— Грамадзяне! — крычыць ён, звяртаючыся да натоўпа. — Трэба падпарадкавацца запатрабаванням закона! Нельга-ж вешаць чалавека, нават не даўшы яму сказаць ніводнага слова ў сваё апраўданне! Гэта будзе простае забойства.

— А хіба не было зроблена забойства? — крычыць адзін галаварэз, які стаяў недалёка ад Кольхауна. — Трэба і яму адплаціць тым-жа!

— Гэта яшчэ не даказана. Вы яшчэ не чулі ўсіх паказанняў. Трэба выслухаць, што гавораць сведкі другога боку.

Суддзя дае распараджэнне, і глашатай выклікае Феліма О‘Ніла.

Збіўчывы расказ слугі мустангера, месцамі зусім непраўдападобны, мала гаворыць у карысць яго гаспадара.

Выклікаюць і другога сведку:

— Зебулон Стумп!

Вялізная фігура старога паказваецца з натоўпа; яго ўсе ведаюць як лепшага паляўнічага сетлмента.

Гледачы, затаіўшы дыханне, рыхтуюцца слухаць. Устанавілася агульная думка, што ў Зеба Стумпа — ключ да разгадкі таямніцы.

— Ну, што-ж, пане суддзя, — пачынае стары паляўнічы, гледзячы проста ў твар старшыні, — я гатоў расказаць усё, што ведаю аб гэтых справах. Але калі вы і прысяжныя не супярэчыце, то я палічыў-бы за лепшае, каб спачатку малады хлапец даў тлумачэнні. Пасля гэтага я дам свае, і гэта, напэўна, будзе пацверджаннем яго паказанняў, пацверджаннем яго слоў.

— Пра якога маладога хлапца вы гаворыце? — пытаецца суддзя.

— Пра мустангера, вядома. Пра таго самага, каго вы абвінавачваеце ў забойстве маладога Пойндэкстэра.

— Гэта некалькі парушыць устаноўлены парадак, — адказвае суддзя, — хоць урэшце асноўнае для нас — даведацца праўду. Што датычыць мяне, то я не надаю вялікага значэння фармальнаму боку справы, і калі прысяжныя не супярэчаць, то няхай будзе па-вашаму.

Дванаццаць прысяжных выказваюць сваю згоду.