Па беларускім бруку (1925)/Чужына/На магілу М. Багдановіча

З поэмы „Мая казка“ На магілу М. Багдановіча
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1925 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: На магілу Максіма Багдановіча (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧУЖЫНА

… І тчэ забыўшыя рука,
Замест пэрсідзкага узору, —
Цьвяток радзімы васілька.
Максім Багдановіч.

I

Павевы праменьняў на скалах
прасьпелаю ласкай дрыжаць,
а ў грудзёх маіх злавала
вечарынкай калючай імжа.

Мора плешча халодным звонам,
ліжа пырскамі бераг круты.
Ня зьвініць тут зялёны гоман,
не трасуцца лазой балаты.

То шэрай, то сіняю хваляй
мора твар свой прыкрые й злуе.
Б‘е навалай, асінай дрыжалі
на хвалях чаўны… Зальле!..

Зальле зьвярына, замучыць,
валам сьпяе сьмерці вальс.
Палошчаць чаўны, як анучу,
плошча сініх хваль.

II

Падплывай, параход, на бераг!
Дай гудок, і якар нырне.
А кудзеляй туман, як нерат,
сваёй вільгацьцю мучыць мяне.

Параход атуляе цемень.
Вечар, пяшчоты кінь!
Скора ўбачу жывыя карэньні,
залатыя агні-маякі.

Мае думкі хваля калыша,
калыханку бурай пяе.
Змоўкні, мора, як сіняе ўзвышша,
акуніся ў думкі мае…

З тэй пары прамінулі гады…
Ну, хутчэй, хутчэй, параход!
Тут памёр наш пясьняр малады
у Той Самы Семнаццаты год.

III

Ой, за Ялтай, у полі,
сярод Крымскіх гор
шырокі курган магілы.
Сонца сваволіць,
тчэ жоўты узор,
і вецер гуляе пылам.

Кіпарысы, каменьні,
цыкады, крыжы, —
шырокі курган магілы.
Нявольніца калені
сагне й пабяжыць,
і знова жыцьцё застыла.

Ой, неба муліць
каўнер Крымскіх гор;
сонца Ай-Петры спавіла.
Ня чую зязюлі,
не яе перабор
над вялікай, забытай магілай!

IV

Страшыць навальніцай
з-за горных сьцен
Крым.

Чорная табліца:
„Студэнт Максім“…


∗     ∗

Хвілінай, толькі хвілінай
заіржала сэрца жалем.
Ой, ня ласкай віталі Максіма
праменьні далёкай чужыны.
Сьціскае яго суглінак,
ветры грудзі стапталі…
Хвілінай, толькі хвілінай
заіржала сэрца жалем.

19 жніўна 1924 г.
Ялта.