Падарожжа на Новую Зямлю (1929)/Кароткае тлумачэньне

Дарога, пажар, каналы і віка з аўсом Кароткае тлумачэньне
Нарыс
Аўтар: Міхась Зарэцкі
1929 год
Вечар, поўны лірыкі і лятуценьняў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кароткае тлумачэньне.

17,5 проц. усяе тэрыторыі БССР (гэта значыць — 1.650.000 дзесяцін) знаходзіцца пад балотамі. Бяз малага пятая частка ўсёй нашай зямлі выключана з сфэры сельска-гаспадарчага карыстаньня. Цэлыя раёны, цэлыя бязьмежныя прасторы ляжаць у спрадвечным бясплодзьдзі і з упартай настойнасьцю родзяць адну толькі жорсткую асаку — гэта ў лепшым выпадку, — а ў горшым — маўкліва хаваюць гнілую сваю, нездаровую вільгаць пад пластом дзікага, нікому не патрэбнага моху.

А тымчасам, колькі закута ў гэтым спрадвечным бясплодзьдзі таемнай сілы жыцьця, колькі схована ў ім нявычэрпных магчымасьцяй магутнага адраджэньня зьмярцьвелай прыроды! Цуды пышнага нябачанага росквіту, цуды нязьмернага багацьця і збытку, цуды ў чароўнага хараства — вось што можа радзіць нам наша гнілое балота.

Я не выпадкова, ня сьмехам-жартам, не для прыгожага слова даў гэту назву — Новая Зямля. Так, гэта сапраўды Новая Зямля, якую мы адкрываем крок за крокам, якую мы адваёўваем ад Прыроды, гэта сапраўды Новая Зямля, якая дасьць нам новыя, яшчэ поўнасьцю неацэненыя пэрспэктывы, якая выведзе нас на новыя гаспадарчыя пуцявіны.

Наркамзем БССР паставіў перад сабой задачу поруч з дробнымі мэліорацыйнымі мерапрыемствамі павесьці ў шырокіх маштабах працу па асушцы суцэльных балотных масываў, якія могуць даць вялікую плошчу выгоднай зямлі, якія могуць прытуліць сотні, тысячы і дзесяткі тысяч сялянскіх сем’яў, што едуць цяпер у далёкія краіны, уцякаючы ад перанаселенасьці, ад безьзямельля. Гэта нашы, свае колёнізацыйныя фонды, гэта — тое, што завецца на наркамземаўскай мове — унутраная колёнізацыя.

Нядаўна скончылася праца спэцыяльнай экспэдыцыі, якая дасьледвала пойму (даліну) ракі Арасы і якая знайшла там 69.000 гектараў балотнай зямлі, якую можна, асушыўшы, скарыстаць пад колёнізацыю. У першую чаргу павялі работу на Мар’інскім масыве. Работа ідзе тут ужо чацьверты год і падыходзіць к канцу. Праз год плошча зямлі ў 8.000 гектараў будзе канчаткова падрыхтавана да засяленьня. Ужо цяпер 2.000 гектараў можна пусьціць пад трактар.

Гэта — першая ластаўка, гэта — першая перамога. Троху далей, на поўдзень, ужо распачата праца над другім масывам — там 30.000 гектараў балота перарабляецца ў багатую чорназемную глебу.

Гэта па Арасе. А за ёй ідзе Птыч, за Птыччу — Прыпяць і іншыя рэкі, на чарзе стаіць уся вялізная плошча Палесься. Усё чорнае глухое Палесьсе павінна стаць квітнеючым садам — гэта не фантазія, гэта ня прыгожыя словы, гэта — цьвёрдая рэальная наша задача.

Гэта будзе!..

Гэтага дасягне маладая, поўная жыцьця і сілы, БССР.