Песьні-жальбы (1910)/Родные абразы/Вёска

Наш родны край Вёска
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1910 год
* * * (Вось старая хацінка…)
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вёска (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЁСКА.
Цесна збілісь нашы хаты,
Як авечкі ў летні жар;
Для агню тут корм багаты,
Як ўпадзе сюды пажар.
Хлеўчык, погрэб і гуменцы
Пад адзін зліліся плех;
Трэскі ўсаджэны ў вакенцы,
Замеж шкла— радняны мех.
Загародка пад акнамі,
Блісьне кветка дзе-не-дзе.
Зельлем глушыцца, травамі
Мак, цыбулька на градзе.
Зелянеюць два-тры клёны,
Гляне ліпа дзе з-за хат;
Дзе-не-дзе садок зялёны,
Нізкіх вішэнь чахлы рад.
Відны сані пад стрэхою,
Колы, сошка, барана,
Кол с хваёваю мятлою,
Убіты ў дол каля вакна.
Многа тут гразі ў нягоду,
Многа пылу ў летні жар!
Тут дабра ня бачыць з роду,
Тут марнее гаспадар…
Тут нуда жыве людзкая,
Прыпынілось горэ тут;
Сьмерць дзяцей, хвароба злая
Тут знайшлі прытульны кут!