Мая ліра (1924)/II/Гэй, будуйце

О, край мой родны Гэй, будуйце
Верш
Аўтар: Казімір Сваяк
1924 год
На крыльлях
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гэй, будуйце!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГЭЙ, БУДУЙЦЕ!

Няма праўды як схаваці —
Ўсё пайшло цяпер інакш:
Пан пакінуў гультаваці,
А між намі меней плакс,

Даўней толькі наракалі,
Толькі чухалі галоў —
Ныні плакаць перасталі,
Усё вернуць стрымгалоў.

Навет добрыя будынкі
Пачалі ўжо руйнаваць:
„Годзе, кажуць, нам спачынку,
Трэба ўсё наноў складаць“.

Добра людцы! Абы сьмела,
Толькі помніце адно:
Хто будуе няўмела,
С працы будзе мець драньнё.

Разважай-жа перш чым зробіш,
Адлічы — рахунак здай —
А чаго не утаропіш,
Разумнейшага спытай.

Здабыць трэба перш зямельку,
Бо краіна-матка ўсім:
Хлябок родзіць і кудзельку
Дзецям родным, ня чужым.

Што у нас зямлі ня стала,
То ня дзіва, ані цуд:
Чужыня нам панавала,
Дзёрла скуру, як той бруд.

Вось зямельку іншым ладам
Дзяліць трэба чым даўней:
Хто нам павуком, ці гадам,
Пойдзе проч раней-пазьней.

Глянь кругом, браток мой родны,
Падзіві наш родны край:
Ен багаты, ён прасторны —
Яму труд ты свой аддай!

Ты рамансаў ня вучыся,
Ані штук вялікіх зноў,
Адно толькі налажыся
Пазнаць добра варагоў,

Каб ня даці ім заесьці
Свайго духа і свой труд,
І твой край ня даць абсесьці —
Зробіш гэта: будзе цуд.

Будзеш мець зямелькі доваль,
Школы зробяцца з двароў:
І авечкай і каровай
Зможыш панскіх шляхтуноў.

Ты артай — табе навука
Мусіць йнакшая служыць,
Бо найбольшая тут штука
Прымусіць зямлю радзіць.

А ўжо посьле знаць аб сьвеце,
Дзе і што і да чаго:
Зваяваў каго хто ў леце,
Ці ў зіму здавіў яго,

Ці Уранам гвездка звецца,
Ці Нэптун, ці ішчэ там як,
Чый з Адама род вядзецца,
А хто налпы быў сваяк.

Гэй, будуйце-ж, мае людзцы,
Жыцьцё новае наўкруг,
Навет сонкі хай прачнуцца, —
Хто ня вораг — будзе друг.