Песьні-жальбы (1910)/С турмы/Сон у турме

У вастрозе Сон у турме
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1910 год
Пісьмо с турмы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сьцёпкаў сон.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СОН У ТУРМЕ.
Рана Сьцёпка прабудзіўся
І ляжыць — ня сьпіцца:
Сон яму такі прысьніўся —
Люба падзівіцца!
Бытцам жыта сеяць вышлі
Ў поле пры дарозі
(Сьцёпцы нават зышло з мысьлі,
Што ён у вастрозі).
Поле сонцэм скрозь заліта, —
Шырыня, раўніна!
Як-бы тукам глеба зліта;
Чарназём, ды гліна.
Не дакінеш проста вокам
Да суседзкай межы,
А на лузі іх шырокім
Стогі—як-бы вежы!
Ўсе суседзі тут у полі
Ходзяць с карабкамі,
Сеюць жыта на прывольлі,
Рэжуць дол плугамі,
Робяць гоні і разоркі…
Ветрык ціха вее.
Трохі оддаль, на прыгорку,
Вёска іх чарнее.
З-за мужычых хат адметна
Меж гумён, адрынак
Пазірае так прыветна
Сьцёпкі ўвесь будынак…
Углыбіўся Сьцёпка ў мары,
Думцэ ўвесь аддаўся, —
Пра вастрог забыў, пра нары,
Гдзе ўсю ноч валяўся,
Тут ён целам, там—душою,
Там, ў родным полю,
Гдзе хадзіў ён за сахою,
Гдзе пазнаў нядолю...
Ды забыта ўсё ліхое,
Усё, што дух смуціла, —
Асталося дарагое,
Што так сэрцу міла!
............
Але скора разсьветала —
Нудны дзень вярнуўся;
Сон і мары — ўсё прапала,
Як астрог прачнуўся…