Песьня глядыятараў
Песьня глядыятараў Паэзія ў прозе Аўтар: Віктар Вальтар 1925 Крыніца: Часопіс «Студэнская Думка» (Вільня), № 1, сьнежань 1924 г., б. 28-30 |
Песьня глядыятараў
Шуміць шырокі сьвет — амфітэатр і расьцілаецца жыццьё — бязьмежная арэна.
Яшчэ да нас шумелі тут накормленыя тоўпы і сьмерць бацькоў віталі воплескаў грамамі. Яшчэ да нас вялікі Цэзар неба стварыў шырокі сьвет свой — Калізэй і ўсё жыцьцё прымусіў нас гуляць, каб мы памёрлі на вачох Яго, жорсткіх і сьцюдзёных.
Мы засуджоныя на сьмерць яшчэ, як толькі выйшлі на арэну цырка.
Выходзім мы штодня і адыходзім зноў, а Цэзар з неба ў лёжы дзіўнай з сваей абласканай таўпою харашух, з усьмешкай пазірае зорамі вачоў, сьцюдзёных і бязчулых.
Калі мы адыйдзём і трупы нашы ў spolarium пацягнуць, — на мейсца нашае ізноў прыдуць з мячамі пацяшаць таўпу ў высокім небе, бо так жадае вялікі Цэзар неба, стварыўшы свой шырокі Калізэй,
І мы памром усе на цыркавой арэне…
Мы глядыятары, і засуджоныя на сьмерць.
Адны з нас будуць пацяшаць нябесную таўпу змаганьнем толькі за кавалак хлеба, другія без аружжа бойку распачнуць і тоўстымі рукамі здушаць больш бязвольных, худакроўных — і толькі частка нас пачне гуляць з мячамі й сеткай моцнаю аблытаваць разьбітых злосьнікаў сваіх.
І усё-ж мы ўсе памром на цыркавой арэне…
Што знача сьмерць? Мы толькі выйшлі на арэну цырка і нас вітаў народ, і вочы як мільёны зор паліліся ў амфітэатры, ўжо там бялела сьмерць з сваім вянцом і нам паветраныя слала пацалункі. А потым-жа, калі жыцьцё сваё кідалі мы як мячык і цяжкімі мячамі пралівалі кроў, яна сьмяялася нам радаснай таўпой і нам вянок свой прынасіла.
І надзявалі нам на грудзі слаўныя таблічкі й мэдалі.
І так, ужо з жыцьцём вучыліся кахаць мы сьмерці твар спакойны, ціхі.
Яна, праўдзівая, ўсіх роўна цалавала і ўсім аднолькава лілею белую нясла.
Мы ведаем яе і нам прыемны твар яе праўдзівы…
Мы засуджоныя гуляць на цыркавай арэне.
Што дня падходзяць новыя і новыя грамады пакаленьняў, і кожная вітае Неба песьняю аднэй:
— Ave. Caesar, morituri te salutant!
— Цябе, о Цэзару, мы засуджоныя на сьмерць, вітаем! Табою створаны шырокі Калізэй — амфітэатр вялікі і мы прыйшойшыя сюды тугу Тваю сваёй крывёй і мукамі сваймі разьвесьці, змагацца толькі ў парах дзеля Твае пацехі і ўсіх Табой абласканых сьвятых. —
— Мы, засуджоныя на сьмерць, Цябе вітаем!
Адны ўсё будуць прыкаваны да сваіх турэмных кратаў і ніколі не пабачуць сьвету, разводзячы далей нашчадкаў, яны не адыйдуць ад інтарэсаў дробных і штодзеных; другія будуць саладзіцца ласкаю Тваёю і цела сытае пясьціць пачнуць, —
— і толькі мы ўсе самахвотна выйдзем на арэну ў парах і, падышоўшы да Твае прыгожай лёжы, крыкнем моцна:
— Мы — глядыятары, — мы сіла! Што знача нашае жыцьцё?
— Мы, паміраем на арэне цырку… Калі апошнім цуркам кроў залье пясок арэны і зручна сеткай злосьнік абаўе, і свой трызубец не адыйме і сьцісьне грудзі цяжкаю нагой, у знак канца і перамогі, — мы ня спужаемся ні воплескаў грамоў, ні шуму, ні крыкаў Неба.
Няхай прыстане ўся таўпа, няхай Нябесны Цэзар сам устане з лёжы, няхай іскрацца вочкі харашух і ўсіх нявольнікаў, засуджаных на сьмерць, няхай дрыжыць магутна цырк:
— Дабі яго! Мы не папросім у накормленай таўпы свайго ратунку.
І не сказаўшы ўжо нікому ціхага, апошняга: „даруй“, — памром спакойна ў цырку на арэне…
Яшчэ апошні раз маланкай праляліць мінулае жыцьцё, далёкі край, сьцяны і хаткі і тыя ўсе, што будуць нас чакаць дарэмна, ўвесь той край, дзе ўсё мы пахавалі, — і ўжо ўвесь мільгануўшы бліск пагасьне ў тумане страшэнным, цёмным…
Дык што тады для нас жыцьцё дрыбніца, гора, турмы?…
Мы засуджоныя на сьмерць, — жыцьцём сваім гуляем…
Мы ня пужаемся ні Цэзара, ні тых сьцюдзёных зор — вачоў. Яго сьвятых, што так бязчула мукі нашы ловяць і дзеля пацехі выпушчаюць на арэну Цырку, — мы ведаем, што толькі нашыя мячы, — ўся сіла сьвету!
І дзеля гэтага няхай яшчэ ўжо засуджоныя на сьмерць сумяцца, плачуць…
Няхай шуміць на небе Цэзар у кругу прыдворных, — мы любім толькі звон мячоў і хочам буры, калі і скрып касьцей і енкі злосьнікаў нясуцца поўнагучнаю каскадай, калі цурчыць вадаграем кроў!..
Жыцьцё — бязьменная, шырокая арэна і мы грачы пяём, зьбіраемся заграць на дзіўных гарфах бойкі; аккорды сьмерці кінем мы ў сымфонію жыцьця і крыкнем сьвету, усім засуджанным на сьмерць:
— Мы глядыятары, жыцьцём сваім гуляем!…
Мы творым толькі ў барацьбе ўсю Славу Калізэя — сьвету!
Мы вучым вас прыгожа паміраць, бо мы і так памром!
Мы-ўсе памром на цыркавой арэне…
Янка Палын