Гэй, узьвейце сваім крыльлем,
Арляняты, буйна, бурна,
На мінулых дзён магіле,
Над санлівасьцю хаўтурнай!..
У маланках пяруновых,
З гулкім гоманам грымотаў
Для вякоў дыхтуйце новых
Нячувалыя ясноты
Вам сярпы і косы ў рукі
Ды мячы, каваны з сталі,
Далі буры, завірухі
Што тут вылі, бушавалі.
Цень мінуўшчыны праклятай,
Дзе бізун гуляў з нагайкай,
Зьмяціцё вы, арляняты,
Сваёй новай сілай, байкай.
Ужо выбіла часіна
На вялікую прыгоду
Выйсьці з мутнай каляіны
Беларускаму народу.
Ў чарадзейным карагодзе,
Ў небасяжнае свабодзе,
Без аковаў, на прывольлі
Ужо віхрыцца наша доля.
Вам на памяць Серп і Молат
Даравала доля,
Каб з вас кожны быў, як волат,
Ня гнуў плеч ніколі.
Каб здабытую свабоду
Зналі, шанавалі,
І у цяжкую прыгоду
Ўсталі грознай хваляй
Зашумелі, загудзелі,
Як віхор сусьветны,
Не праспалі у пасьцелі
Волі агняцьветнай.
Вам у спадчыне ад роду
Засталіса песьні,
Каб быць вашай асалодай
У жыцьця прадвесьні.
Каб вы пелі, ня сьціхалі
Ў радасьці і ў горы,
Гаманілі нібы хвалі
У бурлівым моры.
Каб шоў гоман няспыняны
Ад поля да поля
І людзей, яшчэ скаваных,
Заклікаў на волю.
Вам пакінулі прадзеды
Гартаваны косы,
Каб вы з імі сонца сьледам
Вышлі на пакосы;
Каб касілі да упаду
Пустацьвет і зельле,
Што сваім пякучым ядам
Труціць кроў у целе.
Каб зьвінелі вашы косы
Над зямлёю соннай
Ад начных да раньніх росаў,
Звонка, векапомна.
Вам дасталіся ад продкаў
Сохі і бароны,
Каб вы ў час, пасьля паводкаў,
Вышлі на загоны
І з‘аралі сваю ніву
Шырока, глыбока,
Зерне ўкінулі шчасьліва,
Чыстае, як вока.
Каб рунела зерне тое
Весела, яскрава
Побач з вашай маладою
Сакалінай славай.
|