Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/6/Швэйк робіць рэволюцыю
← Усе пакідаюць Швэйка | Швэйк робіць рэволюцыю Раман Аўтар: Карэл Ванек 1932 год Пераклад: Кузьма Чорны |
Апошні этап удалага ваякі → |
15
ШВЭЙК РОБІЦЬ РЭВОЛЮЦЫЮ
Я нагэтулькі сьмелы, што дазволю сабе сьцьвярджаць вось што: аўтары падручнікаў, на якіх вучыліся мы і наша пакаленьне, былі фэномэнальныя ідыёты. У жыцьці ўсё выходзіць іначай, ніж тое, што вычытваюць дзеці з кніг, напісаных мудрымі старымі і акадэмікамі, для асьветы юнацтва і на славу айчыны і дынастыі.
Напрыклад, у той час, калі я вучыўся ў пачатковай школе, у нашай хрэстаматыі было апавяданьне пад загалоўкам: «Сотня глупстваў замучыла асла да сьмерці».
Гэтае апавяданьне напісаў няйначай куды большы асёл за таго, пра якога ішла гутарка; а тымчасам, за аўтара яго быў даволі выдатны пэдагог. Сюжэт быў гэтакі: гаспадар павёз на сваім асьле продукты на рынак. Па дарозе знайходзіць шмат рэчаў, якія здаюцца яму патрэбнымі для продажу. Ён зьбірае іх і нагружае на асла, прыгаворваючы: «Гэта-ж глупства гэтага мой асёл нават і не адчуе». Нарэшце гэтая сотня глупстваў давяла да таго, што асёл пад цяжарам іх упаў і здох.
Відаць, аўтар гэтага навучальнага апавяданьня ніколі не спатыкаў сапраўдных, чатырохногіх аслоў, або думаў, што ўсе вучні будуць з цягам часу за чыноўнікаў падатковага кіраўніцтва, якія будуць душыць народ непасільнымі падаткамі. А можа ён хацеў папярэдзіць іх, што яны самі ператворацца ў выплатнікаў падатку, і даць ім прыклад, як яны павінны будуць пакорліва і моўчкі нясьці на сабе падатковы цяжар, пакуль не ўпадуць і ня здохнуць?.. Словам, і так, і гэтак — надзвычай узвышаная тэндэнцыя, мораль якое павінна быць захаванай у памяці.
Чалавек, што сапраўды меў справу з асламі, апісаў-бы гэта зусім іначай і куды больш праўдзівей: як асёл, адчуўшы на сабе залішне вялікі цяжар, спыняецца, і ня ідзе далей, як ён пачынае брыкацца, калі яго пачынаюць вельмі паганяць кіем, і як ён, нарэшце, налаўчыўшыся, б’е свайго гаспадара капытамі між вачэй, скідае з сябе груз і ўцякае ў поле.
Дачыненьне народаў і армій да вайны было якраз гэтакае-ж, як у асла ў хрэстаматыі да грузаў, які ўсё зноў і зноў накладалі на яго. Гэта таксама былі ўсе нібы «глупствы», але іх прымалі далёка не спакойна. Пасьля пяцьдзесятага «глупства» эўрапэйскі асёл занатурыўся. І перш за ўсё ў Расіі, бо там ня было гэтак многа соцыял-дэмократаў, якія ўзялі-б асла за павады і пачалі-б яго ўгаворваць ісьці далей, бо яго цяжар яму вельмі да твару і выгода яго гаспадара ёсьць і яго выгода, бо калі гаспадар заробіць, дык пабольшыць жменю сена і свайму аслу. Там, у Расіі, асёл ішоў толькі з сваім кармільцам-гаспадаром, царскім урадам, які не шкадаваў кія, як толькі заўважаў, што асёл зьменшвае крок. Уся бяда для расійскага ўраду была ў тым, што ён ня здолеў штучна разьвесьці ў сябе пароду соцыял-дэмократаў. Калі-б ён здагадаўся вывесьці іх, як куранят у інкубатары, Мікалай II і цяпер спакойна панаваў-бы ў славу божыю і на шчасьце свайго народу.
А ўся рэшта Расіі была-б тым аслом, які здыхае.
Забойства Распуціна, чалавека, што, дзякуючы свайму сьцьвярджэньню, нібы яму зьявіўся бог, зрабіўся за фаворыта царыцы і яе пяці дачок і за духоўнага ўцяшальніка ўсіх прыдворных дам, дух якіх ён узносіў да нябёс прынцыпіяльна толькі ў пасьцелі, ускалыхнула ўсю Расію, як буйны віхор калыша магутны дуб з падгнілымі каранямі. Гэта здарылася якраз у тую зіму, калі Швэйк, што быў пакінены ўсімі сваімі таварышамі, заядла вырабляў алюміневыя пярсьцёнкі. Няпісьменныя расійскія салдаты зьбіраліся вечарамі навокал Гаршыны, які прыносіў ім газэты. Ён чытаў ім голасна доўгія артыкулы наконт забойства гэтага чалавека, якога вызнавалі каб траха дык за сьвятога, чытаў усе гэтыя здогадкі і меркаваньні пра мотывы забойства, і расійскія мужыкі, падпёршы рукою шчокі, уважліва слухалі, устаўляючы сягды-тагды свае заўвагі.
— Вось дык начальства ў нас, маць яго!..
— Ён, падла, забаўляецца, а людзі за яго на фронце ўмірай!..
— Бач ты! А яшчэ царыца! Немка праклятая, каб на яе халера!
— Вось, вось! У Пецярбурзе шашні разводзяць, а цябе тут у акопах вошы ядуць!
— Не, трэба канчаць вайну! Перабіць усё начальства і пайсьці дадому!
Праўда, гэтак салдаты гаварылі толькі паміж сабою, не паказваючы і выгляду перад унтэрамі або афіцэрамі. А пасьля гэтакіх гутарак яны ішлі ў барак і сьпявалі народны гімн. Унтэр-афіцэр Ананьін, пад начальствам якога была варта, што займала разам з палоннымі адзін барак, быў вельмі набожны і адданы свайму монарху.
Ён прызнаваў толькі сьпірытус, гадзячыся палітуры, і марыў пра тое, што неўзабаве зноў дазволяць продаж гарэлкі і можна будзе напівацца да самага нельга, каб адчуваць сябе добра на сьвеце. У хвіліны асаблівага ўзьнятага настрою, ён стараўся дастаць хоць-бы бутэльку самагону, які ён піў проста з горла. І тады, ня гледзячы на ўсю сваю адданасьць цару, ён ня мог утрымамца, каб не падумаць сам сабе: «А толькі дарма ён вайну ўздумаў і гарэлку забараніў, маць яго разтак».
Расійскія газэты пачалі пісаць усё вастрэй і сьмялей. У арміі тлеў дух абуранасьці і газэты яго падтрымлівалі. Аднойчы, калі Гаршына чытаў голасна артыкул, што патрабаваў перадачы ўсёй улады народнаму прадстаўніцтву, і салдаты паставіліся спачувальна да гэтае думкі, у барак увайшоў прапаршчык Вараб’ёў.
Паглыбіўшыся ў газэту, ніхто яго не заўважыў. Ён спыніўся ззаду за салдатамі і прыслухаўся да заўваг, што падаваліся на гаршынаву чытанку.
— Бач, гад які выявіўся, Сухамлінаў, маць яго!..
— Ну, але кажуць, цяпер хутка вайне канец. Усё немцам прададзена.
— Вядуць нас проста як жывёлу ў разьніцу!
— Трэба перабіць усё начальства і сказаць немцам, каб яны таксама сваіх афіцэраў пабілі!
— З-за гэтакае курвы, з-за немкі, нашага брата па мордзе лупяць!
— Усюды, значыцца, тая-ж песьня, — сказаў сам сабе прапаршчык, паціху выходзячы з барака, і наняўшы рамізьніка, паехаў да сябе на кватэру. Там ён замкнуўся ў сваім пакоі, дастаў з шуфляды паперу і пачаў штосьці пісаць. Падумаўшы, ён шпарка накідаў некалькі радкоў і толькі тады вывеў над імі: «Таварышы».
— Сёньня я іду на рынак, — сказаў праз некалькі дзён Швэйк да Гаршыны, які зноў зьбіраўся зрабіць візіту сваім колегам офіцыянтам, што кармілі яго з пачуцьня солідарнасьці. — Тавару ў мяне нарыхтавана шмат, і ён падае ў цане. А хлеб усё даражае, сала — таксама, і чым далей, тым цяжэй будзе што-небудзь купіць.
— Добра, прадавай, — мудра заўважыў Гаршына, — але глядзі, язык трымай за зубамі. Учора ўвечары ў расторане расказвалі, нібы ў Петраградзе ўспыхнула рэволюцыя. Офіцыянты штосьці гэтакае чулі, нібы там стралялі і цяпер яшчэ страляюць. Можа быць, там адбываецца галодны бунт?
— Тут таксама ўсё варушыцца, — адазваўся Швэйк. — Невялікая заваруха магла-б пачацца і тут. Ну, але я ўмешвацца ні ў вошта ня буду, буду трымаць нэўтралітэт. Пачакай, я пайду з табою разам.
Яны пашлі поплеч у горад па гразкай дарозе, на якой раставалі кучы сьнегу.
— Так што, калі што здарыцца, пастарайся ня ўлопацца ў гісторыю, — зноў пачаў Гаршына пераконваць Швэйка, бачачы казачыя разьезды, якіх дагэтуль у горадзе ня было.
— Ну я-ж ня гэтакі дурань, і розуму ў мяне ў самога на гэта хопіць, — адказаў яму Швэйк. — Я табе кажу, што буду нэўтральны. Можа-ж са мною ня здарыцца гэтак, як з нейкім Губачакам, якога я спатыкаў у Кашыршы ў карчме «Млын». Нейк раз паспрачаліся між сабою ў гэтай самай карчме Губачакаў сын, яго зяць і зяцяў швагер; спачатку паспрачаліся, а потым і пабіліся, ды гэтак, што аж пух ляцеў. Ну, людзі паклікалі старога Губачака, каб ён прышоў разьвёў іх, бо гэта яго сваякі і павінны яго слухаць, а ён кажа: «Што мне да таго, што яны паміж сабою не паладзілі. Няхай як знаюць, так і робяць. А я трымаю нэўтралітэт». Нарэшце давялося выклікаць паліцыю, якая гэтых збойцаў затрымала і пасадзіла пры Сьміхаўскім арыштанскім доме. Вярнуліся яны дадому толькі на чацьвертыя суткі і давай удваіх лупцаваць старога: «Чорт яго ведае што такое, — крычыць адзін, — вы мой цесьць, а дазваляеце, каб мяне біў гэтакі смаркач, як ваш сын». А сын крычыць: «Дальбог, з аднэй мы сям’і, аднэй мы крыві, а ты нават і не паспрабаваў мяне абараніць, калі мяне павялі пад арышт». І гэтак яны старога аддубасілі, што давялося накіраваць яго ў больніцу, і там ён з сьлязьмі сказаў дактаром, якія прыкладвалі яму лёд і ўсялякія прымочкі: «Маладыя людзі, дзеля ўсяго сьвятога на сьвеце, паслухайце мяне старога: калі дзе пачынаецца бойка, дык не заставайцеся нэўтральнымі, а будзьце радыкальнымі. Будзеце вы на тым баку ці на гэтым, гэта ўсёадно, але — беце. А калі будзеце нэўтральнымі, дык вас узгрэюць і тыя і гэтыя. Вось усе гэтыя сінякі і гузы ў мяне ад нэўтралітэту, каб на яго халера!»
Праз гадзіну Швэйку прышлося пераканацца, што спагадная для яго тавару кон’юнктура мінулася. Справа пашла дрэнна; ніхто нічога ня купляў. Людзі шумелі і спрачаліся:
— Гэта сумысьля тэлеграму затрымалі. А ён проста з Піцера прыехаў…
— Але-ж камэндант тэлеграму атрымаў! Чаму-ж ён не прачытаў яе салдатам?
— На ўсіх заводах забастоўка… Учора прыяжджаў адзін чалавек з Петраграду, каб, значыцца, і тут баставалі. Кажуць, там — рэволлюцыя.
— Чулі? Кажуць цара бальш няма ў нас!
— Як няма? Хіба можна без цара?
— Дурань! Бяз хлеба, сапраўды нельга. А на якое табе ліха той цар!
Швэйк зразумеў, што тут рыхтуецца штосьці грандыёзнае і схаваў пярсьцёнкі ў кішэню. Пасля ён павярнуў з рынку на галоўную вуліцу, насустрэчу натоўпу, што рынуў да камэндантуры.
Казачыя патрулі і пікеты прайходзілі і праяжджалі ва ўсе бакі, нібы нікога і нічога не заўважаючы; гарадавыя стаялі па дваіх і па траіх на вулічных скрыжаваньнях, з страхам і непакоем чагосьці чакаючы.
І раптам з бакавое вуліцы вышла група забастоўшчыкаў-рабочых, пасярод іх хваляваўся чырвоны сьцяг. Гарадавыя кінуліся адбіраць сьцяг. Але натоўп абкружыў іх шчыльным колам, так што яны не маглі нават абараняцца сваімі шашкамі. І не пасьпелі гарадавыя зьнікнуць, нібы пясчынкі ў вялікім натоўпе, як адусюль чуваць сталі выгукі:
— Няхай жыве рэволюцыя! Бі гарадавых, бі фараонаў!
Над натоўпам заварушыліся кулакі і кіі, і град удараў сыпануўся на гарадавых. Стараючыся закрыць галаву рукамі, яны ледзьве выбраліся на волю і ўцяклі.
Вайсковыя часьці ўсё яшчэ бязьдзейнічалі. Раптам аднекуль зьявілася рота салдат, з чырвонымі стужачкамі на грудзях. На чале іх ішоў прапаршчык Вараб’ёў. Перад будынкам камэндантуры салдаты паднялі яго на плечы, і ён, размазваючы шапкаю, гукнуў:
— Таварышы, салдаты і рабочыя! У Петраградзе пачалася рэволюцыя. Цара прымусілі адрачыся трону, і стары ўрад скінены. Цяпер там улада ў руках савету рабочых і салдацкіх дэпутатаў! Улада паліцыі і адміністрацыі адменена і тут, і цяпер адбываюцца выбары ў наш мясцовы савет, які будзе тут усім кіраваць. Таварышы, вайне будзе зроблены канец. Зямля будзе аддадзена сялянам, а фабрыкі і заводы будуць належаць да саміх рабочых. Няхай жыве рэволюцыя! Няхай жывуць рэволюцыйная армія і рэволюцыйны пролетарыят!
З якогасьці акна грунула некалькі стрэлаў; кулі папалі ў сьцяну насупроць, і натоўп абурыўся.
— Гэта гарадавыя страляюць! Сволачы! Пабіць іх! — чуваць было з усіх бакоў.
Натоўп рынуў на гарадавых, якія кінуліся ўцякаць. Надышла на іх горкая хвіліна. Хоць яны і пасьпяшылі паскідаць з сябе шапі і цэшкі, усё-ж іх пазнавалі па сініх форменных нагавіцах і з імі бязлітасна распраўляліся. Ведаючы, што нагавіцы могуць заўсёды пашкодзіць ім цяпер, гарадавыя стараліся ўсялякімі спосабамі схаваць іх.
Такім чынам здарылася, што Швэйк убачыў у падваротні нейкага чалавека, які стаяў у адных сподніках і дрыжаў усім целам з холаду і страху. Швэйк здагадаўся, што гэта гарадавы, бо яго сінія нагавіцы віселі на круку ў браме.
— Ці ня зьбіраецеся вы тут класьціся спаць? — з цікавасьцю запытаў Швэйк. — Я-б вам ня радзіў. Тут вельмі дзьме, а вам тым больш тут будзе зусім нядобра.
Сьмешна і праціўна было глядзець, як трасьліся ў гарадавога калені і як ён курчыўся і нагінаўся да зямлі, каб яго не заўважылі. І з сваім нязьменным дабрадушшам Швэйк гаварыў далей:
— Мне здаецца, у вас крышку ногі дрыжаць, але вы пра гэта ня дбайце, гэта пройдзе. Наагул, вам тут ня так ужо і кепска. Унь на рынку забілі шэсьць чалавек гарадавых, дык ім куды горш. Што за карысьць, калі пра іх скажаш, што з імі ўжо нічога ня можа больш здарыцца, а што лёс іншых яшчэ невядомы? А ўнь у тым завулку аднаго гарадавога жыўцом пасадзілі на кол. Сядзіць ён цяпер з колам у задзе і сьпявае: «Боже, царя храни». А вы гэтую песьню таксама сьпяваеце? — нечакана дадаў ён, дапытліва глянуўшы на гарадавога.
— Забыў яе, зусім забыў, і ўспамінаць не хачу, — заікаючыся пралепятаў гарадавы, і зубы ў яго гэтак ляскалі, што Швэйк сказаў:
— Здаецца, вам холадна. У вас зубы ляскаюць, як у сабакі калі яна ловіць скочкі на сабе. Ці, можа, вы баіцёся таго, што вас чакае і няйначай з вамі здарыцца? Ня бойцеся, тут вас таксама знойдуць, хоць і не адразу, але затое напэўна. Валасы на галаве ў гарадавога падняліся старчма ад жаху. Ён кінуўся перад Швэйкам на калені і загаласіў:
— Выратуй мяне, добры чалавек, у імя ўсяго сьвятога на сьвеце — выратуй мяне! Што я гэтакае зрабіў! Я служыў — так, я служыў. Мне загадвалі, а я павінен быў слухаць. Ах, што цяпер мне рабіць. Жонка ў мяне, дзеці. Небаракі, мае дзеткі, сіроткі мае!
Гарадавы заплакаў і пачаў рваць на сабе валасы, божкаючы і прысягаючы, што нікога ніколі ня крыўдзіў з уласнага жаданьня, а толькі выконваў загад начальства. Нарэшце ён хапіўся за кішэню.
— Вось, добры чалавек, ёсьць у мяне тут шэсьцьдзесят рублёў, — у роспачы гукнуў ён. — Вазьмі іх сабе і аддай мне свае нагавіцы. У прыдачу вазьмі яшчэ і мае сінія. Яны — з добрага сукна. Зрабі гэта дзеля збавеньня свае душы, захавай бацьку нявінным дзецям.
— Добра, для дзяцей тваіх я цябе пашкадую, — паволі сказаў Швэйк, працягваючы руку па дзесяцірублёўкі. — Май на ўвазе, я раблю гэта толькі адно з свае добрасьці.
Ён адшпіліў папругу, і здымаючы нагавіцы, навучальна сказаў:
— Як-бы злодзей ня краў, а пугі ня міне. Бачыш, галубок, сёньня я табе памог, а заўтра ты мне. Дрэнныя вашаму брату прышлі часы. Тваё шчасьце, што ты не ганяў мяне з пярсьцёнкамі з рынку. Каб ня гэта, дык я нават у гэтакім стане паказаў-бы табе, дзе ракі зімуюць.
Гарадавы шпарка як маланка нацягнуў на сябе швэйкавы нагавіцы, горача паціснуў яму руку і з пачуцьцём сказаў:
— Дай божа, каб зноў надышлі ранейшыя часы і я мог-бы аддзякаваць цябе… Паслухай, ты-ж разумны чалавек. Дык вось, у гімназіі, на Аляксееўскай вуліцы засела шмат нашых. Пралезь як туды, пазабірай у іх сінія нагавіцы і пазанось іхнім жанкам па кватэрах, а табе за гэта шмат грошай дадуць. Зробіш? Добра? А калі вернецца ўсё на стары лад, мы табе нават дазволім сала красьці на рынку. Як кажуць: рука руку мые. Шчасьліва заставацца.
Гарадавы, азіраючыся, вышаў за браму і пашоў ціхенька паўз сьцены дамоў, а пасьля адным махам апынуўся на вуліцы пасярод натоўпу. Цяпер ужо нельга было пазнаць, ён выратаваўся. І Швэйк, зашпільваючы новыя нагавіцы, якія яму былі залішне шырокія і ўсё звальваліся, прамармытаў сабе пад нос:
— Нуі адкормлены-ж быў ён! Сапраўдны фараон! Пачакай, цяпер чэрава ў цябе спадзе!
Ён вышаў за браму і пашоў шукаць гімназіі. Людзі паказалі яму дарогу і нават паказалі самы будынак. Гэта быў дом на рагу, перад якім была зроблена даволі высокая барыкада з выцягненых з гімназіі вучнёўскіх сталоў і лавак, шафаў, дошчак і нават бляшанак, з засьпіртаванымі зьмяямі і іншымі гадамі.
— Адно глядзі, блізка не падыходзь, — крыкнула Швэйку нейкая старая, паказваючы на гэтую прыстройку. — Адтуль страляюць.
Яна ня схлусіла. Як толькі яна схавалася ў пад’езд і Швэйк адзін прайшоў некалькі крокаў далей, з-за барыкады грунула некалькі стрэлаў з стрэльбаў і кулі сьвіснулі паўз яго вушы. Ён таксама шмыгануў у пад’езд, лаючыся:
— Бач, сволачы! На мне сінія нагавіцы, а яны страляюць! Гэтак чалавека адразу забіць льга!
Тады, цьвёрда задумаўшы дайсьці мэты, ён зьняў нагавіцы і, размахваючы імі нібы сьцягам, пабег пасярод вуліцы да барыкады. Гэта памагло, і ніхто ня даў аніводнага стрэлу. І толькі калі ён быў ля тых вучнёўскіх лавак і палез на бліжэйшую шафу, каб адтуль пералезьці цераз гору мэблі, на яго нацэлілася некалькі стрэльбавых руляў, і нечы праразьлівы голас запытаў:
— Ты хто?
— Я адзін з нашых, — коратка адказаў Швэйк, прытрымліваючы рукою нагавіцы.
— А што табе тут трэба, аўстрыяк?
— Я хачу, вам дапамагчы, — таемна шапнуў Швэйк. Стрэльбы спусьціліся ўніз; пасьля кароткае нарады Швэйку было перададзена:
— Ну што-ж, лезь.
Чалавек трыццаць гарадавых было на барыкадзе, і чалавек сто, разам з прыставам і акалотачным, былі ў сярэдзіне будынку. У ва ўсіх было, апроч рэвольвэраў, яшчэ па стрэльбе, а з-за барыкады на другім баку вуліцы выглядваў нават кулямёт.
— Ну, панове, так вы ніколі дадому і ня трапіце, — без усялякіх раздумваньняў заявіў Швэйк. — Усюды зьбіваюць гарадавых і прымушаюць іх, небаракаў, сьпяваць, уміраючы, «Боже, царя храни». Я сам аднаго з іх выратаваў, аддаўшы яму свае нагавіцы замест сініх. Дык ён мяне паслаў да вас, каб вы пааддавалі мне сінія нагавіцы, а я прынёс вам з дому іншага колеру, каб вы былі падобны да салдат.
— Гэта ня кепская думка, — заўважылі некаторыя і павялі Швэйка да прыстава, якому ён яшчэ раз сказаў свой плян. Прыстаў пачухаў у сябе за вухам і запытаў:
— Ну, а што чуваць у вас там у горадзе?
— Як што! Усё войска таксама робіць рэволюцыю, — паведаміў Швэйк. Прыстаў страшна пабялеў, але тут-жа схапіўся за саломіну:
— Мы выклічам вайсковыя часьці з фронту, губарнатар пашле сюды надзейнае войска.
— Вам больш нават сам бог не паможа, галубок, — заявіў Швэйк, — калі я не працягну вам сваю руку.
І ён расказаў, што падыходзіць ужо цяжкая артылерыя, што за горадам выстаўлены батарэі і што рулі іхнія наведзены проста на будынак гімназіі.
— Адзін залп, і ад вас толькі мокранька будзе, гаварыў ён. — А калі хто выпадкова і выратуецца, дык яго ўзарвуць у паветра мінамі. Я на свае вочы бачыў, як саперы вялі сюды падкоп з сутарэньня на суседняй вуліцы. Да вечара ў іх ўсё будзе гатова, і ўночы вы ўсе ўзьляціце ўгару. Гэта будзе вельмі прыгожы малюнак, сёньня якраз месяц поўны.
Прыстаў пры ўспамінаньні гэтага хараства нават пазелянеў. Пасьля ён расшпіліў аслабелымі раптам рукамі нагавіцы і сказаў:
— Атрымаеш сто рублёў, калі прынясеш мне іншыя. І кулю ў лоб, калі ня прынясеш і не перадасі маёй жонцы — вось табе яе адрас — што я жыў і здароў і неўзабаве буду дома. І няхай паставяць самавар… Кулю ў лоб!
— Акалодачныя ўжо разьдзеліся. Швэйк браў у іх разам з запіскамі нагавіцы, а калі ён выходзіў з гімназічнага будынку, усе гарадавыя на барыкадзе стаялі ў адных сподніках і соўвалі яму ў рукі свае нагавіцы. Швэйк сьціпла адмаўляўся.
— Ды дзе-ж я ўсё гэта адразу занясу! Пасьля мне на вуліцу кінеце!
Ён скочыў з шафы на брук, і сінія нагавіцы паляцелі яму ўсьлед, нібы абрыўкі нябеснага блакіту. Унізе ён пазьбіраў іх і перацягнуў у пад’езд.
— Зараз я пачну іх разносіць, — гукнуў ён да гарадавых, паднімаючы з зямлі новую кучу нагавіц, як раптам у вуліцу ўехалі дзьве фурманкі з саломаю. Яны займалі ўсю шырыню вуліцы, і ніхто іх не цягнуў, бо ў іх ня было запрэжана ні коняй, ні валоў. Іх падпіхалі ззаду і яны грозна насоўваліся на занятую паліцыяй барыкаду, і абаронцы яе пачалі адразу-ж праразьліва крычаць і страляць.
Вазы падсунуліся да пад’езду, дзе Швэйк зьвязваў нагавіцы ў жмуты, і студэнты і салдаты, што ішлі за вазамі, пачалі прымацоўваць лескі і ўстанаўляць на дошках, што ляжалі паверх саломы, кулямёты.
— Сёньня я занясу іх у барак, а на рынак выйду з імі калі зноў усё паспакайнее, — мармынуў сам сабе Швэйк, захапіўшыся працаю.
— Тут сорак пар, па дзесяці рублёў за пару мне заўсёды дадуць… Усяго, значыцца, чатырыста рублёў…
— Вы, таварыш, што тут робіце? — запытаў яго студэнт, што чагосьці ўбег у пад’езд і заўважыў Швэйка. І, не чакаючы адказу, гукнуў: — Ды яшчэ ў паліцэйскіх нагавіцах! Дзе ты іх узяў?
— А мне гарадавыя кінулі іх з барыкады, каб я іх у горадзе прадаў, — растлумачыў Швэйк. Змрочна глянуўшы на яго, студэнт загадаў:
— Злажы іх на воз, бо ў вечары нам будзе холадна!
Такім чынам Швэйк, сам ня ведаючы як, апынуўся раптам на возе, на які ён пачаў цягаць бярвеньне і дошкі, у той час як прыкрытыя саломай кулямёты абстрэльвалі варожыя барыкады, а адтуль адказвалі стралянінаю з стрэльбаў.
Гэтак цягнулася да самага змроку, бяз выніку на тым ці гэтым баку. А як зьмеркла, салдаты і студэнты падвязьлі дзьве трохдзюймовыя гарматы, адцягнулі ўбок адзін воз і ўстанавілі гарматы, замаскаваўшы іх дошкамі. І раптам з аднэй гарматы над барыкадай разарвалася шрапнэль, а з другое знарад папаў у верхні, што ўзвышаўся над суседнімі дамкамі, паверх гімназіі. Агонь за барыкадай адразу сьціх. Далі яшчэ залп, і на барыкадзе ўзьнялася ў змроку пара споднікаў, што замяняла белы сьцяг.
— Мы возьмем іх жыўцом, — вырашыў студэнт, які камандваў нападам на барыкаду, і азірнуўся, прычым зірк яго спыніўся на Швэйку, які адпачываў на сваёй зьвязцы нагавіц. — Таварыш, падыйдзі адно сюды бліжэй. Ты за каго стаіш? За цара, ці за рэволюцыю?
— Так што, дазвольце далажыць, — рашуча заявіў Швэйк, — я стаяў за свайго імпэратара, але ён памёр, і таму я цяпер павінен стаяць за рэволюцыю. Раз няма Франца-Юзафа, дык няхай ужо ня будзе і Мікалая.
— Добра, — усьміхнуўся студэнт. — У такім выпадку вазьмі стрэльбу і вартуй тут, каб нічога не падпалілі.
І ў той час як салдаты выводзілі палонных гарадавых, якія трасьліся ад холаду у адных сподніках, Швэйк сядзеў на клунках свае ваеннае здабычы і філёзофстваваў:
— Цяпер, дык ужо мусіць гэта ня хутка скончыцца. Цяпер будуць ваяваць да самага канца сьвету.
Раніцаю зьбегліся абываталі паглядзець на тэатр ваенных падзей, што адбываліся ў гэтую ноч. Натоўп найбольш цікавіўся барыкадамі. На аднэй з іх нудна матлялася пара парваных, брудных споднікаў, а на другой хваляваўся чырвоны сьцяг. І народ, рабочыя і салдаты, шумиа выказвалі сваю радасьць, гледзячы на гэтую рэволюцыйную эмблему.
Пад чырвоным гэтым сьцягам сформавалася дэмонстрацыя, якая пашла пасьля горадам паведаміць пра рэволюцыйную перамогу. Як толькі яна рушыла наперад, натоўп пачаў сьпяваць, і ў сьвежым, чыстым паветры паплылі гарачыя словы рэволюцыйнага гімну. Словы гэтыя падхапілі тысячы салдацкіх галасоў:
Уставай на зладзеяў, на сабак, на багатых, |
Грукат бомбы як з-пад хмар: |
Гэта ўдалы ваяка Швэйк сьпяваў пад чырвоным сьцягам, узваліўшы на плечы спадчыннасьць старога сьвету, каб прадаць яе пры першай магчымасьці на рынку.