Гэта сінь распаўзлася у небе,
Дзень вясёлы нанач лёг,
Разьвясёлая песьня глебай
Строчыць з вёскі гурбой на начлег.
І зальлецца лес саматохай,
Загуляюць агнёвыя косы;
Юнакоў стары лес не спалохае,
Ў іх зьвіняць новых дзён калёсы.
Хай ляскоча зубамі воўк сівы,
Ня убачыць ён коняй мышатых,
Маладняк Беларусі асіліць
Смаляной галавешкай кудлатага.
Ой, чарнявую ноч ласкоча
Палыханьнем ўстрывожаны гром,
Быццам вёску лапцюжную хоча
У паветры падняць віхром.
А бадзёрым хлопцам весела,
Лоўж ім грае агнёвую польку,
Беларуская песьня зьвесіла
Свае крыльлі тут, на прыгорку.
Расплываецца ноч ліпнёвая,
Дзесь загукаў певень за лесам,
Пабляднела неба агнёвае,
Пачаў таяць чорны навес.
Сінява распаўзала з неба…
Запырхала сонца за хвойкай,
Разьвясёлая песьня глебай
Строчыць у вёску стройна і лоўка.
|