Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/6/Праца на абарону
← Што рабіць? | Праца на абарону Раман Аўтар: Карэл Ванек 1932 год Пераклад: Кузьма Чорны |
Рабуй і не саромся → |
5
ПРАЦА НА АБАРОНУ
Ніколі яшчэ ня было вайны, якая-б вялася з прычыны нізкіх або нясумленных імкненьняў. Ніколі яшчэ ня было наступальнай вайны, ці разбойнага нападу. Кожная дзяржава вядзе вайну толькі дзеля абароны, ні адна дзяржава ніколі не нападала першая, а толькі абаранялася ад нападу. На Аўстрыю напала Сэрбія, на Нямеччыну — Бэльгія, на Сэрбію — Нямеччына, на Бэльгію — Аўстрыя, на Англію — Баўгарыя, на Францыю — Турцыя, на Турцыю — Францыя; і ўсе іншыя дзяржавы, што паслалі на бойню свае вялічэзныя арміі, зрабілі гэта толькі з тэй прычыны, каб перамагла ідэя справядлівасьці, чалавекалюбства і прогрэсу. З гэтых меркаваньняў Баўгарыя далучылася да цэнтральных дзяржаваў, а Румынія да Антанты.
Дзеля прынцыпу самавызначэньня вяла вайну Расія, дзе палякі ня сьмелі нават падаць свайго голасу. За прынцып самавызначэньня пралівалі сваю кроў Аўстрыя, дзе чэхам была дадзена воля выміраць, і Вэнгрыя, што жорстка душыла славакаў. Дзеля таго-ж прынцыпу ўзялася за зброю Нямеччына, што прыгнечвала пазнанскіх палякоў, і за права малых народаў улезла ў вайну Англія, якая душыла салдацкім ботам Ірляндыю. Словам, усе гэтыя дзяржавы ўзьнялі меч за вызваленьне малых народаў.
Зьмяшаньне моваў было горшае як пры бабілёнскім зьмяшаньні, і выклікала поўнае зьмяшаньне разуменьняў. Нямеччына ваявала ў імя абароны нямецкай культуры, а Расія павінна была пры дапамозе вайны выратаваць сьвет ад нямецкага барбарства; палякі ў Нямеччыне стварылі лёгіёны супроць Расіі, а палякі ў Расіі — дзеля змаганьня з Нямеччынай. Так што справа, сапраўды, была горшая, як пад бабілёнскаю вежаю, бо там у ўтрапеньне ўпалі толькі муляры і падзёншчыкі, тады як будаўнікі і кураўнікі захавалі яснасьць розуму, зразумелую ім мову і добра выпрацаваныя пляны.
Грандыёзны размах ідэі права і справядлівасьці, за якую змагалася кожная дзяржава, сьцьвярджаючы, што яна абараняе гэтую ідэю ад ворага, які сьцьвярджаў якраз адваротнае, — захопліваў усё большыя і большыя колы насельнасьці, што непасрэдна, або стараною, удзельнічалі ў вайне. Праўда, да гэтага ўдзелу насельнасьць часта прымушалі жандары, але ў афіцыяльных органах усё-ж са задаваленьнем адзначалася, што захапленьне насельнасьці вайною ўзмацняецца і што народ няспынна гатавы да вялікіх ахвяр за айчыну.
Да адбываньня вайсковых павіннасьцяй былі сьпярша ўзяты няздольныя насіць зброю мужчыны, за імі пашлі жанчыны, а пасьля ўзялі ў работу і дзяцей; але калі выявілася, што і гэтага мала, дзяржава пачала пасылаць на работу дзеля ўмацаваньня яго моцы салдат тых дзяржаў, якія ваявалі з імі, каб тыя дапамагалі ёй абараняць тую самую ідэю справядлівасьці, за якую яшчэ зусім нядаўна ваявалі супроць гэтае дзяржавы.
Праўда, кожная дзяржава карала парушэньне ваеннае прысягі бязьлітаснымі расстрэламі, кожная дзяржава трымала на сваіх грамадзян, якія асмеліліся-б чым-небудзь спрыяць на карысьць варожае дзяржавы, нарыхтаваную вяроўку, але гэта не перашкаджала ёй выкарыстоўваць ваеннапалонных дзеля вырабу фугасаў, на якіх павінны былі-б узарвацца іх-жа браты, дзеля абточкі знарадаў, якімі павінны былі быць падпалены іх вёскі, або дзеля капаньня акопаў, з якіх іх бацькі і браты павінны былі быць перастраляны, як курапаты. Тут ня лічыліся ні з якай сьвятасьцю прысягі, бо тут былі зачэплены іншыя інтарэсы, і ў пытаньні пра чалавечнасьць карысталіся іншымі маштабамі, чым у мірны час, або ў дачыненьні да сваіх падданых.
Усялякае злачынства можна было апраўдаць, бо кожная-ж дзяржава толькі абаранялася, ваявала, каб абараніць найвышшае шчасьце чалавецтва. Дык няўжо-ж урады гэтых дзяржаў не павінны былі даць палонным варожым салдатам гонар удзельнічаць у гэтакай «вялікай» справе? Хіба не адбывалася ўсё гэта ў вялікім ХХ веку?
У 1916 г. Расія эвакуявала ўсіх ваеннапалонных з сібірскіх лягераў і разьмеркавала іх у гарадох на сваім заходнім фронце.
У першую чаргу перавезьлі туды чэхаў і славакаў, бо кіеўская газэта «Чехо-славяне» і пецярбурская «Чехо-словак» у кожным нумары горача пераконвалі расійскі ўрад, нібы ваеннапалонныя славянскага паходжаньня да канца адданы Расіі і нібы, калі выкарыстаць іх на шанцавых работах і на капаньні акопаў, яны аддадуць усе свае сілы на службу Расіі. Дык іх сьпешна і падвязьлі, босых, голых, адразу пасьля новага году, амаль да самага фронту. Калі ваеннапалонных славян з лягеру выявілася мала, іх зьнялі з усіх работ у сялян, у рамесьнікаў і на фабрыках па ўсёй Расіі і Сібіры і замянілі немцамі. А пасінелым ад холаду на казарменных дварох чэхам расійскія афіцэры растлумачылі, што матушка-Расія мае да іх бязьмежнае давер’е і што яны павінны мець сабе за вялікі гонар, калі ім дазваляюць спрыяць перамозе расійскае зброі, і не забываць, што славяне ствараюць адзіную сям’ю і што ў сям’і заўсёды шчыра памагаюць адзін аднаму.
Гэтакія растлумачэньні канчаліся звычайна паведамленьнем, што на гэты дзень ня будзе выдадзена хлеба, бо яго не пасьпелі нарыхтаваць, і ня будзе абеду, бо не чакалі, што гэтая партыя ваеннапалонных прыедзе гэтак рана. І сваяцкія дачыненьні да славян выяўляліся ў гэтакія дні найбольш у тым, што палонны, які ў часе прамовы на дваццаціградусным марозе ў сваіх разьбітых казённых ботах пераступаў з нагі на нагу, атрымліваў ад афіцэра раз або два кулаком у твар.
Генэрал Чарэднікаў, што загадваў тылавымі інтэнданцкімі складамі ў Віцебску, прымаючы прывезеных з Омску ваеннапалонных, абмежаваўся тым, што сказаў ім прамову пра значэньне солідарнасьці ўсяго славянства. Абвясьціць, што яны будуць без яды, ён даў свайму ад’ютанту.
Ваеннапалонныя павінны былі падмяніць расійскіх салдат, якіх накіроўвалі на фронт, на разгрузцы транспорртаў абмундыраваньня, ботаў, мясных кансэрваў і цукру і на разьмеркаваньні ўсяго гэтага па магазынах і цэйхгаўзах, а таму нахіл красьці, адзнакі чаго перасмыквалі іх твары, непакоілі генэрала, бо ён і яго ад’ютант самі расьцягвалі казённае дабро — спачатку разам, а пасьля — па адным, каб ня гэтак льга было гэта заўважыць.
— Можа я памыляюся, ваша правасхадзіцельства, але мяне непакоіць, што гэтыя людзі гэтакія разьдзетыя, — заўважыў ад’ютант. — Ці ня лепш было-б іх раней адзець як належыць? Калі ім даць адзін раз, яны ня ўкрадуць тры разы.
— Вы ўгадалі мае думкі, — сказаў у глыбокай задуме генэрал. — Няйначай сёньня-ж выканаць тое, што вы прапануеце. Не адмоўце выдаць ваеннапалонным пасьля абеду па дзьве зьмены бялізны, пару ботаў, абмундыроўку і шапку. Каб адрозьніць іх ад нашых салдат, на сьпінах давядзецца намаляваць ім нумары. Загадайце, каб пісары падрыхтавалі сьпісы іх па-ротна і каб кожнаму быў дадзены нумар.
— Слухаю, ваша правасхадзіцельства! — адчыканіў ад’ютант.
Калі-б генэрал паглядзеў яму ўсьлед, ён заўважыў-бы, як той, накіроўваючыся да цэйхгаўзу, паціраў сабе рукі. Палонных было тысяча шэсьцьсот чалавек; з іх шэсьцьсот павінны былі астацца ў Віцебску, а рэшта ішлі далей на фронт. Дык вось, гэтай тысячы чалавек ён нічога ня дасьць, а тысяча пар ботаў і дзьве тысячы пар бялізны застануцца ў цэйхгаўзе, каб папоўніць пакражу, якая яго самога пачала ўжо непакоіць. Ён адразу-ж загадаў адстукаць на машынцы загад падрыхтаваць тысячу шэсьцьсот пар дзеля экіпіроўкі ваеннапалонных.
Палонных раскватаравалі на другім канцы гораду, у драўляных бараках. «Старыя», што жылі тут ужо цэлы год, абкружылі новых сібіракоў, закідваючы іх пытаньнямі, адкуль яны і што чулі добрага ў дарозе, і ці няма сярод іх землякоў і аднапалчан.
— А што, з 91-га палка ў вас тут нікога няма? — запытаў Швэйк. — Ведаеце, хлопцы, гэта — жалезны полк! Ніхто з яго не здаваўся ў палон. Я-ж і сам з таго палка. У нас усе адборныя салдаты.
— Што ты хлусіш! — абазваўся хтосьці з «старых». — Расійцы забралі ў палон цэлы батальён 91-га палка, нават без аніводнага стрэлу. У нас іх людзей, як сабак нярэзаных! Батальён здаўся расійцам разам з афіцэрамі і абозам. Наш доктар таксама з іхніх.
— От як? У вас тут ёсьць свой доктар? Дык я-ж яго напэўна ведаю. Дзе ён? Хадзем, пакажы мне яго.
— Ён, праўда, не сапраўдны доктар, але тут ён паказвае сябе за сапраўднага, — паведаміў Швэйку новы знаёмы. — Ты-ж ведаеш, што тут кожны можа паказваць сябе за каго хоча. Ну, добра, хадзем, я цябе завяду да яго. Ён загадвае лазарэтам і цэлы дзень на працы.
Ён пацягнуў Швэйка да барака, на якім быў намаляваны чырвоны крыж. У бараку былі пастаўлены зьбітыя з дошчак ложкі. Яны стаялі далекавата адзін ад аднаго, і на іх, на чымсьці, што льга было назваць сяньнікамі, калі-б у гэтых сяньнікох было хоць крыху саломы, ляжалі хворыя. У праходах паміж ложкамі хадзіў чалавек у белым халаце, прыпыняўся ля хворых, мацаў у іх пульс і гаварыў санітарам, што даваць хвораму.
— Ён якраз робіць абход… Нам прыдзецца пачакаць, а то ён зазлуе, — шапнуў Швэйку яго таварыш у той час, як Швэйк прыслухоўваўся да глыбокага басу, якім доктар даваў загады: «Асьпірын… Natrum bicarbonicum… Oleum terpentine!.. Tinctura iodi!..» і напружваў сваю памяць, стараючыся ўспомніць, чый гэта такі знаёмы голас.
Доктар дайшоў да канца пакою і павярнуў назад, і Швэйк глянуў яму ў твар. Чалавек у белым халаце таксама кінуў вока на палонных, што стаялі перад ім, як-бы чакаючы яго дапамогі, і шпаркімі крокамі падышоў да іх.
— Што ў вас баліць? — сказаў ён Швэйку. Той ня доўга думаючы, адказаў:
— У мяне баліць горла. Я не магу ні гаварыць, ні есьці, ні сьпяваць.
— А ну, разьзяў рот! — загадаў доктар, дапытліва ўглядваючыся ў Швэйка і дастаючы з кішэні драўляную лапатачку. — Разьзяўце рот шырэй, каб я мог паглядзець ваша горла… Скажэце: «а»… Яшчэ раз: «а»…
— А-а-а-а, — зароў Швэйк.
— Не, ня трэба, — раптам дадумаўся доктар. — У вас ýngi is grandulosa. Алоіз, дайце яму natrum gipermanganicum. Вам дадуць крупінкі адмысловай бактэрыолёгічнай солі, — гаварыў ён, ня спускаючы вачэй з Швэйка. — Вы разьмяшаеце крыху яе ў гарачай вадзе і будзеце паласкаць горла тры разы ў дзень. Ня піць, ня глытаць, бо гэта атрута! А дзён праз тры вы зноў прыдзеце да мяне. Вы з Омску? Якога палка?
— Мне здаецца, пане Ванэк, што паласканьне мне не паможа, — сумна зацягнуў Швэйк. — У мяне, напэўна, запаленьне сьляпое кішкі… А ў нас у 91-м палку я ведаў нейкага каптэнармуса Ванэка з Кралуп, які быў да прызваў за драгіста і як дзьве кроплі вады падобнага да вас, пане доктар.
— Я гэтак і думаў, што вы Швэйк, — шпарка прагаварыў «доктар», палахліва азіраючыся на хворых, што ляжалі на ложках. Ну, вядома-ж, гэтак яно і ёсьць. А тут яшчэ з вамі хто?
— Так што, пане каптэнармус, дазвольце далажыць, тут яшчэ вольнапісаны Марэк, — сказаў Швэйк, а Ванэк, нахмурыўшыся, зашыпеў:
— Ня клічце мяне каптэнармусам і нікому не кажэце, што я драгіст. Цяпер я — доктар. Марэк, наколькі мне вядома, перайшоў да расійцаў пад Дубно. А мяне ўзялі ў палон на другі дзень з усім батальёнам і з яго начальнікам.
— Значыцца, пан паручнік Лукаш таксама тут? — радасна гукнуў Швэйк.
— Але, пан капітан Лукаш таксама тут, — з націскам яшчэ сказаў Ванэк, скідаючы халат, і Швэйк заўважыў на яго жыкетцы срэбныя нашыўкі і чорныя аксамітавыя абшлагі, а на рукаве нашыўкі з чорным крыжам. Ванэк злавіў яго зьдзіўлены позірк і нехаця сказаў:
— Я прайду з вамі да вольнапісанага. Тут будуць формаваць рабочыя дружыны на работу на складах, дык я вам раю запісацца туды, бо там льга красьці, колькі хочаш. А Марэку я скажу, каб ён пашоў па мэдычнай галіне. Тут патрэбен будзе другі доктар; я адзін не магу з усімі ўправіцца. Апроч таго, тут ня кепская прыватная практыка, — дадаў ён, калі яны вышлі з дзьвярэй. — Марэк ведае лаціну, а двум-тром адмысловым тэрмінам я яго навучу, так што ніхто не здагадаецца, што ён ні доктар. Ну, хадзем да яго, каб папярэдзіць яго.
Неўзабаве яны сядзелі ўтраіх у кутку, наводдалек ад усіх. Марэк трымаў на каленях блёкнот і запісваў тое, што дыктаваў яму «доктар» Ванэк.
— Пухліну мазаць ёдам, шкіпінарам або гліцарынаю… Усе хваробы, якія ты ня можаш распазнаць, завуцца — «інфлюэнца»… А вэнэрычныя хваробы ты ведаеш. Можа здарыцца, што цябе што-небудзь запытае тутэйшы доктар. Калі ён зьбянтэжыць цябе якім-небудзь пытаньнем, пачні расказваць яму пра мэдычныя выдатнасьці. Я табе дам адну кніжачку, з яе можаш сёе-тое вычытаць. Зайдзі па яе ўвечары. У мяне ёсьць і сьпірытус на кампрэсы; але я раблю з яга гарэлку.
Праз дваццаць чатыры гадзіны нашы знаёмцы пачалі хадзіць у старых расійскіх салдацкіх мундырах, перад гэтым шчысьціўшы з іх гніды цьвёрдай шчоткай. Ячы ўжо ведалі, што ўвайшлі ў склад 208-е рабочай дружыны. У кожнага гэтага нумар, а таксама парадкавы нумар, пад якім палонны лічыўся ў дружыне, быў выведзены чорнай фарбаю на сьпіне. У Марэка ў кішэні быў загад, якім ён прызначаўся за малодшага дактара ў лазарэце для ваеннапалонных, і які даваў яму волю вольна хадзіць у раёне Віцебску. Гаршына пранюхаў, што ў суседнім квартале была цэлая вуліца, дзе палонныя і расійскія салдаты маглі збываць у крамках крадзеныя рэчы і тут-жа або прапіць грошы, або ўскласьці іх на алтар якой-небудзь таннае служкі Вэнэры і Пісклявы рашучым тонам вылажыў свае пляны:
— Раз Марэк цяпер «доктар», ён выдасьць мне пасьведчаньне, што я хворы, а я пайду ў горад працаваць, шыць. У горадзе гэтых самых прастытутак для паноў афіцэраў — процьма, і я бачыў. От на іх я і буду шыць.
Калі ўвечары Марэк за сьвечкаю засеў за «Кароткі падручнік для ваенных фэльчароў», каб набрацца ўмельства даваць дапамогу хворым ці параненым, ён прызнаўся Швэйку, што яму ўсё-ж страшна распараджацца здароўем і жыцьцём людзей, ня маючы на гэта аніякіх ведаў. Швэйк засьпяшаўся падбадзёрыць яго:
— Дык-жа й я буду грузіць цукер, а ніколі ў жыцьці гэтым не займаўся. Усё на сьвеце нейк само сабою робіцца, а ў мэдыцыне каб вельмі, дык напсаваць ты ня можаш. Атручваць людзей ты ня будзеш, а каму трэба памерці, той памрэ і без дакторскае дапамогі. А пасьля проста выяўляецца, што навука выпрабавала ўсе сродкі, і, значыцца, ты не вінаваты. Вось, напрыклад, у нашым доме дзяўчынка ў пані Кубат глынула срэбную крону. Маці пабегла з ёю ў амбуляторыю гарадзкой больніцы. Там ёй кажуць: «Глупства. Зварэце ёй ячменнае кашы і дайце вось гэты парашок. Яе пройме вольнасьцю, і крона выйдзе ззаду». Маці гэтак і зрабіла, але крона ня вышла. Тады яна пабегла з дзяўчынкай у дзіцячую больніцу, а там доктар кажа: «Напойце яе гарачым малаком з дзесяцьцю кроплямі з гэтай бутэлечкі. Дзяўчынку вырве, і крона выйдзе сьпераду». Ну, маці зрабіла гэтак, як казалі, але кроны ўсё няма. А ўвечары дзяўчынку раптам праняло і вырвала. І як-бы ты падумаў! Пяцьдзесят хэльлераў вышла ў яе сьпераду і пяцьдзесят ззаду! Гэта таму, што абодва дактары далі ёй гэтакае лякарства, якое павінна было памагчы.
Але Швэйкавы развагі здаваліся Марэку непераканальнымі. Усю цалюткую ноч ён праваляўся на ложку, можна сказаць зусім не заплюшчыўшы вачэй і ляскаючы зубамі са страху. Яму прысьнілася, нібы надышоў дзень страшнага суду, і над змрочнаю зямлёю летаюць анёлы і арханёлы, адзетыя ў вайсковую форму і трубяць у ваенныя трубы трывогу. А зямля правальваецца, з магіл выходзяць мерцьвякі і несканчонымі шэрагамі выстройваюцца ля божага прастолу. І вось бог кажа Марэку: «Тыя, што направа, памерлі сваею сьмерцю. Тыя, што поруч з імі, загінулі ў руднікох, на заводах, за працаю. Вось гэтыя памерлі ад рукі сваіх дактароў, калі апэрацыя «ўдавалася бліскуча». А тыя там, якіх яшчэ больш, забіты на вайне. Але от пра гэта несканчоны натоўп я нічога ня ведаю. Гэй, вы, хто гэта накіраваў вас на той сьвет?» Гэтак сказаў бог. І Марэк убачыў, што з натоўпу вышаў страшны скілет, падышоў да божата прастолу і, узяўшы пад казырок, Швэйкавым голасам адказаў: «Вольнапісаны Марэк з 91-га пяхотнага палка».
Пасьля гэтых словаў усе шкілеты ўзьнялі ўгару касьцьлявыя рукі і, ляскаючы зубамі, пачалі цягнуцца да Марэка сваімі страшнымі ратамі. Марэк у роспачы заварушыўся і закрычаў, а над ім пачуўся дабрадушны Швэйкаў голас:
— Ну, ну, ты-ж гэтак усю гарбату разальлеш. Пара на работу. Пі, пакуль гарачае. Бачыш, ты ўвесь упацеў. Хадзем на абарону бацькаўшчыны.
На двор вышаў да іх генэрал Чарэднікаў з некалькімі малодшымі афіцарамі і ўнтэр-афіцарамі. Ён зноў сказаў палонным прамову, у якой выказаў, што ад іх шчырасьці, ад іх сумленьня, ад іх прыхільнасьці да работы залежыць перамога расійскай арміі, якая б’ецца за вызваленьне славянства, і што яны павінны паказаць сябе вартымі гэтакага давер’я. А хто выявіцца як няварты яго, той на першы раз атрымае дваццаць пяць лазовых дубцоў ніжэй сьпіны, на другі раз будзе расстраляна, а на трэці раз — гэта нават палоннаму салдату лічыцца ганебнаю сьмерцю — будзе павешаны.
І пад цяжкімі ўражаньнямі гэтай пагрозы, палонныя разышліся па магазынах і складах, дзе хаваліся багацьці расійскае арміі.