Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/6/За лініяй фронту
← Неконцэсыйныя прадпрыемствы | За лініяй фронту Раман Аўтар: Карэл Ванек 1932 год Пераклад: Кузьма Чорны |
Пад новым начальнікам → |
8
ЗА ЛІНІЯЙ ФРОНТУ
— Перакідка вялікіх мас людзей у часе вайны, і знаёмства з імі, нікому не далі гэтулькі асалоды, як абываталям гарадоў і мястэчак, што апынуліся раптам у цэнтры ваенных падзей.
Часамі хацінкі гэтых абываталяў па чатыры разы ў суткі бывалі занятыя новымі салдатамі, у тым ліку часта і варожымі. І гэтыя няпрошаныя госьці зусім не саромеюцца, а трымаюць сябе «зусім як дома».
Афіцэры зусім ня думаюць, што парушаюць сямейныя правы, калі кладуцца ў пасьцель з жонкаю якога-небудзь мірнага грамадзяніна, таксама, ня лічыцца за парушэньне сямейных правоў, калі дзесятак салдат асталююцца ў спальні гаспадаровай дачкі, або ў пакоі, дзе з-за печы вызіраюць дзьве жаночыя і тры дзіцячыя галавы. Гэта, як кажуць, робіцца ў інтарэсах нацыі, дзеля абароны бацькаўшчыны, і ўсе зробленыя за ноч гвалты, прыгнечаньні і крыўды ліквідуюцца адным-адзіным стрэлам у бок ворага.
Вайсковы чыноўнік Аляксей Пятровіч Баранаў, пад загадам якога была 208-я рабочая дружына, што была накіравана з Віцебску на фронт, яшчэ ў цягніку прышоў да перакананьня, што шчасьце камандаваць рабочай дружынай з ваеннапалонных і быць іхнім неабмежаваным гаспадаром не паўторыцца больш ніколі ў жыцьці і таму яго трэба як мае быць скарыстаць. Паводле гэтых меркаваньняў ён ужо ў Маладзечне, дзе давялося стаяць, чакаючы на якое месца фронту назначыць іх штаб, прадаў спэкулянтам палову рыдлёвак, лапат і матыкаў, якіх, як ён думаў, было залішне шмат нагружана ў Віцебску.
Ён атрымаў за іх восемсот рублёў. Але ён любіў круглыя лічбы, дык ён даў у прыдачу да іх яшчэ два мяшкі рафінаду і пакунак чаю, пасьля чаго спэкулянты абкруглілі ўсю суму роўна да тысячы.
Вельмі задаволены сабою, што ён гэтак шпарка асвойтаўся з роляю начальніка, ён расходжваў узад і ўперад па пэроне, чакаючы канвою, які павінен быў праводзіць іх у Маладзечна.
Канвой явіўся, заглянуў у цяплушку і заявіў, што бязьлітасна будзе расстрэльваць кожнага, хто зробіць хоць найменшую спробу ўцякаць. Гэта былі апалчэнцы з Сібіру, якія амаль што першы раз убачылі чыгунку, калі іх павезьлі на фронт, і проста такі баяліся палонных.
Сьледам за гэтым быў атрыманы загад, каб дружына зараз-жа накіравалася ў Будслаў на пабудову чыгункі. Начальнік дружыны набраўся быў добрага намеру паслаць у той дзёнь у інтэнданцтва па хлеб, але загад быў катэгарычны; раздача хлеба затрымала-б дружыну прынамсі на гадзіну, дык ён скамандаваў:
— Выходзь з вагонаў! Зьбірайся ў дарогу!
Адначасна ён загадаў раздаць рабочыя прылады. Выявілася, што іх хапала ня больш як аднэй траціне рабочых. Дык начальнік пачаў суцяшаць тых, хто астаўся з пустымі рукамі:
— Нічога, хлопцы! Вы панясеце прыладзьдзе наперамену. І каб ніхто ня ўздумаў адмаўляць таварышу, калі ён захоча нясьці сякеру ці лапату, або калі яны спатрэбяцца яму на рабоце!
Гэты загад ні разу ня быў парушаны, бо за ўвесь чатырохдзенны пераход ніхто ня выказаў ахвоты цягнуць на сабе дзесяцікілёвыя ламы на ламаньне каменьня. Дый пазьней, у часе работы, ня было аніводнага выпадку бойкі з-за струманта, бо тыя, якім яго не хапала, апраўдваліся перад усімі:
— Мы тут не дзеля работы. Мы можам, у лепшым выпадку, даваць вам парады.
Значыцца, рабочая дружына гультаявата пацягнулася ў дарогу, як караван вярблюдоў у Сахары.
Была адлега. Сакавікоўскае сонца грэла з веснавою сілай і пад скібамі сьнегу сям-там журчэла ўжо вада. Чацьвёра сутак ішлі палонныя ў Будслаў, спыняючыся начаваць у перапоўненых вайсковымі часьцямі вёсках. Людзі ішлі, не атрымоўваючы ні гарбаты, ні абеду, ні хлеба, і трацячы на сваё харчаваньне тыя капейкі, якія дала ім пакража ў Віцебску. Начальнік дружыны з задаволеным выглядам паціраў сабе рукі.
— Дальбог, лепшага шчасьця мне і чакаць ня трэба. Гэтыя дурні нічога не патрабуюць, нічога не ядуць, і я ўсё магу ашчадзіць.
Ён пакінуў сваіх людзей на вуліцы, а сам рашуча ўвайшоў у барак, дзе быў штаб. Тымчасам палонныя разьбегліся хто куды шукаць чаго-небудзь паесьці.
Начальнік штабу нават і ня ведаў, што тут меркавалася будаваць чыгунку і што на работу прысланы палонныя аўстрыякі.
Ён пачаў званіць у ва ўсе канцы па тэлефоне, а пасьля безнадзейна паціснуў плячыма:
— Ніхто нічога ня ведае. Рабеце, што хочаце. Грошы вам на іх у Віцебску выдалі?
— Але, на два тыдні! — адказаў начальнік дружыны.
Гэты адказ, відаць, задаволіў начальніка.
— Што-ж, добра! — сказаў ён. — Ведаеце што? Адвядзеце сваю дружыну ў Вілейку. Гэта будзе вёрст за дваццаць адгэтуль. Там стаіць батальён Цьвярскога палка, які праз тыдзень ідзе на фронт, і вы так ці іначай можаце там асталявацца. А я пашлю ў Віцебск тэлеграму, што мне з вамі рабіць.
Ледзь ідучы па расталым сьнезе, яны ўночы дабраліся да Вілейкі. Гарадок быў да адказу поўны войскам, што прышло сюды напярэдадні на адпачынак.
— Яблыку няма дзе ўпасьці! — заявіў афіцэр, якому начальнік дружыны паведаміў, што яму прапанована разьмясьціцца тут з сваімі людзьмі. — Але за сорак вёрст адсюль ёсьць вёска Астраўкі. Можа вы нават праз яе пераходзілі. Яе ніхто не займае, хіба што адна рота чыгуначнага батальёну. А вам будзе адтуль блізка да месца работы, бо чыгунка пройдзе ад Будслава ў заходнім кірунку на фронт.
— Ну, хлопцы, нам прыдзецца прайсьці крыху назад, — узрадаваў начальнік сваю змучаную дружыну. — А пасьля я вам дам адпачываць цэлы тыдзень.
І ў страшэнным цемрыве людзі паклыбалі назад, пакуль не дацягнуліся да Астраўкоў. Гэтая вёска таксама была занятая, але начальнік расійскай рабочай дружыны, якая стаяла там, выказаў згоду да раніцы як-небудзь сьціснуцца, каб палонныя маглі выспацца.
— Да раніцы вам давядзецца пачакаць, — соладзенька заявіў ім начальнік дружыны, выходзячы з хаты на вуліцу.
Замест адказу, ён пачуў трэск драўлянага плоту, які ламалі на дровы, каб раскласьці агонь, і роспачныя енкі і крык баб і мужыкоў, што ратаваліся ад чумы, якую пан бог зноў на іх наслаў.
За той тыдзень, калі адны ўпэўнівалі што ў Будславе будзе будавацца чыгунка, а другія гэтак-жа сама рашуча з імі не згаджаліся, Баранаў, начальнік 206-й рабочай дружыны, зрабіў вялікія посьпехі ў справе клопату пра сваіх людзей. Ён атрымаў ім у выглядзе пазыкі ў расійскае дружыны сутачную порцыю хлеба, дастаў іржавы кацёл на ваду і паказаў ім копію накіраванага ў Маладзечна тэлеграфнага патрабаваньня прыслаць паходную кухню, а таксама чаю і цукру. Няхай яны толькі яшчэ крыху пацерпяць; яны Ўсё атрымаюць, і ён нікога ня хоча крыўдзіць.
Вядома пры гэтакіх умовах сякеры і рыдлёўкі як бачыш апынуліся ў мужыкоў, ад якіх палонныя атрымоўвалі бульбу і хлеб. Калі, нарэшше, у вёсцы зьявіліся інжынэры і дзесятнікі і зрабілі агляд гэтае жывое сілы, што была прыслана на пабудову, дык выявілася, што людзі былі вельмі кепска падрыхтаваны да работы і явіліся сюды амаль з пустымі рукамі.
— Вам-жа павінны былі выдаць у Віцебску прыладзьдзе, — злаваў старшы інжынэр, а Баранаў, не хвалюючыся, хлусіў:
— Павінны былі, але не далі. А я нават і ня ведаў, на якую работу нас паслалі.
Але назаўтра па хатах хадзілі канвойныя салдаты і крычалі:
— Уставай, хлопцы, на работу! Вось гвалт выйдзе!
У канцы вёскі палонных чакаў Баранаў з дзесятнікамі і адлічыў кожнаму колькі яму трэба было людзей. У руцэ яго была запісная кніжка, куды ён штосьці запісваў; на папрузе вісела тоўстая раменная нагайка.
— Што, хлопцы, пасьнедалі? — весела гукнуў ён. — Чай з цукрам пілі? Ну, а цяпер мы крыху папрацуем!
— А вы што за людзі? Чэхі? — запытаў адзін стары дзесятнік, і калі ў адказ сказалі моцна: «чэхі», ён цмокнуў языком і гаварыў далей: — А рамесьнікі сярод вас ёсьць?
— Ёсьць! — адказала яму адразу дваццаць галасоў.
— Рамесьнікі, выходзь наперад!
Усе вышлі наперад, і толькі Швэйк астаўся стаяць. Да яго падышоў начальнік дружыны і запытаў:
— А што ты ўмееш рабіць?
— Я цырульнік, — з нявінным абліччам адказаў Швэйк.
Начальнік пхнуў Швэйка да іншых і заявіў:
— Кожную нядзелю ты будзеш галіць мяне і паноў інжынэраў, і за гэта будзеш добра атрымоўваць на чай. А вы, галубчыкі, хоць вы і рамесьнікі, будзеце капаць зямлю, біць каменьні і асыпаць пясок. Але, але мы будзем будаваць чыгунку, — раптам раззлаваўся ён. І, стаўшы на пальчыкі, скамандаваў: — Ну, упярод! Пашлі!
Дзіўную работу давялося ім рабіць, калі ім выдалі прыладзьдзе. З станцыі прыходзілі інжынэры і працягвалі шнуры, а дзесятнікі адразу-ж выстройвалі ўздоўж гэтых шнуроў палонных і прымушалі іх капаць зямлю і насыпаць насыпы. Але як толькі праца гэтая пачынала даваць свае вынікі, інжынэры працягвалі свае шнуры ў іншым кірунку, спрачаючыся і лаючыся паміж сабою. Дзесятнікі пераводзілі палонных на іншае месца.
— Вось тут капай, жыва! Хіба ня бачыш, што начальства праводзіць чыгунку ў выгодным месцы?
— Што за карысьць з гэткае работы, — сказаў Гаршына, усоўваючы рыдлёўку ў зямлю. — Пайду я адно пагляжу, ці няма якіх навін на станцыі.
Праз паўгадзіны ён вярнуўся і няпрыметна зрабіў Швэйку і Піскляваму знак ісьці за ім. Яны ціха зьніклі, у той час як усе іншыя церабілі праход у бярозаным гайку, і прабраліся на станцыю. Гаршына паказаў на вялічэзную парусінавую будку.
— Што гэта? Цырк? — зьдзівіўся Швэйк.
— Куды лепш! — сьмяючыся абазваўся Гаршына. — Харчавальны пункт.
І цьвёрдым крокам ён павёў іх у будку, у якой стаялі сталы. Ён прыпыніўся ля акна, дзе сядзела ў скураной куртцы сястра міласэрднасьці, і працягнуў руку. Яна ўсьміхнулася і дала яму тры бляшаныя міскі. Нейкі барадач у кутку наліў ім туды густога крупніку з локшынамі і мясам і паказаў на сталы. Гаршына зноў падышоў да акна і прынёс дзевяць кавалкаў цукру. Пасьля ён прыцягнуў імбрычак гарбаты і сказаў:
— Пасядзімо тут. Работа ня воўк, у лес не ўцячэ.
На змроку, калі наша тройца вярнулася да сваіх таварышоў, што выстраіліся ў колёну, каб ісьці назад у вёску, да іх пад’ехаў конна начальнік і гукнуў:
— Хлопцы, радуйцеся! Кухня прыехала! Заўтра вам будзе абед!
Пабудова чыгункі шпарка ішла наперад. Сотні навакольных сялян, сагнаныя паліцыяй, вазілі пясок. Насып зрабілі проста так бяз рышткоў на працягу двух кілёмэтраў; на яе адразу-ж паклалі шпалы, на якіх умацівалі рэйкі. Інжынэры кудысьці згінулі, а праз два тыдні зьявілася другая партыя, і пачала рабіць яшчэ адну лінію.
Зноў пачаліся маразы. Пасьля пашлі дажджы, сьнег сышоў і на полі зьявіліся вазёры. Ля насыпу зрабілася запруда, вада ля якое ўсё большала. Цэлую ноч дождж ліў як з вядра, а на раніцу палонных, ня гледзячы на надвор’е, пагналі на работу. Калі яны прышлі на месца, дзе ўчора яшчэ быў насып, усе разьзявілі раты ад зьдзіўленьня, а Швэйк шчыра сказаў:
— Вось гэта дык якраз!
Вынік працы шмат тысяч людзей і коняй за ноч зьнік бяз сьледу — насыпу больш не існавала. На полі сумна тырчэлі з гразі змацованыя пагнутымі рэйкамі шпалы, а навокал гэтых шкілетаў паяжджалі на конях расійскія афіцэры і гукалі на палонных:
— Сукіны дзеці, не зрабілі рышткоў! Сволачы, не пакінулі праходаў, каб магла зьбягаць вада!
І сьцёбалі палонных нагайкамі па сьпінах, абвінавачваючы іх у здрадзе расійскай арміі і пагражалі расстрэлам.
Аднак нічога гэтага ня здарылася. За два бліжэйшыя тыдні быў пабудаваны новы насып, у якім ужо былі праходы вадзе, а з Будславу павінен быў прайсьці па нанава пракладзенай каляіне паравік і некалькі парожных вагонаў.
Але цягнік ня мог сысьці з месца. Выявілася, што пад’ём чыгункі вельмі вялікі, бо насып усюды быў аднолькавы на вышыню. Прыехаў нейкі генэрал з інжынэрскімі цэшкамі, аглядзеў кавалак чыгункі, аблаяў яе будаўнікоў «ідыётамі і шэльмамі» і загадаў разьвярнуць увесь насып і замест яго зрабіць спробную каляіну.
У дружыне распаўсюдзілася новая, недасьледжаная хвароба. З захадам сонца людзі трацілі зрок, сьлеплі і не маглі дайсьці дадому. Абодвы «дактары» зусім зьбянтэжыліся.
Гэта быў вынік нясупыннага голаду. Нейкі вочны нэрв, аслаблены голадам, ня меў сілы пры малым сьвятле пашыраць зрэнку, каб пусьціць у яго колькі трэба сьветлавых праменьняў. Хвароба гэтая апаноўвала аднаго за другім, і здавалася, нібы яна набывае форму пошасьці.
Дык, калі ўночы два чалавекі адразу зваліліся ў равок і ледзь не захлынуліся ў нечыстаце. Ванэк пашоў да Баранава і далажыў яму, што стан здароўя ў людзей дружыны вельмі пагоршаў і што амаль усе пасьлеплі.
— Ну, што-ж я магу зрабіць? — сказаў той. — Я-ж стараўся захаваць дыету і не карміў людзей салам. Наадварот, ім давалі сьвежую капусту, і я загадаў класьці туды пабольш цыбулі. Давядзецца паслаць рапарт у Віцебск.
Хвароба гэтая была ўжо вядома ў расійскай арміі. Вярнуўшыся нейк з Будслава, начальнік выклікаў да сябе абодвых «дактароў» і сказаў:
— Ну от, я прывез лякарства. Даваць сьляпым па сталовай лыжцы кожны дзень. Гэтая хвароба завецца «курыная сьлепата». Чалавек пачынае гэтак-жа сама бачыць у цемені як і куры. Але, паводле досьледаў мэдычнае навукі, зрок пасьля зноў аднаўляецца.
Ён аддаў ім пляшку страшэнна сьмярдзючае рыбінае тлушчы і загадаў:
— Няхай хворыя прыдуць увечары да паходнае кухні, я паспрабую яшчэ адзін сродак. Кашавар будзе варыць валовую пячонку, і хворыя павінны будуць прапарыць сабе параю з яе вочы. Гэта доктар гэтак парадзіў, а наш доктар — самы вучоны чалавек!
Першы спосаб лячэньня сьлепаты быў адразу-ж ужыты. Людзі курчыліся ад аднаго толькі смуроду гэтае рыбінае тлушчы; іх рвала, і ў іх разьлівалася жоўць, але, баючыся, каб зусім не асьлепнуць, яны пакорліва глыталі прыкрае лякарства.
Швэйк, з прычыны адмысловае пратэкцыі, атрымаў дзьве лыжкі адразу. Праз пяць хвілін Марэк убачыў, што Швэйк здымае з сябе ля хаты боты.
— Ты нашто гэта боты здымаеш? — запытаў Марэк.
Швэйк не адказаў. Ён шпарка паставіў боты на калоду, прытрымліваючы іх рукою. Пасьля ён пачаў душыцца і храпці, і яго вырвала проста на боты. І паміж двума прыступамі бляваньня, ён, заікаючыся, прызнаўся Марэку, які глядзеў пільна на яго:
— Боты ў мяне злубянелі, як з дрэва сталі. Я хацеў быў папрасіць і ў цябе крыху рыбінае тлушчы, каб памазаць іх, але пабаяўся, што хлолцы лаяцца будуць, нашто я іхняму здароўю пагражаю. А так — дык ніхто ня будзе лаяцца. Боты я цяпер вымазаў. Я выпіў тлушчу нашча.
І размазваючы гэты варволь па ботах анучкаю, Швэйк, бачачы, што Марэк адно сумна паківае галавою, самаздаволена дадаў:
— Чалавек павінен быць спрытны. Трэба старацца ўсім карыстацца і нічога з рук не выпускаць.
Увечары прышоў у акалодак салдат і перадаў начальнікаў загад усім, хто захварэў на курыную сьлепату, ісьці пасьля дзесяці гадзін на кухню. Кашавар паставіў там тры вараныя пячонкі ў катле на гарачае вугальле, каб яны не астылі, і начальнік загадаў:
— Станавіся на калені ля гэтае пасудзіны і накрыйся паверх галавы коўдраю, каб пара ішла ў вочы. А ты падрыхтуеш мне пасьля пячонку з цыбуляю на вячэру, — зьвяриуўся ён да кашавара, і пашоў.
Палонныя зьмяняліся па дзесяць чалавек за гэтаю валаводзінаю. Сьляпыя вылуплівалі вочы, і на пячонку капала сьліна, што цякла з роту, як у галодных сабак. Кашавар, бачачы, што яны ня гэтакія нясумленныя, каб сьцягнуць з пасудзіны сваё нязвычайнае лякарства і ня даць такім чынам сваім таварышам палячыцца, паехаў па ваду, жорстка загадаўшы ім не чапаць пячонкі, пакуль ён ня вернецца.
— Ён хоча зьесьці яе адзін, — сумна сказаў Пісклявы, страсянуўшы пад коўдраю спацелаю галавою.
— Што-ж, пячонка з цыбуляю ня так ужо і кепска, — уздыхнуў Гаршына. — Порцыя каштавала раней трыццаць хэльлераў. А ўрэшце, яе можна есьці і бяз цыбулі.
— Шкада толькі, што яна ня зусім гарачая, — умяшаўся ў дэбаты Швэйк. — Глядзеце, пара з яе ўжо больш ня ідзе. Вочы мы ўжо ня можам падсунуць да яе яшчэ бліжэй, так што цяпер застаецца толькі падсунуць яе бліжэй да вачэй. Мы-ж — апошні дзесятак, і пасьля нас нікога няма.
Ён працягнуў руку ў кацёл, дастаў кавалачак пячонкі, прыклаў яго да вока і радасна гукнуў:
— Вось гэтак яно дзейнічае як ня трэба лепш! Я бачу, бачу як мае быць!
— А я бачу, што і мне трэба зрабіць тое-ж самае, каб захаваць вочы! — абазваўся Пісклявы. — Чаго ты гэтак чаўкаеш, Швэйк?
— На пячонцы быў кавалачак сала, — адказаў Швэйк, — і гэта можа пашкадзіць на вочы. Так што я сала зьлізаў.
— Зьлізаў і глынуў, — паправіў яго Гаршына. — Па-мойму, браткі, нам усім варта было-б прыкласьці па кавалачку пячонкі да вачэй.
Пад коўдраю пачаўся прыхільны да гэтае прапановы шэпт. І галовы стукнуліся лбамі адна аб адну — гэтак нізка нагнуліся сьляпыя над катлом. А калі Швэйк неўзабаве пасьля гэтага зноў уздумаў узлагодзіць вочы пячоначным цяплом, і сунуў руку ў кацёл, яго рука спаткала там дзевяць іншых рук, якія, растапырыўшы пальцы, зьбіралі на дне катла апошнія астаткі пячонкі.
— Гэта зусім як на банкеце ў мадам Хрдлічкі, — з прыкрасьцю заўважыў Швэйк. — Гэта, ведаеце, была шляхетная, выхаваная жанчына, адно што крыху скупаватая. У пакоях у яе была паркетная падлога, але, каб яе не псаваць нагамі, яна ўкрыла яе ліналеўмам, а каб не псаваць ліналеум, купіла дыван. А на дыван паслала дзяругу, на дзяругу — пакавальную паперу,а на паперу — старыя газэты, каб ня драпаць паркетную падлогу.
— Даволі лухту вярзьці! — засьмяяўся Пісклявы.
— Не, яна сапраўды была гэтакая, — ня ўнімаўся Швэйк, — хоць яе нельга было раўнаць да якоесьці мадам Бразды ў Страканіцы, якая падсьцілала газэты пад свайго мужа, каб ён ня пэцкаў сяньніка і прасьцірадлаў. Яна выпісвала тры газэты, і ўся папера ішла на пасьціл, бо мадам Бразда вельмі шанавала чыстату і парадак.
— А што-ж здарылася з тваею мадам Хрдлічкаю?
— Гэта вы зараз пачуеце, — заявіў Швэйк, варочаючыся да свае ранейшае тэмы. — Яе мужа выбралі ў члены гарадзкое рады, і з гэтага выпадку яна ўздымала наладзіць дзеля гасьцей абед. Запрасілі дзесяць чалавек гасьцей, а яна купіла дванаццаць шніцаляў і дала кухарцы, каб тая прырыхтавала іх на вячэру з бульбяною прыправаю. З запрошаных зьявілася толькі дзевяць чалавек, так што кожны ўзяў сабе за сталом па шніцалю, а дванаццаты сіротліва астаўся ляжаць на талерцы. Гаспадыня запрашае, каб госьці яго елі, але тыя, вядома, як людзі далікатныя, дзякуюць і адмаўляюцца, хоць, ясна, былі яшчэ галодныя, самі ведаеце, якія апэтыты ў «бацькоў гораду»… Словам, яны і выгляду не паказалі і пачалі гаварыць пра тое, як яны будуць старацца падняць гарадзкі дабрабыт і дамогуцца адмены мастаўшчыны. І раптам — трынк! — патухла электрычнасьць, бо на электрастанцыі штосьці папала ў машыну. Мадам Хрдлічка загадала, каб служанка прынесла лямпу з газаю, а пакуль што кампанія сядзіць у цемені. Раптам у сталовай хтосьці закрычаў ад болю і ў тую-ж хвіліну запалілася электрычнасьць. І перад вачыма ўсіх адкрываецца жудасны малюнак. Гаспадыня прыкрывае рукою на талерцы шніцаль і ў гэтую руку ўколана дзесяць відэльцаў. Вось якія справы адбываюцца ў цемені! Дык як-жа ім ня здарыцца і ў нас, калі цёмна і мы, да таго яшчэ, сьляпыя! А цяпер, браткі, пара нам і драла даваць.
Ледзь пасьпелі яны вярнуцца ў барак, як начальнік дружыны падзякаваў кашавара параю аплявух, калі той паведаміў яго, што пячонка зьнікла і што іншага нічога няма на вячэру. Каб уцешыць начальніка, ён сказаў:
— Дык яна-ж і была ўся заплявана, ваша высокаблагародзьдзе!
— Гэтыя аплявухі былі — канец дзейнасьці Баранава ў 208-й рабочай дружыне. Кашавар паскардзіўся начальніку ў Будславе. Начальства знайшло, што палонныя мелі права есьці пячонку пасьля сканчэньня працэдуры, і накіравала адпаведны рапарт вышэйшаму начальству ў Віцебск. К выніку, Баранава перавялі на іншую пасаду, а на яго месца назначылі палкоўніка Галаваценку.