Далёка ад родных загонаў,
ты шырокая Волга — сястра.
Б‘юць аб бераг халодным звонам,
твае хвалі ў сецях чароўных:
туман-кудзель серабра.
На палёх, на раўнінах рускіх
родным гонарам Волга — ты!
Я прыехаў з зямлі беларускай
дзе зрэбна — зялёнаю хусткай
бязьмежна ляжаць балаты.
Дзе лясы ноччу ціхай, — цёмнай,
так прыгожа, так люба гудуць.
Дзе гордыя — Сож!.. Прыпяць, Нёман,
Дзе Вільня — Менск — Віцебск — Гомель,
дзе нядаўна пазабылі бяду.
На тваіх, на грудзёх, бурлівых
плылі горда чаўны казакоў,
і песьняй, як белаю грывай,
трасьлі рускі абшар вірлівы
да цябе абуджалі любоў.
Як прыемна пачуць стыхію —
сьпеў рабочага, сьпеў мужыка…
Як жыцьцё, як дні агнявыя,
цябе любіць твая Расія —
цябе руская Волга — рака.
Ты з сілай жыцьця маладога
На хвалях трасеш параход
і радасна пенішся доўга…
Дык люблю цябе руская Волга,
бо любіць цябе твой народ…
|