Песьні-жальбы (1910)/С турмы/Хмары

Гусі Хмары
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1910 год
Маці
Іншыя публікацыі гэтага твора: Хмары (Хмары, хмары, што па небе…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ХМАРЫ.
Хмары, хмары, што па небі
Носіцесь гарамі, —
Каб меў скрыдлы, паляцеў-бы
Я на волю з вамі!
Я ляцеў-бы ў край той родны,
Гдзе так сэрцу міла,
Гдзе я вырас, гдзе мне радасьць
Моладасьць суліла.
Паляцеў-бы ў луг, гдзе Нёман
Берэг точыць, мые,
Гдзе гамоняць з вецеркамі
Дубы векавые;
Гдзе над Нёманам старая
Прыхінулась хата,
Гдзе так многа пылу ў летку,
Гдзе пяскоў багата.
Паляцеў-бы к тым курганам,
Што стаяць маўчліва,
К тым узгоркам, гдзе вясною
Зелянее ніва!
Ой, панёсся-б з вамі, хмары,
Я ў той лес цяністы,
Лёгка гдзе ўдыхаюць грудзі
Хвоі пах смалісты!
Хмары, хмары, што па небі
Носіцесь гарамі, —
Каб мне скрыдлы, паляцеў-бы
Я на волю з вамі!