Гарачы дзень.
Ад лютай спёкі
Згубіўшы прыкры сорам свой,
У рэчку чыстую глыбока
Упала сонца з галавой.
А там,
Высока па-над намі,
У сінь,
Халодную? як лёд,
Не страпянуўшыся крыламі,
Плыве празрысты самалёт.
Пад залатой планетай зоркі,
Што яркім знакам на крыле,
Ідуць чародамі узгоркі
І табунамі цёмны лес,
Пілот,
імклівы і адважны,
Яшчэ вышэй бярэ разгон
І вось —
Нікому недасяжны —
Ідзе за сіні гарызонт.
Але і там праходзяць міма
Шырокіх крылаў карабля:
Пад левым —
Воблакі радзімы:
Пад правым —
Родная зямля.
Але і там,
Нячутным ценем
Мінаючы заслоны хмар,
Ён чуе нашы лятуценні
І нашыя палёты мар:
У крыллях і маторах б‘ецца
Жывая кроў гарачых жыл,
Часцінка нашых чыстых сэрцаў
Замілавання і душы…
1937 г.
|