Падарожжа на Новую Зямлю (1929)/На парозе Новай Зямлі

Мы едзем На парозе Новай Зямлі
Нарыс
Аўтар: Міхась Зарэцкі
1929 год
Гістарычнае мінулае Новай Зямлі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




На парозе Новай Зямлі.

З мястэчка Любані мы накіроўваліся далей на поўдзень, туды, дзе пачынаецца Палесьсе. У м. Любані, у райвыканкоме, мы чакалі падводы. Ветлы любаньскі народ хацеў паспрыяць нам, выправіць нас і далей на тым самым грамоздным катафалку, але з гэтага нічога ня вышла. Спачатку коні не падышлі да катафалка, потым, як другі раз памерылі, катафалк не падышоў да коняй. Тады пабеглі шукаць для нас (ці можа ад нас) якога-небудзь іншага спосабу.

Сама тады, як нам канчаткова надакучыла чакаць, да райвыканкому падкаціла пара вясёлых коняй, запрэжаных у самую сапраўдную карахвашку. З карахвашкі выскачыў нехта тоўсьценькі, камляваты, з шырокім румяным тварам, з мяккай бародкай, з цьвёрдымі энэргійнымі рухамі. Гэты тоўсьценькі быў інжынэр Гнеўка, галоўны кіраўнік мэліорацыйных работ гэтага раёну, той самы чалавек, які нам быў і патрэбны.

Мы зараз-жа селі ў яго карахвашку і выехалі разам з ім з гасьціннае Любані.

Першае, што сустрэлі мы за Любаньню і што было ўжо аднэй з характэрных адзнак блізкага Палесься, гэта былі досыць вялікія пясковыя ўзгоркі, амаль што голыя, толькі рэдка-рэдка дзе зарослыя шорсткай купкаватай травой ды хударлявым хмызьняком. Такія пяскі, сыпучыя пяскі, часта сустракаюцца на Палесьсі. Вецер перасыпае іх, і яны пасуваюцца ў пэўным кірунку, робячы часам не малую шкоду. Мы потым бачылі, як на адным хутары гэтыя дзюны схавалі пад сабой цэлы вялікі гарод, абярнуўшы яго ў голую бясплодную пустэчу.

Пяскі абрываюцца і перад намі адкрываецца шэрая шурпатая роўнядзь балота. Мы едзем усьцяж па рацэ Арасе і ўсьцяж па гэтай рацэ цягнецца бязьмежны ланцуг балотных абшараў, перамежаваных лясамі і пясковымі выспамі. Пачынаецца Палесьсе.

Адразу-ж на нашым шляху сустракаецца старая напоўзацягнутая канава. Тав. Гнеўка тлумачыць нам, што гэта адзін з вядомых «каналаў Жылінскага». Некалі генэрал Жылінскі па загаду царскага ўраду праводзіў у Палесьсі шырокую «мэліорацыю». Ён накапаў шмат каналаў і па гэтых каналах паны-драпежнікі зганялі ў чужыя краіны беларускі лес. Гэтыя каналы не асушылі беларускага Палесься — яны не для гэтага будаваліся — затое яны зьнішчылі нязьмерныя абшары адвечнага беларускага лесу.

Чым далей на поўдзень, тым больш і больш набывае вакольны ляндшафт спэцыфічных рысаў Палесься. Грунт робіцца ўсё ніжэй і ніжэй. Ад ст. Урэчча ў кірунку на поўдзень, у глыб Палесься, грунт спускаецца на 26 сажняў. На 26 сажняў!..

Пашлі лясы. Гэта ўжо зусім палескія лясы. Дуб і граб займаюць тут адно з першых месц — сям-там лес складаецца выключна з аднаго дубу. У нас, на маёй радзіме, няма гэткіх лясоў, і таму я чую тут нешта новае, экзотычнае. Я прагна ўглядаюся ў ціхую таемную глыбіню гэтага лесу, і адчуваю максымум тае прыемнасьці, якую можна адчуваць, трасучыся па рабрыстых палескіх грэблях.

Ох, гэтыя жорсткія, бязьлітасныя грэблі! Яны мне даліся ў знакі. Яны, я ведаю, бралі стаўку на тое, каб усё-ткі ня выпусьціць мяне жывога з Палесься. Але я перамог, я ня здаўся! Сціснуўшы зубы і сударгава ўцупіўшыся ў драбіны воза, я на жыцьцё і сьмерць змагаўся з імі — і я перамог! У мяне толькі адарвалася нешта ў сярэдзіне (напэўна, нешта дужа патрэбнае), але я застаўся жывы!

Мы падяжджаем. Асталася якая-небудзь вярста. Лес распоўзься ў дробны хмызьняк — хволыя карлікі-бярозкі, алешнік, лаза і паміж усяго гэтага — куп’е. Сумная, беспрасьветная карціна. Але мне ня сумна, я адчуваю, як унутры ў мяне расьце прыемнае, радасна-трывожнае пачуцьцё, я з кожным крокам жывей і жывей адчуваю набліжэньне нечага дужа цікавага, нечага грандыёзнага.

І вось… Прымітыўная арка, зробленая з белых бярозавых палак. З гэтых самых палак на фронтоне аркі кароткі ляконічны надпіс: «Колфонд БССР».