Мужнасць (1938)/Вінтоўка і песня/Дазорны

Песні аб граніцы Дазорны
Верш
Аўтар: Пятро Глебка
1938 год
На варце
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дазорны (Глебка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДАЗОРНЫ

Мінала ноч…
Займаўся ранак…
На снежных верхавінах дрэў
Ні ў якіх казках несказаны
Ружовы досвітак гарэў.

Уздоўж мяжы ішоў дазорны,
Успамінаў утульнасць хат,
Вясёлы твар
І позірк зорны
І ўсмешкі цёплыя дзяўчат.

Успамінаў…
А пільным вокам
Сачыў трушчобы дзікіх нетр
І раптам —
У снягах глыбокіх
Заўважыў нейчы свежы след.

Відаць, нядаўна,
На світанні,
Граніцу вораг перайшоў;
Яго слядоў незатаптаных
Яшчэ і вецер не замёў.

Да баявой прыгоды звычны,
Без меркаванняў і разваг,
Шынель скідае пагранічнік,
Бяжыць з вінтоўкай па слядах.

Абліўся твар гарачым потам,
А цела ўсё
Калоціць дрож…
Цяжэюць ногі…
Скінуў боты
І вось —
Імчыцца басанож…

Калючы снег у ногі коле…
Дармо!..
Настаў апошні час:
Ужо відаць за лесам поле,
А там —
дарога і калгас.

Ужо калгаснікі і дзеці
Бягуць гуртом наперарэз,
Але і вораг іх прыкмеціў
І — зноў, як воўк, пабег у лес.

Бяжы!
Не ўдасца план злачынны:
Сабраўшы сілы,
Вартавы
Прабег яшчэ адну хвіліну,
І вораг здаўся,
ледзь жывы…

А ногі белы снег крывавяць,
Дазорны нікне галавой:
— Скажыце хлопцам на заставе,
Я здзейсніў абавязак свой…

І ён упаў.
Да бліжняй хаты
Яго панеслі на руках,
І ён ледзь помніў,
як дзяўчаты
Яго праводзілі ў слязах.

1936 г.