Наша Ніва (1906)/1910/48/Памяці Вінцука Марцінкевіча

Вінцук Дунін-Марцінкевіч, яго жыцьцё і літэратурнае значэньне Памяці Вінцука Марцінкевіча
Верш
Аўтар: Янка Купала
1910 год
Грамадзянскае становішчэ В. Дунін-Марцінкевіча
Іншыя публікацыі гэтага твора: Памяці Вінцука Марцінкевіча.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Памяці Вінцука Марцінкевіча.

Шмат лет не ручыла нам доля,
Крывымі вела пуцінамі,
Ня маючы ласкі і жалю
Над нашай старонкай, над намі.
Хто мы, адбірала нам памяць,
Чужыншчынай ціснула грудзі;
Не раз падцікалася з думкай,
Што мы ўжо ня мы і ня людзі.
З нас самых і з гутаркі нашай
І свой і чужынец стаў кпіці;
Ўсё роднае стало ня родным,
Прост, хоць і на сьвеці ня жыці.
Так ночка хацела быць паняй,
Так сівер звадзіў нас і страшыў,
Ды вось, як на тое, судзіў Бог
І нам на сваім быць кірмашы.
Нябошчык Вінцук Марцінкевіч
Ня сцерпіў такой нашай мукі, —
Паслухаўшы сэрца, бярэ ён
Дуду беларускую ў рукі
І песьню за песьняй парадкам
Пусьціў, як жывую крыніцу;
Пасыпалісь, проста як з неба,
«Дажынкі», «Гапон», «Вечарніцы».
Як стораж, стаў сьмела на варці
Радзімых запушчэных гоняў,
Стаў сеяць па свойску ўсё тое,
Што мы далей сеем сягоньня.
А кемкую меў ён натуру, —
Спанатрыў, дзе праўду шукаці,
У тахт беларусавай думцы
Патрапіў запеці, зайграці.
Калі засьмяецца, бывала,
То хоць за бакі ты бярыся;
Калі-ж і разжаліцца сумам,
Дык хоць ты з слязою жаніся.
Умеў ён прынадна настроіць
Тон ёмкі ў дудзе-самагудзе,
Што нам і цяпер яна грае
І вечна канца ей ня будзе.
Чверць веку, як бае ўжо недзе
Сьвятым беларускіе песьні,
А бытцам ён з намі талкуе
Аб нашай зіме і прадвесьні.
Жыве паміж намі дудар наш…
Жыць кожны так будзе, мой братку,
Хто родну старонку палюбіць,
Маўляў, добры сын сваю матку.

Пецербург 1910 г.

Янка Купала.



Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.