Восень Майскае
Верш
Аўтар: Міхайла Грамыка
1927 год
Без яе

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЙСКАЕ

Сёньня песьні мае
Як лятуць ад душы, —
Ці то голас глушы,
Ці то вочкі твае?
Да-душы, мне так добра, так хораша мне,
Мо‘ затым, што учора сьніў вочкі твае.

Дзьве таполі ў ваду
Ўжо глядзяць весялей,
Стала траўка буйней,
Як па сьцежцы іду.
Я спаткаю, знайду, каго сьніў я ня раз, —
Гэта май, гэта май! Мо‘ і мой гэта час!

Я і сьцежку знайшоў
На спатканьне Вясны.
А з маёй сівізны
Кпіць натоўп матылёў.
Кажа возера мне: ты у люстра зірні
Ды разгледзь там сябе, ды да дому зьвярні.

Я вярбу абхапіў,
Галіны разгарнуў
Ды у люстра зірнуў,
Як-бы сам з сябе кпіў, —
А на тым беражку хто-сь ад сэрца пяяў! —
А на тым беражку хтось ў вяночку стаяў! —

Сівізна, сівізна!
Ці цябе утапіць,
Каб з табою ня сьніць,
Як сьмяецца Вясна? —
Але май, але май, але яблынь ў квяту!
Я-ж пялёсткі яе ў свой вянок упляту.

Я у сьмяглы вянок
Прамінулых гадзін
Той пялёстак адзін
Упляту, як лянок, —
Мо‘ ад кветкі тае, ад дзіцяткі Вясны,
Набягуць на мяне счараваныя сны!

Хай-жа вочы мае
У твае зазірнуць,
Каб нам разам глынуць
Асалоды тае!
Паглядзі, паглядзі, як глядзяцца ў ваду
Дзьве таполі вось тут, і скажы: я прыду!

1922 г.

◆ ◆ ◆