I. Утварэньне Маладняка (1923 г.)
Манаграфія
Аўтар: Максім Гарэцкі
1928 год
II. Першы пэрыод у жыцьці Маладняка (1924—1925 г. г.)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




I. УТВАРЭНЬНЕ МАЛАДНЯКА (1923 г.)

Пэўныя элемэнты пролетарскае ідэолёгіі спатыкаюцца ў некаторых беларускіх пісьменьнікаў яшчэ ў нашаніўсхую пару. Першае месца ў гэтым кірунку займала Цётка (Алёізія Пашкевіч), аб чым сьведчаць яе рэволюцыйныя вершы, абразок „Прысяга“ і інш. Было гэтае набліжэньне да пролетарскіх мотываў часам і ў творчасьці Купалы, Алеся Гаруна і ў творчасьці менш вядомых аўтараў-нашаніўцаў. Яшчэ далей пашоў быў тады ў пролетарскіх настроях Цішка Гартны, даўшы ў сваім зборніку „Pieśni“ (1913 г.) некалькі вершаў з перажываньнямі беднага беларускага местачковага рамесьніка.

Але толькі пасьля Кастрычнікавае рэволюцыі зьявіліся тыя ўмовы, якія павінны былі прывесьці беларускую літаратуру на пролетарскі шлях. І якраз Цішка Гартны, у сакавіку 1918 г., робіцца рэдактарам першае беларускае бальшавіцкае газэты „Дзяньніца“ (у Ленінградзе) і на яе старонках зьмяшчае свае вершы, у якіх славіць Кастрычнікавую рэволюцыю. Тымчасам, на працягу 1918-1920 г. г. беларускія пісьменьнікі пролетарскае ідэолёгіі ўсе свае сілы аддавалі на політычнае змаганьне — і мастацкую творчасьць сваю рэалізавалі, галоўным чынам, у агітках. Творчасьць іхняя гэтым часам не магла належна разьвівацца і з тэй прычыны, што ня было яшчэ беларусізацыі.

Беларусізацыя, і то спачатку вельмі павольная і вузкая, распачынаецца ў Савецкай Беларусі толькі з 1921 г. І толькі тады Цішка Гартны, Міхась Чарот і цэлы шэраг маладых беларускіх пісьменьнікаў пролетарскае ідэолёгіі маюць магчымасьць рэалізаваць сваю мастацкую творчасьць у тэй ці іншай меры.

Цяпер беларуская літаратура павінна была даць малюнак героічнага змаганьня рабочых і сялян за сваё вызваленьне, малюнак ніколі нябачанае ў гісторыі чалавецтва перамогі пролетарыяту над ворагам, яна павінна была паказаць, якімі шляхамі ідуць працоўныя масы ў краіне Саветаў да соцыялістычнага будаўніцтва, да новага жыцьця, яна павінна была выявіць напружанасьць пролетарскае ідэолёгіі і ў саміх аўтараў.

Пісьменьнікі-нашаўніўцы, яшчэ вельмі шчыльна зьвязаныя з сваімі даўнейшымі традыцыямі, цяпер або перажывалі крызіс, або дапісвалі свае даўнейшыя творы, або пісалі ўжо як савецкія пісьменьнікі, ды ўсё-ж не маглі належна падыйсьці да выконваньня пастаўленае перад імі задачы.

Тады маладыя пачынаюць разумець, што, з аднаго боку, старым наогул цяжка даць тое, што патрэбна чытачу новае эпохі, што даць гэта ў належнай меры могуць толькі яны, маладыя, народжаныя ў літаратуры гэтаю эпохаю, і што, з другога боку, ім таксама цяжка гэта будзе зрабіць, калі яны не адсунуць у вачох чытача аўторытэт старых у бок з свае дарогі, калі яны не адваююць і ня зоймуць у літаратуры сваё асобнае месца, калі яны ня згуртуюцца ў свой асобны, моцна організаваны і яскрава выяўлены колектыў.

І вось 28 лістапада 1923 г. ў Менску, у клюбе КІМ‘у, сабралася шэсьць маладых беларускіх поэтаў і пісьменьнікаў: Александровіч, Бабарэка, Вольны, Дудар, Пушча і Чарот і „пры сьвятле агаркаў сьвечкі“, як кажа адзін з гэтых таварышоў[1], утварылі літаратурнае аб‘яднаньне Маладняк. Потым да іх далучаюцца ўсё новыя і новыя маладыя поэты і пісьменьнікі: Трус, Якімовіч, Падабед, Пфляумбаум, Чарнушэвіч, Чорны ды інш. Не рабілі маладнякоўцы перашкод уступаць у Маладняк і старэйшым пісьменьнікам, і нейкі час у склад Маладняка ўваходзіў Бядуля, праз доўгі час былі ў ім Гурло і Галубок, а цяпер у склад Маладняка ўваходзіць стары нашанівец Янук Журба (Івашын). Але старэйшыя ня выконвалі там хоць троху кіраўнічай або наогул дзейнай ролі, — гэтая роля належала выключна маладому літаратурнаму пакаленьню, што прышло ў беларускую літаратуру ўжо пасьля Кастрычніка. І так сталася, што Маладняк зрабіўся організацыяй выключна маладых пісьменьнікаў, так сказаць — зрабіўся комсамолам у літаратуры. Былі потым некаторыя спробы надаваць назьве „Маладняк“ тое значэньне, што гэта ёсьць маладое ў літаратуры ня ў сэнсе маладога веку сяброў Маладняка, а ў сэнсе навізны іхнага кірунку ў літаратуры. Але гэтыя спробы ня мелі належнага організацыйнага аформленьня. Памылкаю, бязумоўна, было тое, што пролетарская літаратурная організацыя, якою меў быць Маладняк, не ўцягнула ў свае шэрагі ўсіх — і маладых, і старых неорганізаваных пролетарскіх пісьменьнікаў. Тады прындып організацыі, паводле пролетарскае ідэолёгіі, быў-бы вытрыманы, і ня было-б погляду на Маладняк, як на пісьменьнікаў, якія не дарасьлі яшчэ да нейкай вышэйшай пісьменьніцкай катэгорыі. Гэта асабліва патрэбна было зрабіць пры тых няшырокіх межах, у якіх знаходзілася тагочаснае беларускае літаратурнае жыцьцё, і пры адсутнасьці такіх спрэчак за форму, якія яе дапушчалі-б у організацыю старога пролетарскага пісьменьніка. Памылка гэта была ня столькі з боку маладых, колькі з боку старэйшых пісьменьнікаў пролетарскае ідэолёгіі, якія не ацанілі належна факту організацыі Маладняка і тых пэрспэктыў У беларускай літаратуры, што гэтым фактам вызначаліся і распачыналіся.

Погляд на Маладняк, як на організацыю маладых, у сэнсе маладога веку, пісьменьнікаў, меў потым пэўнае адмоўнае значэньне ў справе выхаду з яго блізка ўсіх „старых“ сяброў і ў справе тэй ідэолёгічнай нявытрыманасьці, якая наглядаецца ў сучасным падзеле беларускіх пісьменьнікаў на Маладняк, Узвышша і Полымя.

У сваёй першай дэклярацыі маладнякоўцы пісалі, што яны згуртаваліся дзеля таго, „каб ідэі матэрыялізму, марксызму і ленінізму ажыцьцявіць у беларускай мастацкай творчасьці“. Сваім заданьнем яны ставілі даць беларускай літаратуры новы зьмест, „выціскаючы ўвесь чэмер і палын, што аддае затхласьцю мінулага“. У поглядзе на форму творчасьці першая дэклярацыя Маладняка не вызначаецца гэткай-жа катэгорычнасьпю і выразнасьцю, як у поглядзе на зьмест. Тут маладнякоўцы пісалі: „Асноваю нашай мастацкай формы, у якой мы ажыцьцяўляем нашы ідэі, зьяўляецца мастацка-праўдзівы вобраз, об‘ектыўны, адпавядаючы рэальнасьці. На розныя сучасныя мастацка-формальныя кірункі ў літаратуры мы глядзім, як на тэхніку мастацкай творчасьці. Наш асноўны прынцып: форма павінна адпавядаць зьместу, выкладаньне — тэме. Мы — маладняк і формальнай стараны мастацкай творчасьці“[2].

З восені 1923 г. пачала выходзіць часопісь „Маладняк“, у якой друкаваліся творы новага аб‘яднаньня. Спачатку яна выходзіла як часопісь ЦК КП(б)Б і ЦК ЛКСМБ, а з лістапада 1926 г. выходзіць як орган Усебеларускага аб'яднаньня поэтаў і пісьменьнікаў Маладняк.