Пытанне аб вышэйшай школе на Беларусі ў мінулым
Пытанне аб вышэйшай школе на Беларусі ў мінулым Артыкул Аўтар: Уладзімір Пічэта 1928 Крыніца: Працы Беларускага дзяржаўнага універсітэта. — Мінск, 1928. —№ 19. — С. 3-19 |
Беларускі Дзяржаўны Унівэрсытэт быў заснаваны 11-га ліпеня 1921 году. Фактычна-ж ён пачаў сваю работу 30 кастрычніка гэтага-ж году. Амаль — што цэлае стагодзьдзе Беларуская краіна ня мела сваёй вышэйшай навучальнай установы, што, зразумела, павінна было вельмі кепска адбівацца, як на яе культурным становішчы, гэтак і на яе экономічным разьвіцьці. Для старога царскага ўраду Беларуская краіна зьяўлялася толькі Паўночна-Заходняй Расіяй, насельніцтва якое, хоць і крыху розьнілася ад насельніцтва Велікаросіі, але гэтае розьніцы не даволі было яшчэ для таго, каб лічыць беларускі народ якой-сьці асобнай этнографічнай групай.
На абшарах Беларусі знаходзіліся і іншыя этнографічныя групы, як яўрэі, татары, латышы, велікарусы, украінцы, літоўцы са сваімі культурнымі традыцыямі і сваімі этнографічнымі асаблівасьцямі. Нацыянальны склад выразна адзначаў Беларусь, як мясцовасьць, якая рэзка адрозьніваецца па свайму нацыянальнаму складу ад суседняе Вялікаросіі. Расійскі ўрад лічыўся, аднак-жа толькі з тым, што беларуская мова, як мова славянская, аднагучна з мовай расійскай, і думаў, што беларускі народ, які сілай гістарычнага лёсу знаходзіўся пад уплывам каталіцкае царквы і польскае культуры, трэба вызваліць ад апошняй і далучыць яго да велікарасійскага народу праваслаўнае царквы. Для старога ўраду, які праводзіў сваю політыку на прынцыпах уціску ўсіх нацыянальных меншасьцяў, зразумела, тыя этнографічныя групы, якія знаходзіліся на абшарах Беларусі, ня мелі ніякага значэньня. З імі ня прыходзілася лічыцца і на іх ня прыходзілася зьвяртаць асобнае ўвагі.[1]
Беларусь ужо з канца XVI веку мела сваю вышэйшую навучальную ўстанову. Пачатак гэтаму быў пакладзены заснаваньнем Віленскае Езуіцкае Акадэміі, якая была ўстаноўлена 7 ліпеня 1578 году па грамаце польскага караля Сьцяпана Баторыя і была зацьверджана булай папы Грыгора XIII ад 30 кастрычніка 1579 году. Чынны ўдзел у організацыі акадэміі прымаў Віленскі біскуп Валер’ян Пратасевіч[2]. Віленская Акадэмія была заснована тады, калі беларускае адраджэньне з яго вольналюбівымі рэфармацыйнымі ідэямі ўжо нахілялася да заходу, калі каталіцкая рэакцыя, якая абхапіла Заходнюю Эўропу, знайшла спрыяючую глебу для свайго разьвіцьця і на абшарах Беларусі. Зразумела, Віленская Акадэмія, па думцы яе організатараў, павінна была зрабіцца тым навуковым цэнтрам, які, зьяўляючыся цытадэляй каталіцкае асьветы, адначасна рыхтаваў-бы дзеячоў для царкоўнай службы, а таксама даваў бы адукацыю беларускаму шляхэцтву з тым, каб апошняе ня езьдзіла заграніцу атрымоўваць асьвету і не падпадала-б там пад уттлын розных вольналюбівых ідэй.
Жалаванай граматай Сьцяпана Баторыя ад 7 ліпеня 1578 году Акадэмія зраўноўвалася ва ўсіх правох і прывілеях з Кракаўскім Унівэрсытэтам. У сувязі з гэтым Акадэмія атрымала права ўласнай юрысдыкцыі, якая пашыралася на вучняў Акадэміі і сяброў акадэмічнае Колегіі, ня была падпарадкавана агульным судовым установам і вызвалялася ад узносаў падатку. Той-жа Сьцяпан Баторы, вялікакняскім лістом ад 1 красавіка 1579 году дазволіў свабоднае выкладаньне ў Акадэміі езуітам тэолёгічных і сьвецкіх навук, за выключэньнем мэдыцыны і юрыдычных навук. Разам з гэтым Акадэмія зраўноўвалася ў правох і прывілеях з іншымі навуковымі Колегіямі і Унівэрсытэтамі, атрымала права даваць вучоныя ступені і мець выбарную адміністрацыю з вызваленьнем апошняй з-пад духоўнае і сьвецкае юрысдыкцыі[3].
Устанаўленьне Віленскае Акадэміі было санкцыявана булай папы Грыгора ХІІІ ад 30 кастрычніка 1579 года. Згодна буле, Віленская Акадэмія зраўноўвалася з іншымі Унівэрсытэтамі[4]. Новы момант у жыцьці Акадэміі настаў пры польскім каралі і вялікім князі Уладіславе IV. Жалаванай граматай ад 11-га кастрычніка 1641 году было дазволена выкладаньне ў Акадэміі канонічнага права і мэдыцыны[5].
У далейшым польскія каралі падцьвярджалі жалаваныя граматы Сьцяпана Баторыя і Уладіслава IV. Так, Ян Казімір падцьвердзіў усе прывілеі 9 лютага 1649 г. Аўгуст ІІ падцьвердзіў усе папярэднія прывілеі жалаванай граматай ад 19 лістапада 1726 г. Нарэшце ў жніўні 1736 году польскі кароль Аўгуст ІІ, падцьвярджаючы за Акадэміяй усе правы і прывілеі Кракаўскага Унівэрсытэту, забараніў адчыняць у Вільні аднародныя вучэбныя ўстановы, чым забясьпечвалася далейшае разьвіцьцё Акадэміі[6].
Віленская Акадэмія фактычна была адчынена ў 1580 годзе, маючы на чале, у якасьці рэктара, езуіта Пятра Скаргу. Прызначэньне апошняга рэктарам як-бы сымбалізавала агульны характар чыннасьці Акадэміі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Рэктар Акадэміі быў падпарадкаваны езуіцкаму провінцыялу, усе профэсары Акадэміі былі сябрамі Езуіцкага Ордэну. Першапачатковая Акадэмія складалася з двух факультэтаў: філёзофічнага і тэолёгічнага. На першым выкладаліся: лёгіка, фізыка, мэтафізыка, рыторыка, поэтыка, матэматыка, географія і старасьвецкія мовы (яўрэйская, грэцкая і лацінская), а таксама новыя мовы. На другім — Сьвятое Пісьмо, тэолёгія: схолястычная, полемічная і моральная, казуістыка, канонічнае права і яўрэйская мова[7] . У складзе двух факультэтаў Акадэмія існавала да 1641 году. Дазваленьне, выданае Уладзіславам IV, на адчыненьне двух новых факультэтаў — юрыдычнага і мэдычнага, ажыцьцявілася толькі часткова. Мэдычны факультэт ня быў адчынены. Адбылося адчыненьне толькі Юрыдычнага факультэту. У адчыненьні яго вялізарную ролю адыграў сын славутага Лева Сапегі, падканцлера Вялікага Княства Літоўскага, Казімір Леў Сапега, які афяраваў на ўтрыманьне 4 прафэсароў-юрыстаў 12.500 польскіх злотых — чыстымі грашыма, абяцаўся дадаць да гэтага яшчэ 25.000 польскіх злотых і, апрача гэтага, вызначыць з сваіх сродкаў кватэрныя грошы для прафэсароў не з духавенства[8] .
У 1773 г. була папы КлІмепта IV «Dominus Redemptor» зьнішчыла Ордэн Езуітаў. Былі спробы абвясьціць булу папы нядзейснай да Вялікага Княства Літоўскага. Аднак гэтыя спробы нічога не дасягнулі і Віленская Акадэмія засталася без сваіх абаронцаў[9] .
Заснавальнікі Віленскае Езуіцкае Акадэміі, з моманту яе адчыненьня, зрабілі ўсе магчымае дзеля таго, каб набыць для Акадэміі, як матар’яльныя сродкі, гэтак і адпаведны пэдагагічны пэрсонал[10]. Віленская Акадэмія, якая знаходзілася пад высокай абаронай Сьцяпана Баторыя атрымала ад яго неабходныя для гэтага фундушы. Асаблівы ўдзел у організацыі Віленскае Акадэміі прымаў Віленскі біскуп Валерыя Пратасэвіч і Коад’ютар біскупа князь Юры Радзівіл. Абодва дзеячы клапаціліся аб тым, каб абсталяваць Акадэмію неабходнымі кнігамі. Ужо з прыездам у Вільню езуітаў у 1569 годзе, ініцыятар іх запрашэньня і іх апякун біскуп Валер’ян Пратасэвіч стаў клапаціцца аб тым, каб Езуіцкая Колегія мела выстарчаючую бібліятэку. У 1570 г. біскуп Юры Альбін афяраваў Колегіі ўсю сваю бібліятэку. Яна зьявілася асновай кніжніцы, якая потым перайшла да Віленскае Акадэміі. Нажаль застаецца невядомым, якая колькасьць кніг і якія кнігі былі пераданы Альбінам Віленскай Колегіі[11].
Другім важным падарункам была бібліотэка В. К. Зыгмунта Аўгуста, які пачаў адносіцца да езуітаў з асаблівай пашанай. Тэстамэнтам ад 6-га траўня 1571 г. ён аддаў сваю бібліятэку Езуіцкай Колегіі. Бібліотэка Зыгмунта-Аўгуста знаходзілася ў Віленскім Замку і, пачынаючы ад 1547 г., на працягу 25 гадоў, паступова павялічвалася рознымі каштоўнымі рэчамі.
Потым, аднак-жа, кнігі з бібліятэкі Зыгмунда-Аўгуста разыйшліся па розных бібліятэках[12] .
З моманту заснаваньня Віленскае Акадэміі, уся бібліятэка Колегіі была перадана гэтай занова-зорганізаванай, вышэйшай вучэбнай устонове. Трэба сказаць, што пануючая кляса — шляхта вельмі ўважліва адносілася да бібліятэкі сваёй вышэйшае школы. Так, у канцы XVI стагодзьдзя вучань Віленскай Акадэміі, Лукаш Краснадэбскі, які атрымаў годнасьць доктара ў 1594 г., адпісаў у бібліятэку Акадэміі тэолёгічныя кнігі, на італьянскай і гішпанскай мовах[13]. Гэтыя кнігі былі неабходны для бібліятэкі таму, што ў канцы XVI стагодзьдзя і ў пачатку XVII веку, у эпоху рэктарату Скаргі, пачынаючы з 1580 г., у складзе выкладчыкаў былі і португальцы, і гішпанцы, таксама і іншыя чужаземцы. У далейшым бібліятэка папоўнілася афярамі Кардынала Юр’я Радзівіла, які памёр у 1600 г.; Віленскага суфрагана і біскупа Жмудскага Міколы Паца, які памёр у 1619 г. Ксёндз Мікола Дэцыўта, прэлат Віленскі ў 1629 г., і біскуп Віленскі Еўстафі Валовіч — у 1630 г., а таксама пісар польны літоўскі Крыштоф Мікола Сапега падаравалі Акадэміі свае кнігі. 13 верасьня 1623 г. сэкратар В. К. Адрыян Вяржбіцкі афяраваў Віленскім езуітам свае «Добрыя Блони в Виленском Воеводстве», з умовай каб з прыбыткаў маёнтку 1000 злотых трацілася на палепшаньне езуіцкае бібліятэкі[14]. Дзякуючы гэтаму ў палове XVII стагодзьдзя бібліятэка Віленскае Акадэміі ўяўляла з сябе найкаштоўны збор, найбольш значны ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім.
Зразумела, яе нельга было параўнаць ні з бібліятэкай Ягелонскага Унівэрсытэту ў Кракаве, або з кніжным зборам Замойскіх. Дзьве трэція ўсяго збору бібліятэкі былі тэолёгічна-полемічнага характару[15]. Другая палова VII веку— эпоха, з аднаго боку, швэдзкага находу, а з другога боку, з паўднёвага-ўсходу, — наступу Маскоўскага цара Аляксея,— была вельмі цяжкай для лёсу Вільні. Жыхарства сталіцы ўцякала ў Прусію, увозячы з сабой сваю маёмасьць. Таксама і езуіты, разам з найбольш каштоўнай маёмасьцю бібліятэкі, выехалі ў Кролевец, а посьле гэтага, 10 верасьня 1655 г., Вільня была забрана казакамі Залатарэнкі.
Цяжка сказаць як, але гэта можна лічыць базу моўна даведзеным, што пэўная часьць бібліятэкі Віленскае Акадэміі трапіла ў рукі швэдаў і была зварочана зноў Вільні толькі на аснове Оліўскага трактату. У 1661 годзе Маскоўскае войска пакінула Вільню[16]. Зразумела, бібліятэка, якая засталася ў Вільні, паменшылася, але хутка зноў папоўнілася каштоўнымі выданьнямі, таксама дзякуючы афярам. Так, падканцлер Літоўскі Казімір-Леў Сапега ў 1644 г. адпісаў Акадэміі бібліятэку, якая зьбіралася на працягу некалькіх дзесяткаў год яго бацькай славутым Левам Сапегай, канцлерам Вялікага Княства Літоўскага, адным з аўтараў Літоўскага Статуту 1588 г. Гэтая бібліятэка, вядомая над назвай «Biblioteca Sapiehana», мела каля 3000 назваў. За Сапегай пайшлі і іншыя. У 1677 г. Казімір Бейнаровіч, канцлер курыі Віленскае, адпісаў сваю бібліятэку; у 1772 г. у бібліятэку перайшла кніжніца Казіміра Бжастоўскага, Віленскага біскупа. Яго наступнік Мацей-Язэп Анкута адпісаў усю сваю тэолёгічную бібліятэку свайму брату, пад умовай, што посьле яго сьмерці бібліятэка будзе перадана у Акадэмію. У палове XVIII веку браты Казімір і Міхась Вяржбіцкія перадалі каля 16000 злотых для ўнутранога абсталяваньня бібліятэкі. Для пабудаваньня шафаў, мармуровых сталоў і г. д. Апрача гэтага бібліятэцы была перадана і ўласная камяніца, даходы ад якой ў колькасці 200 злотых ішлі на патрэбы бібліятэкі[17]. Дзякуючы ўсім гэтым афярам, бібліятэка Віленскай Акадэміі ўяўляла з сябе вельмі каштоўны збор кніжак тэолёгічна-полемічнага характару. Нажаль, за гэты час бібліятэка Юрыя Альбіна і бібліятэка Зыгмунда-Аўгуста ўжо пасьпелі сільна парадзець.
Ужо зараз у розных кніжніцах Польшчы, а таксама і Ленінграду ўдаецца знаходзіць экзэмпляры з бібліятэкі Зыгмунта-Аўгуста, дзякуючы гэтаму зьяўляецца магчымым дакладна ўявіць характар і склад гэтае бібліятэкі; але склад бібліятэкі Юрыя Альбіна, закладчыка кніжніцы езуіцкае Калегіі, застаецца да нашага часу нявядомым.
Заснавальнікі Віленскае Акадэміі, маючы на мэце выхаваньне моладзі ў ортодоксальным, царкоўніка-каталіцкім духу, галоўным чынам орыэнтаваліся на шляхэнкі стан. Сапраўды, Акадэмія зьяўлялася той школай, у якой шляхэцкія дзеці атрымлівалі адпаведную адукацыю, Дзякуючы гэтаму Віленская Акадэмія мела вялікае значэньне для пашырэньня сярод беларускай шляхты лацінска-польскай культуры. На працягу XVI—XVII стагодзьдзяў уся моладзь падпала пад уплыў польскай культуры.
Чыннасьць Віленскай Акадэміі, пасколькі апошняя была цэнтрам каталіцтва і лацінска-польскай культуры, была накірована проці беларускай культуры і праваслаўя, выдатным прадстаўніком і абаронцам якіх зьяўлялася беларускае мяшчанства.
Гарадзкі беларускі нацыянальна-культурны рух пачаў у канцы XVI веку прыходзіць у заняпад. Апошні быў зьвязан з тым экономічным заняпадам, які запанаваў посьле Люблінскай вуніі. Аднабочная клясавая політыка земляўласьніцкай клясы дала апошняй шырокія экономічныя прывілегіі ў форме бязмытнага вывазу заграніцу прадуктаў уласнага сельска-гаспадарчага вырабу, а таксама ўвозу вырабаў чужаземнага пахаджэньня. Гэтая політыка зьявілася пачаткам эконамічнага заняпаду гарадоў, у якім апошнія знаходзіліся ў наступнае стагодзьдзе. Экономічныя прывілеі шляхты выклікалі сярод беларускага мяшчанства варожы стасунак і да каталіцызму і да лацінска-польскай культуры, якая была прадстаўлена шляхецтвам. Беларускія мяшчане, заняўшы на экономічным фронце позыцыю, варожую да шляхты, занялі гэткую-ж пазыцыю і ў стасунку да каталіцызму І лацінска-польскай культуры. Мяшчанства проціставячы каталіцызму праваслаўе, каталіцкай схолястыцы праваслаўную, лічылі патрэбным разьвіваць царкоўнаславянскую мову і друкаваць на ёй неабходныя кнігі. Гэтая політыка, рэакцыйная да пэўнай ступені, спыніла разьвіцьцё беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня, якое было так яскрава прадстаўлена Францішкай Скарынай, Сямёнам Будным і Васілём Цяпінскім.
Чыннасьць друкарні, заснованай братамі Мамонічамі, зьяўляецца яскравым адбіткам гэтых схолястычных тэндэнцый і адмоўных адносін да нацыянальна-культурнага адраджэньня беларускага народу.
На працягу двух стагодзьдзяў Віленская Акадэмія зьяўлялася цэнтрам вышэйшае асьветы. За ўвесь гэты час, Акадэмія, падлягаючы нязначным рэформам, заставалася, як і раней, цэнтрам вышэйшай асьветы на Беларусі.
У 1773 годзе, пасьля першага падзелу Польшчы, Варшаўскі Сойм утварыў так званую Эдукацыйную Комісію, якая была складзена з 8 чалавек, пад старшынствам Віленскага біскупа кн. Ігната Масальскага. Езуіцкія маёнткі парашылі здаць у арэнду. Арэндная палата павінна была ісьці па патрэбы асьветы. Для кіраўніцтва апошняй былі зарганізаваны дзьве комісіі: адна для Польшчы, другая для Вялікага Княства Літоўскага. Уся рухомая маёмасьць езуітаў перадавалася Эдукацыйнай Комісіі. Чыннасьць апошняе ў пытаньнях асьветы рэзка разыходзілася з чыннасьцю езуітаў. Эдукацыйная Камісія ў пытаньнях асьветы кіравалася французскімі асьветнымі ідэямі XVIII веку. Зразумела, што Акадэмія падлягала рэформе. Аднак гэтая рэформа была зроблена значна пазьней. Толькі ў 1781 годзе Віленская Акадэмія была рэфармавана ў Галоўную Школу Вялікага Княства Літоўскага, а разам з тым атрымала і новую пабудову[18]. У 1775 годзе Віленская Акадэмія была ўзята з-пад ведама Віленскага біскупа і яе куратарам быў прызначаны падканцлер Вялікага Княства Літоўскага Яхім Хрэптовіч, які потым застаўся куратарам і Галоўнае Школы, а яго наступнікам быў прызначаны кн. Адам Чартарыйскі[19] Што датычыцца складу прафэсароў Галоўнае Школы, то яны былі з ранейшых езуітаў, хоць і зачыненьнем Езуіцкага Ордэну яны ня мелі магчымасьці офіцыйна далучаць сябе да яго. Галоўная Школа падзялялася на 2 факультэты: моральны і фізычны. На першым павінны былі выкладацца: гісторыя грэцкай і рымскай літаратуры, красамоўства, права: натуральнае, агульнае, рымскае і меснае, агульная гісторыя, Сьвятое Пісьмо, догматычная і моральная тэолёгія, гісторыя царквы і канонічнае права. На другім — арытмэтыка, гэомэтрыя, вышэйшая матэматыка, астрономія, мэханіка, фізыка, хімія, прыродазнаўства і мэдыцына; аднак выкладаньне мэдыцыны фактычна не ажыцьцявілася. У сувязі з 3-м падзелам Рэчы Паспалітай і адыходу Вялікага Княства Літоўскага да Расійскае Імпэрыі і Галоўная Школа перайшла ў сфэру ўплыву расійскага ўраду. У 1797 годзе Галоўная Школа была рэформавана; былі ўтвораны 3 факультэты: моральны, фізычны і мэдычны, хоць апошні быў утвораны толькі тэорэтычна, бо адпаведных выкладчыкаў Галоўная Школа ня мела[20]. Трэба адзначыць, што Галоўная Школа карысталася з боку шляхецкіх колаў такой самай увагай, як і Віленская Акадэмія.
З зачыненьнем Віленскай Акадэміі і рэформаваньнем апошняй у Галоўную Школу і бібліятэка пачала прымаць іншы характар. Яна значна ўзрасла, і галоўны яе рост прышоўся зноў за кошт паасобных афяр. Так профэсары хіміі Юры Форстэр у 1787 г. і Язэп Сарторы ў 1793 годзе, пакідаючы Вільню і ад’яжджаючы на бацькаўшчыну, афяравалі свае бібліятэкі Віленскай Галоўнай Школе. У пачатку XIX веку профэсар літаратуры і дэкан факультэту Моральных Навук, быўшы езуіт Давід Пільхоўскі, таксама афяраваў Галоўнай Школе сваю бібліятэку.
З пераходам Беларусі пад уладу Расійскае Імпэрыі, расійскі ўрад у 1797 годзе асыгнаваў 300 рублёў на ўтрыманьне і павялічэньне бібліятэкі. Апрача таго вялікая колькасьць кніг была куплена за кошт Эдукакыйнай Камісіі. З ліку купленых ёю бібліятэчных збораў найбольш значнай была бібліятэка па мэдычным навукам, якая была куплена ў Варшаве за 3600 злотых. Само сабой зразумела, што ў эпоху Эдукацыйнай Камісіі бібліятэка папаўнялася пераважна кнігамі па прыродазнаўству і матэматыцы. Гэта цалкам адпавядала характару эпохі. У бібліятэцы апрача кніг па тэолегіі, царкоўнаму праву і розных царкоўных прамоў быў вялікі збор кніг па ўсіх галінах мэдыцыны, вышэйшай матэматыцы, агульнай гісторыі, грамадзкага і натуральнага права, меснай грамадзкае экономікі, якая абхапляе земляробства, насельніцтва, унутраны і надворны гандаль, рамесьніцтва, фабрыку, крыніцы прыбытку і выдаткаў, як прыватных, гэтак і грамадзкіх і г. д. Кніг апошняга гатунку ў бібліятэцы старое Акадэміі ня было. У пачатку XIX стагодзьдзя бібліятэка Віленскай Галоўнай Школы ўяўляе з сабе вельмі каштоўны кніжны збор. У канцы XVIII веку бібліятэка папоўнілася кнігамі клясыкаў. Агульная колькасьць кніг Віленскае бібліятэкі ў канцы XVIII веку азначалася ў 8.080 назваў[21].
Вышэйшая Галоўная Школа існавала да пачатку XIX стагодзьдзя.
Указам 17 траўня 1803 году было пакладзена заснаваньне Віленскага Унівэрсытэту: у складзе факультэтаў: 1) Мэдычнага, 2) Фізычна-матэматычнага, 3) Навук моральных і політычных, 4) Літаратуры і вольнага мастацтва[22]. Адным з выдатных дзеячоў па організацыі Віленскага Унівэрсытэту быў князь Адам Чартарыйскі, які дзеля гэтае мэты скарыстаў свой уплыў на Аляксандра І, з якім у яго ўтварыліся добрыя адносіны яшчэ ў тую пару, калі Аляксандр І быў яшчэ вялікім князем. Князь Адам Чартарыйскі таксама глядзеў на Віленскі Унівэрсытэт як на цэнтр польскае культуры і асьветы. Па яго думцы, Віленскі Унівэрсытэт павінен быў дапамагчы прасякненьню польскае культуры на абшары былога Вялікага Княства і тым самым дапамагчы шчыльнаму абядненьню Літвы і Польшчы, з той надзеяй, што калісьці будзе час, калі Польшча будзе зноў адбудавана і Літва, як і Польшча, складуць зноў адну дзяржаву. Сапраўды, Віленскі Унівэрсытэт меў вялізны ўплыў на пашырэньне польскае культуры [23]. У гэтым стасунку апошняя пачала захапляць ня толькі адны шляхэцкія колы, але і іншыя грамадзкія элементы.
Віленскі Унівэрсытэт, як і Іншыя унівэрсытэты ў Расіі, быў ня толькі вышэйшай навучальнай установай. Ен таксама меў і адміністрацыйныя функцыі[24].
Усе навучальныя ўстановы краіны, якія былі падпарадкаваны Віленскай Вучэбнай Акрузе, знаходзіліся ў сфэры ўплыву Віленскага Унівэрсытэту, які меў права кантролю над організацыяй і пастаноўкай выкладаньня у школах.
Князь Адам Чартарыйскі, першы папячыцель Віленскае Вучэбнае Акругі і куратар Віленскага Унівэрсытэту з 1803—1823 г., зрабіў для апошняга ўсё магчымае, каб узмацніць у краіне яго ўплыў. Дзякуючы гэтаму полёнізацыя былога Вялікага княства Літоўскага ішла даволі хутка. Заснавальнікі Віленскага Унівэрсытэту імкнуліся да таго, каб запрасіць для выкладаньня найбольш выдатныя сілы таго часу. Паколькі найбольш адукаванай і вучонай клясай зьяўлялася духавенства, пастолькі і значная частка катэдраў была занята прадстаўнікамі апошняга, якое, зразумела, было прасякнута поўнымі клерыкальна-нацыянальнымі тэндэнцыямі.
Таксама і ў складзе вучняў пераважалі прадстаўнікі шляхецтва, так што, фактычна, па агульных задачах і мэце і свайму сацыяльнаму складу Віленскі Унівэрсытэт нічым не адрозьніваўся, як ад Віленскае Акадэміі, гэтак і ад Галоўнай Школы.
Паколькі шляхэцтва трымала ў сваіх руках увесь зямельны капітал, а сельская гаспадарка складала аснову народнага гаспадарства ў Польшчы, Літве і на Беларусі, пастолькі і магчымасьць папасьці ў вышэйшую школу была ў руках шляхты.
Нельга адмовіць і таго, што Віленскі Унівэрсытэт, прасякнуты польскімі тэндэнцыямі, у сваёй чыннасьці зусім ня цікавіўся літоўска-беларускай культурай.
Дзеячы Віленскага Унівэрсытэту разглядалі Літоўска-Беларускія землі, як сустаўныя часткі Польскай Дзяржавы, і дзеля гэтага яны адносіліся абы-як да вывучэньня беларуска-літоўскай культуры. Аднак у іхняй дзейнасьці нельга не адзначыць пэўнай зацікаўленасьці да вывучэньня і навуковай распрацоўкі гістарычных і гістарычна-юрыдычных проблем, зьвязаных з мінулай культурай Літоўска-Беларускай краіны. Праўда, усе гэтыя проблемы разглядаліся скрозь прызму пэўнага полёнофільскага настрою і сьветапогляду, але, аднак распрацоўка гэтых проблем захоўвае сваё актуальнае значэньне і ў сучасны момант, не гаворачы ўжо аб тым, што Віленскімі вучонымі быў выдадзен шэраг гістарычна-юрыдычных матар’ялаў, якія зьяўляюцца крыніцамі першараднай паважнасьці для вывучэньня мінулага Беларусі. Працы Т. Чацкага, Даніловіча, Ярашэвіча, зьяўляюцца клясычнымі і адбіваюць навуковую дзейнасьць, зьвязаную з Віленскім Унівэрсытэтам, хоць працы двох апошніх вучоных зьявіліся ўжо посьле зачыненьня Унівэрсытэту ў Вільне.
Папячыцель Віленскае Вучэбнае Акругі Князь Адам Чартарыйскі прымаў меры да павялічэньня бібліятэкі. У гэтую эпоху яго куратарства бібліятэка Віленскага Унівэрсытэту значна папоўнілася і пашырылася. Гэтае папоўненьне ішло двума шляхамі: шляхам афяр і шляхам куплі. На-жаль Віленскі Унівэрсытэт выпусьціў з сваіх рук найкаштоўнейшую бібліятэку профэсара Язэпа Франка, якая складалася з 3.520 назваў ў 5.240 томах, галоўным чынам з кніжак па мэдыцыне, клясычных аўтараў, слоўнікаў і іншых выданьняў. Гэтая бібліятэка была прадана Казанскаму Унівэрсытэту за 20.000 рублёў асыгнацыямі. У пачатку XIX веку бібліятэка была каталёгізавана і было высьветлена ўсё яе багацьце. У пачатку 1812 году ў бібліятэцы лічылася 13.254 назвы 18.025 томаў.
Згодна палажэньню аб Віленскім Унівэрсытэце на ўтрыманьне бібліятэкі было асыгнавана 2.000 рублёў на год. За вылічэньнем усіх выдаткаў на выдачу пэнсыі бібліятэкарам і розныя дробныя расходы заставалася 700—800 рублёў, якіх ледзь хапала на здавальненьне нязначных патрэб бібліятэкі. У гэты-ж час бібліятэка перайшла ў новае памяшканьне, якое рабіла на ўсіх прыемнае ўражаньне. З прычыны павялічэньня сродкаў на бібліятэчныя патрэбы, зьявілася магчымым прыкупіць некаторую колькасьць кніжак. Усяго на бібліятэку з 1818 .г. да 1825 году было страчана звыш 20.000 рублёў[25]
1825 год быў годам пералому бібліятэкі Віленскага Унівэрсытэту.
Абаронца Унівэрсытэту і бібліятэкі Князь Адам Чартарыйскі знахадзіўся ў адстаўцы, а расійская ўлада не выяўляла асаблівага спачуваньня да чыннасьці, як Віленскага Унівэрсытэту, гэтак і Віленскае бібліятэкі. Роля Віленскага Унівэрсытэту ў рэволюцыйным руху 1830 г. вядома і зварачацца да гэтага ня прыходзіцца. У адказ на гэта Мікалаеўскі ўрад, указам ад 13 траўня 1832 году, зачыніў Віленскі Унівэрсытэт. Факультэт тэолёгіі быў рэформаваны ў Рымска-Каталіцкую Духоўную Акадэмію, а Факультэт Мэдычны — ў Мэдычна- Хірургічную Акадэмію. Пачалася ліквідацыя багатай спадчыны, якая засталася пасьля Віленскага Унівэрсытэту. Так, Беларуская Вучэбная Акруга атрымала розных кніг у колькасьці 9.000 томаў і 6.389 назваў. Новаадчыненая Мэдычна-Хірургічная Акадэмія атрымала 13.240 томаў пры 6.590 назвах. Рымска-Каталіцкая Духоўная Акадэмія атрымала каля 20.000 томаў. Новаз’арганізаваны Кіеўскі Унівэрсытэт атрымаў 5.405 назваў у 7.563 томах. Харкаўскі Унівэрсытэт атрымаў 1.339 назваў у 4.321 томах. Пецярбурская Акадэмія Навук — 32 назвы ў 48 Томах. Віленская Обсэрваторыя — 312 назваў у 484 Томах.
Агульная спадчына бібліятэкі Віленскага Унівэрсытэту, раскіданая па розных установах, вызначалася ў 33.067 назваў пры 60.656 томах. З гэтага ліку ў Вільні засталося 19.902 назвы ў 39.724 томах. Што тычыцца рукапісаў, то іх усяго лічылася ў бібліятэцы 113: 33 — па тэолёгіі, 22 — па праву, 37 — па гісторыі, 7 — па гісторыі мастацтва, 6 — па філёзофіі. Усе гэтыя рукапісы цалкам былі пераданы ў Архіў Міністэрства Народнае Асьветы ў Пецярбурзе і ўяўляюць з сябе найкаштоўнейшыя адзіныя экзэпляры. Нумізматычны габінэт, які знаходзіўся пры Бібліятэцы, таксама быў раскідан паміж рознымі вучэбнымі ўстановамі. Кіеўскі Унівэрсытэт атрымаў 19.939 экзэпляраў монет і мэдаляў, а Харкаўскі —1.500. Дзякуючы ўсім гэтым мерапрыемствам ураду Бібліятэка Віленскага Унівэрсытэту аказалася раскіданай. Бібліятэка Віленскага Унівэрсытэту, якая зьбіралася з такой вялікай цяжкасьцю і была на працягу двух стагодзьдзяў цэнтрам навуковай думкі краіны, зьявілася кадрам для папаўненьня кніг, якіх не хапала ў расійскіх вышэйшых школах і навуковых установах[26].
Паўстаньне 1830 году зьявілася крытычным момантам у гісторыі Віленскага Унівэрсытэту. Урад Мікалая І; жадаючы раз на заўсёды кончыць з прэтэнзіямі палякаў на Вялікае Княства Літоўскае і Беларускія землі, як на тэрыторыю польскую, стаўшы на шлях сыстэматычнай русіфікатарскай політыкі, парашыў зачыніць Віленскі Унівэрсытэт.
Яшчэ да паўстаньня 1830 году ўрад Мікалая І, жадаючы неабходным прыблізіць да цэнтраў расійскага жыцьця вышэйшую адукацыю ў зварочаных ад Польшчы землях, узьнімаў пытаньне аб адчыненьні вышэйшае вучэбнае ўстановы на абшарах Беларускай Вучэбнай Акругі, якая была ўтворана ў 1829 годзе і ў склад якой ўваходзілі вучэбныя ўстановы Віцебскай і Магілёўскае губэрніі.
Гэткая была воля Мікалая І. Міністр Народнае Асьветы князь К. А. Лівен, жадаючы ажыцьцявіць волю Мікалая І, зьвярнуўся да Мікалая І, каб атрымаць дазваленьне: «абвясьціць дваранству Беларусі аб намечаным там адчыненьні Вышэйшае Школы, у якой тамтэйшая моладзь можа атрымаць канчатковую адукацыю, ня маючы патрэбы ехаць дла гэтага ні ў далёкія расійскія Унівэрсытэты, ні ў Віленскі»[27].
Такім чынам, намер расійскага ўраду аб адчыненьні новага Унівэрсытэту на абшарах Беларусі спачатку нібыта ніяк не пагражала існаваньню Віленскага Унівэрсытэту. Аднак-жа паўстаньне 1830 году аказалася вельмі шкодным для Віленскага Унівэрсытэту. Урад Мікалая І пачаў сваю русіфікатарскую політыку з зачыненьня Віленскага Унівэрсытэту, лічучы, што, пакуль існуе такі высокі навуковы асяродак, як Віленскі Унівэрсытэт, барацьба з польскім уплывам на абшарах Літвы і Беларусі будзе вельмі цяжкай.
Віленскі Унівэрсытэт быў зачынены 1-га траўня 1832 году. Віленская Вучэбная Акруга была ліквідавана, а яго вучэбныя ўстановы былі падпарадкаваны Беларускай Вучэбнай Акрузе. Мікалай І, зачыняючы Віленскі Унівэрсытэт, адначасна указам ад 1-га траўня 1832 г. на імя Міністра Народнае Асьветы загадаў: «намечанае для адчыненьня на Беларусі Вышэйшае Вучылішча, або Ліцэй заснаваць у гор. Воршы, а для памяшканьня гэтай вучэбнай установе аддаць манастыры, якія там знаходзяцца, як Рымска-Каталіцкія Трынітарскага Ордэну і Базыльянскага, а таксама і будынкі прысутных месц»[28].
Урад Мікалая І думаў, што ў далейшым Ліцэй у горадзе Воршы мог-бы замяніць скасаваны Віленскі Унівэрсытэт. Аднак-жа ўказ імпэратара Мікалая І ня быў споўнены. Па меркаваньнях тэхнічнага характару, а таксама з прычыны баязьні па політычных матывах мець у гэтай краіне вышэйшую вучэбную ўстанову, адчыненьне Аршанскага Ліцэю не адбылося, хоць тэорэтычна міністар Народнае Асьветы і кн. Лівен і гр. С. С. Увараў прынцыпова спачувалі адчыненьню Ліцэю ў Воршы[29].
Пачатыя перад гэтым работы па прыстасаванню будынкаў для Ліцэю былі спынены, бо асыгнаваныя дзеля гэтага грошы былі пераведзены ў Кіеў, дзе меркавалася адчыненьне расійскага унівэрсытэту. У сьнежні 1833 году была ўтворана новая вучэбная акруга—Кіеўская. У Кіеў быў пераведзен з Крэмяцца Валынскі Ліцэй, які ў 1834 годзе быў рэформаваны ў Унівэрсытэт сьв Уладзіміра. 28-га лютага 1834 году быў выдан Урадавым Сэнатам Вышэйшы ўказ, у якім між іншым было сказана аб тым, што «пабудаваньне будынкаў для Ліцэю ў гор. Воршы ня можа быць споўнена з жаданым посьпехам і што, наогул, адчыненьне вышэйшае вучэбнае ўстановы ў Беларускай акрузе патрабавала-б пры ўсіх стратах доўгага часу, тады як ў нова адчыненым Універсытэце сьв Уладзіміра ўсе патрэбныя курсы будуць адчынены ў бягучым годзе». Урад Мікалая І думаў, што Кіеўскі Унівэрсытэт пры ўзмацнёных спосабах можа замяніць абодва Ліцэі, якія раней прадпалагаліся ў Кіеве і Воршы, і што Кіеў — цэнтр гандлю і прамысловасьці акружнай краіны, павінен па ўсіх гэтых прычынах служыць і асяродзьдзем вучэбнае сыстэмы ўсіх заходніх губерній, для канчатковае адукацыі моладзі, прыгатаванай для гэтага ў гімназіях Кіеўскае і Беларускае Акругі»[30]. Урад Мікалая І спадзяваўся, што Кіеўскі Унівэрсытэт робіцца «разумовай крэпасьцю, блізкай да вайсковай, для зьнішчэньня духу польскае нацыянальнасці»[31]. Урад Мікалая І, зачыняючы Віленскі Унівэрсытэт, па розных меркаваньнях утварыў з факультэту Навук Моральных і Політычных Вышэйшую Тэолёгічную Школу, якая была пакінута ў Вільні. Яна была пераймянована ў Рымска-Каталіцкую Духоўную Акадэмію, а потым была пераведзена ў Пецярбург у 1842 годзе. Заместа Мэдычнага факультэту была організавана Мэдычна-Хірургічная Акадэмія, якая была зусім скасавана ў 1842 годзе.
Урад Мікалая І, праводзячы сыстэматычную русіфікатарскую політыку, імкнуўся да канчатковага зьнішчэньня ўсякіх сьлядоў польскае культуры на Беларусі. Баючыся польскага сэпаратызму, урад Мікалая І скасоўваў польскія цэнтры навукі і культуры і ў той-жа самы час не дапушчаў ніякіх выяўленьняў нацыянальна-вобласнага жыцьця сярод мясцовых народнасьцяй.
Беларускія землі, па думцы расійскага ўраду, павінны былі зрабіцца апорай праваслаўя і расійскае народнасьці. Урадавае чыноўніцтва шчыра ажыцьцяўляла гэтую задачу русіфікатарскай політыкі.
Зачыніўшы ўсе вучэбныя цэнтры, урад Мікалая І аднак-жа, не рашыўся адчыніць вышэйшую вучэбную ўстанову для Беларусі, калі ня лічыць адчыненьня ў 1842 годзе ў казённым маёнтку Горы-Горкі Аршанскага павету Сельска-Гаспадарчае Школы, якая праз 7 год была рэформавана ў Сельскагаспадарчы Інстытут. Апошні, аднак-жа, існаваў да 1863 году, калі ён быў пераведзен ў Пецярбург і пераймянованы ў Пецярбурскі Сельскагаспадарчы Інстытут. Зачыненьне Горы-Горацкага Сельскагаспадарчага Інстытуту на абшарах Беларусі знаходзілася ў вядомай сувязі з адгукам паўстаньня 1863 г. на Беларусі[32]. Пасьля зачыненьня Горы-Горацкага Інстытуту Беларусь страціла сваю адзіную ва ўсёй краіне вышэйшую вучэбную ўстанову і заставалася без апошняй аж да Кастрычнікавай рэволюцыі.
Горы-Горацкі Інстытут быў доўгі час адзіным рассаднікам сельскагаспадарчых ведаў ня толькі на Беларусі, але і па ўсёй Расіі. Польскія земляўласьнікі, якія вялі гаспадарку прадпраймовага характару, зразумела, цікавіліся навуковымі спосабамі вядзеньня гаспадаркі і таму з вялікім інтарэсам і ўвагай адносіліся да Горы-Горацкага Інстытуту. Праўда, потым, на руінах былога Горы-Горацкага Сельскагаспадарчага Інстытуту ўзрасло сельскагаспадарчае вучылішча сярэдняга тыпу, якое, зразумела, ня мела вялікага значэньня ў гісторыі культуры і гаспадаркі Беларусі.
Дзякуючы гэтакай цэнтралістычнай політыцы расійскага ўраду, які ўвесь час знаходзіўся пад уплывам і ўражаньнем паўстаньня 1830 і 1863 году, Беларусь, застаўшыся бяз вышэйшае вучэбнае ўстановы, уяўляла з сябе краіну заняпаўшую як у культурных адносінах, так і ў экономічных. Беларуская вучнёўская моладзь была прымушана ехаць вучыцца за межы Беларусі —у Пецярбург і Маскву.
Такі адрыў ад роднае краіны рабіў тое, што культурныя сілы, якія выхадзілі з Беларусі, прымушаны былі працаваць не на Беларусі. Дзякуючы гэтаму Беларусь не магла мець ні сваёй уласнае інтэлігэііцыі, ні сваёй навукі, ні свайго мастацтва. Адсутнасьць у краі вышэйшае агрономічнае ўстановы да некаторай ступені затрымоўвала разьвіцьцё вытворчых сілаў Беларусі. Усё жыцьцё краю было афяравана русіфікатарскім тэндэнцыям расійскае політыкі на Беларусі.
Немормальнасьць такога становішча, калі аграмадная краіна, з асаблівымі прыроднымі ўмовамі і старой культурай, засталася без вышэйшай вучэбнай установы, была яскрава ўсьвядомлена кіруючымі грамадзкімі коламі. Ужо ў пачатку 60-х гадоў Віцебскае дваранства хадайнічала асабіста перад Аляксандрам ІІ аб адчыненьні ў краіне вышэйшае вучэбнае ўстановы, але гэтая запіска Віцебскага дваранства ня мела ніякіх вынікаў. На яе нават ня было дадзена ніякага адказу[33].
Аднак-жа, як ні адмоўна адносіўся ўрад да думкі аб адчыненьні на Беларусі вышэйшае вучэбнае ўстановы, усё-ж часамі нават адпаведныя ўрадавыя колы цікавіліся гэтым пытаньнем. Калі гр. Д. А. Талстой стаў міністрам Народнае Асьветы, то, ня гледзячы на яго адмоўныя адносіны да вышэйшай школы, ён паставіў на чаргу пытаньне аб адчыненьні на Беларусі вышэйшай вучэбнай установы. Міністар Народнае Асьветы ў сярэдзіне 70-х гадоў падаў Аляксандру ІІ дакладную запіску аб пажаданасьці адчыненьня на Беларусі Унівэрсытэту. Месцам знаходжаньня Беларускага Унівэрсытэту па думцы Талстога павінен быць Полацк. На патрэбы Унівэрсытэту трэба было скарыстаць будынкі скасаваных каталіцкіх манастыроў. Праўда, частка гэтых будынкаў была занята Полацкім Кадэцкім Корпусам, але Талстой думаў перавесьці Полацкі Кадэцкі Корпус у Юр’еў або ў Вільню. Урад Аляксандра ІІ тэорэтычна згадзіўся з прапановай міністра Народнае Асьветы. Але з гэтага пляну нічога добрага для Беларусі ня выйшла. Урад, зацікаўлены Балканскай проблемай, быў прымушаны дабівацца сваіх плянаў узброенай сілай. Пачалася Расійска-Турэцкая вайна, якая зьняла з чаргі пытаньне аб адчыненьні на Беларусі Вышэйшае Вучэбнае ўстановы[34].
80-я гады, гады цяжкае політычнае рэакцыі, былі вельмі няспрыяючымі для пытаньня аб адчыненьні на Беларусі вышэйшай вучэбнай ўстановы. Аднак, у канцы 80-х гадоў, у тагочасным друку было ўзьнята пытаньне аб адчыненьні вышэйшае вучэбнае ўстановы на Беларусі, якая, у той-жа час, павінна была зрабіцца цэнтрам расійскае культуры. Усе аўтары, якія ўзьнімалі ў друку пытаньне аб вышэйшай вучэбнай установе, прынцыпова лічылі неабходным адчыненьне апошняй, але, аднак-жа, разыходзіліся ў тым, якую вышэйшую вучэбную ўстанову трэба адчыняць. Калі адны выказваліся за адчыненьне Унівэрсытэту, то іншыя выказваліся за адчыненьне Політэхнікуму. Былі і прыхільнікі адчыненьня ў Вільні праваслаўнай Духоўнае Акадэміі, якая павінна стаць, апорай праваслаўя і самаўладзтва на абшарах Беларусі. Газэтная полеміка 80-х гадоў ня дала ніякіх рэальных вынікаў. Аднак, пытаньне аб вышэйшай вучэбнай установе было, як і раней, чарговым; да яго, час ад часу, зварочваліся месныя грамадзкія дзеячы і прадстаўнікі земляўласьніцкага стану[35]
Агульны гаспадарчы пад’ём старое Расіі ў 90-х гадох, зразумела даткнуўся і Беларусі. Але сыстэматычнае разьвіцьцё на Беларусі вытворчых сіл, рацыянальная пастаноўка сельскай і лясной гаспадаркі было немагчыма без адпаведных кваліфікаваных працаўнікоў.
Пад уплывам запатрабаваньняў тагочаснага моманту, думка аб адчыненьні на Беларусі Унівэрсытэту пакідаецца, і замест Унівэрсытэту высоўваецца думка аб адчыненьні вышэйшае вучэбнае ўстановы з тэхнічным і практычным ухілам. Так, у жніўні 1901 году адбыўся ў Вільні зьезд прадстаўнікоў сельска-гаспадарчых таварыстваў Беларусі на якім абгаварвалася пытаньне аб заснаваньні вышэйшай вучэбнае ўстановы ў Вільні. Гэтае ж пытаньне абгаворвалася і ў Віленскай гарадзкой Думе. Грунтуючыся на тым, што на Беларусі няма мінэральнага багацьця, няма ніякай хоць крыху разьвітай прамысловасьці, што дзесяцімільённае жыхарства Беларусі занята сельскай гаспадаркай, зьезд сельскіх гаспадароў выказаўся за адчыненьне Політэхнікума з аддзяленьнямі сельскагаспадарчым, лясным, хімічным, мэханічным і будаўнічым, як найбольш адпавядаючым месным запатрабаваньням. Аднак-жа, гэтая пастанова ня мела ніякага значэньня. Пытаньне гэта ў урадавых сфэрах далей не пасунулася. Расійскі ўрад, як і раней, баяўся адчыненьня на тэрыторыі Беларусі вышэйшае вучэбнае ўстановы[36].
У 1903 годзе адбыўся ў Дзьвінску Вобласны Сельскагаспадарчы Зьезд, у якім прымалі ўдзел як і месныя сельскія гаспадары, так і прадстаўнікі агрономічнай навукі. Можна сказаць, што тут былі прадстаўнікі ад усяго Беларускага абшарніцкага земляўласьніцтва цалкам. Удзельнік зьезду П. Стральцоў зрабіў даклад аб вышэйшай вучэбнай установе ў Паўночна-Заходняй Краіне. Па думцы дакладчыка, адчыненьне вышэйшае вучэбнае ўстановы на Беларусі, калі дзяржаўны крэдыт на патрэбы асьветы вельмі нязначны, немагчыма без дапамогі месных сродкаў. З прычыны гэтага, дакладчык думаў, што месныя сельскія гаспадары, як вядома буйная грамадзкая адзінка, павінны прыняць меры да таго, каб забясьпечыць гэтую вышэйшую вучэбную ўстанову неабходнымі матар’яльнымі сродкамі. Па думцы дакладчыка, нельга спадзявацца на добраахвотныя афяры па падпісцы. Дзеля гэтага Вобласнаму Сельска-Гаспадарчаму Зьезду неабходна хадатайнічаць перад урадам аб тым, каб было дазволена абкласьці пэўным зборам у простым пропорцыянальным разьмеры ўсіх наогул сельскіх гаспадароў 6-ці губэрняў, якія ўваходзяць у склад Віленскае Вучэбнае Акругі.
Па думцы дакладчыка, сялянскія вобчаствы звальняюцца ад абкладу, бо яны шмат плацяць на патрэбы ніжэйшых сельскіх школ.
Вобласны зьезд разам з хадайніцтвам аб атрыманьні дазваленьня на гэты добраахвотны абклад, аднак-жа павінен паклапаціцца аб тым, каб гэты абклад быў абавязковым, і каб земскія ўстановы былі пасярэднікамі паміж сельскімі гаспадарамі і ўрадам. Такім чынам земскія ўстановы зьявіліся-б юрыдычна і моральна адказнымі за ўзносы гэтага абкладу. Апрача таго, па думцы дакладчыка, магчыма, апрача самаабкладу, знайсьці так-сама і іншыя крыніцы месных сродкаў, дзякуючы якім пытаньне аб адчыненьні ў краі вышэйшае вучэбнае ўстановы зрабілася-б больш магчымым. Дакладчык паказаў на існаваньне так званага Гільзенаўскага фундуша, прыбытак з якога ішоў на дабрачынныя патрэбы, і, у прыватнасьці, сродкі, якія ўжо назьбіраліся, былі адданы на пабудову мужчынскае гімназыі. Між тым, па думцы Язэпа Гільзена, які адпісаў маёнтак, прыбыткі з яго павінны былі ісьці «на розныя дабрачынныя мэты і асабліва на пашырэньне навук, прыгожага мастацтва і на выхаваньне беднае шляхецкае моладзі».
Дакладчык думаў, што, каб Гільзенскі фундуш быў зьвернуты на патрэбы вышэйшае вучэбнае ўстановы, то гэта цалкам ўзгаднялася-б з жаданьнем адказальніка, бо дапамагала-б пашырэньню навук і прыгожага мастацтва. Прыводзячы довады на карысьць адчыненьня Унівэрсытэту на Беларусі, дакладчык даказваў неабходнасьць яго ўстанаўленьня для разьвіцьця агрономічнае навукі, якая так патрэбна для разьвіцьця сельскае гаспадаркі, і апіраўся на словы вядомага Лібіха, заснавальніка земляробскае хіміі, які сказаў, што сельска-гаспадарчыя навукі належаць Унівэрсытэту, бо спэцыяльныя сельска-гаспадарчыя акадэміі прынесьлі больш шкоды, чымсі карысьці і зусім не адпавядаюць сучасным запатрабаваньням, якія вымагаюцца ад вышэйшае сельскагаспадарчае асьветы.
Ідэі Лібіха былі ажыцьцяўлены ў Нямеччыне, дзе ў 1664 годзе быў адчынен пры Гальскім Унівэрсытэце сельскагаспадарчы інстытут. Дакладчык лічыць, што вопыт адчыненьня такога Інстытуту быў вельмі ўдалы і што ў сучасны момант цэнтрам сельскагаспадарчае навукі ў Нямеччыне зьяўляюцца не спэцыяльныя Акадэміі— Палітэхнікумы, а Унівэрсытэты Лейпцыга, Гальле і Браслаўля. Адчыненьне такога аддзяленьня пры Унівэрсытэце зьяўляецца неабходным, бо Беларусь — краіна сельскае гаспадаркі з асаблівымі ўмовамі глебы і кліматам — мае шмат нескарыстаных культурай зямельных абшараў, для апрацоўкі якіх патрэбны новыя спосабы. Адсюль вынікае, што правільная пастаноўка вышэйшае сельскагаспадарчае асьветы ў Расіі наогул, па думцы дакладчыка, складае адно з галоўнейшых чарговых пытаньняў.
Апрача таго, па думцы дакладчыка, Унівэрсытэт павінен зрабіцца цэнтрам расійскае асьветы і правадніком расійскае грамадзкасьці. Дакладчык паказвае, што месная моладзь, шукаючы вышэйшай адукацыі, едзе ў Нямеччыну, Бэльгію і Швэйцарыю, і што такая эміграцыя, па многіх прычынах, наўрад узгадняецца з асновамі расійскае грамадзкасьці і расійскае асьветы. Дакладчык паказваў таксама і на тое, што ў сучасны момант мы маем вельмі мала навукова-організаваных досьледаў па меснай гісторыі, якая вельмі багата вялікімі здарэньнямі і мае вялікае значэньне для ўсіх усходніх і заходніх суседзяў. «Вялікія скарбы, як розныя акты, дакуманты, якія належаць да мінулага, ляжаць нярухомымі на паліцах, закураных пылам у цэнтральным архіве, чакаючы вопытнае рукі вучонага, якая выцягнула-бы на сьвет божы і разабралася-б у гэтых летапісах мінулага. Частка гэтых кніжніц, якія існавалі без усякае карысьці некалькі дзесяцігоддзяў, пераведзена ў іншыя месцы. Напрыклад, найкаштоўная Езуіцкая бібліятэка, якая захоўвалася нечапанай у Віцебску, год таму назад была перавезена ў Кіеў, а на гэтых днёх адбылося скасаваньне Віцебскага Цэнтральнага архіву Старажытных Актаў, Віцебскай і Магілёўскай Губэрняў». Высоўваючы практычныя меркаваньні на карысьць адчыненьня Унівэрсытэту, дакладчык зазначаў, што шэсьць заходніх губэрній прыкметна церпяць «ад бязумоўнае неадпаведнасьці шмат розных запытаньняў меснага жыцьця з культурнымі сіламі, якія зьвязаны з ім не выпадковымі акалічнасьцямі, службовай ці грамадзкай чыннасьцю, як цяпер, а нараджэньнем, выхаваньнем, духоўнымі, грамадзскімі і экономічнымі інтарэсамі». Гэтыя інтарэсы ў сувязі з этнографічнымі і плямённымі асаблівасьцямі жыхарства зусім ня вывучаны. Нашае сельскае гаспадарства, шукаючы лепшых шляхоў, кідаецца з боку ў бок, ад земляробства да абробнай прамысловасьці і ад прамысловасьці да земляробства. Нарэшце, мы ня можам з упэўненасьцю сказаць, ці мы жывем у земляробскім раёне, і дзе тыя сродкі, якія паднялі-б заняпаўшую сельскую гаспадарку.
Падняцьце адукацыйнага ўзроўню сельскіх гаспадароў і іншых груп жыхарства шляхам адчыненьня вышэйшае вучэбнае ўстановы, каб палегчыць маладому пакаленьню дасягненьне вышэйшае асьветы зрабіла-б больш простым вырашэньне гэтых задач нашага часу. Дакладчык думаў, што і гарады, зацікаўленыя організацыяй Унівэрсытэту, прыйдуць на дапамогу новай вышэйшай вучэбнай установе. Што датычыцца месца для Унівэрсытэту, то кожная губэрня мае шмат сур’ёзных довадаў, якія гавораць на карысьць яе. Аднак, дакладчык думае, што было б справядліва каб зьезд ня выказваў пэўнай думкі па гэтаму пытаньню, а перадаў яго на погляд ураду, ініцыятыве і пажаданьням зацікаўленных гарадоў. Такая позіцыя неабходна дзеля таго, каб абмінуць шкодны для справы папрок у тым, што, карыстаючыся выпадковай большасьцю галасоў, зьезд выбраў адзін горад перад другім, тады як, па сутнасьці, пытаньне, дзе павінна быць вышэйшая вучэбная ўстанова, для зьезду мае другароднае значэньне ў параўнаньні з самым фактам заснаваньня такой вучэбнай установы для патрэб Паўночна-Заходняга Краю[37].
Усе палажэньні дакладчыка былі прыняты Вобласным Сельскагаспадарчым Зьездам. Адначасна пытаньне аб Унівэрсытэце было ўзьнята спачатку ў Віцебску, на пасяджэпні Гарадзкой Думы ад 27-га жніўня, якая пастанавіла ўвайсьці з хадайніцтвам аб адчыненьні Унівэрсытэту[38]. Не без уплыву пастановы Вобласнага зьезду, Менская Гарадзкая Дума ўзьняла хадайніцтва перад урадам аб адчыненьні на Беларусі Унівэрсытэту і асыгнаваньні неабходных для гэтай мэты сродкаў. 3-га верасьня было склікана экстранае пасяджэньне Гарадзкой Думы, на якім сябра Думы В. О. Янчэўскі выступіў з прапазыцыяй хадатайнічаць перад урадам аб адчыненьні Унівэрсытэту ў Менску. Ініцыятар прапазыцыі, з аднаго боку, паказваў на географічнае становішча Менску, як вельмі зручнае для Унівэрсытэту, а з другога боку адзначаў і тое, што ў Менску штогод канчае сярэднюю школу вялікая колькасць асоб, якія прымушаны ехаць за межы Беларусі ў іншыя вучэбныя ўстановы. Для разьвіцьця культуры і падыму народнай гаспадаркі Беларусі, па думцы Янчэўскага, Унівэрсытэт зьяўляецца неабходным. Менская Гарадзкая Дума, знаходзячы, што адчыненьне Унівэрсытэту надзвычайна важна як у культурных і агульна-асьветных адносінах, гэтак і інтарэсах дальнейшага ўзросту гораду, пастанавіла узьняць адпаведнае хадайніцтва аб адчыненьні ў Менску Унівэрсытэту і з свайго боку аддаць для пабудаваньня памяшканьняў Унівэрсытэту неабходны вучастак зямлі і 500.000 руб. грашыма[39].
Пытаньне аб Унівэрсытэце на Беларусі пад уплывам пастаноў як Вобласнага Зьезду сельскіх гаспадароў, гэтак і Віцебскай і Менскай Гарадзкое Думы вельмі падрабязна абгаворвалася як у мясцовым, так і ўрадавым друку. Газэты выказваліся за неабходнасьць адчыненьня Унівэрсытэту па меркаваньнях як экономічнага гэтак і політычнага характару. Усе, хто пісаў аб неабходнасьці адчыненьня Унівэрсытэту на Беларусі, зразумела, разглядалі Беларусь толькі як частку Расійскае Імпэрыі, якая мае свае месныя этнографічныя, культурныя і экономічныя асаблівасьці. Унівэрсытэт на Беларусі павінен быў зьявіцца правадніком расійскае грамадзкасьці і расійскае політыкі. Абаронцы Унівэрсытэту, зразумела, ня думалі аб тым, каб падаць Унівэрсытэту месны колёрыт, альбо аб тым, каб унівэрсытэт на Беларусі зрабіўся-б цэнтрам нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі.
Іншая пастаноўка пытаньня была, зразумела, немагчымай папершае таму, што самая думка аб нацыянальна-культурным адраджэньні Беларускага народу толькі яшчэ нараджалася і пакуль што была слаба пашырана; а з другога боку, прадстаўнікі земляўласьніцтва і гарадзкіх вобчастваў, зразумела, уяўлялі сабе Беларусь, як сустаўную частку Расійская Імпэрыі. Аднак, урад на гэтыя хадайніцтва ня даў ніякага пэўнага адказу. Міністэрства Народнае Асьветы, як і раней, баялася таго, каб Унівэрсытэт на Беларусі не зрабіўся цэнтрам нацыянальна-культурнага і політычнага руху, што спрыяла-б пашырэньню ў краі політычнага настрою, які з пункту погляду агульна-расійскіх дзяржаўных ідэй быў зусім не жаданым. Міністэрства Народнае Асьветы добра памятала аб Віленскім Унівэрсытэце, аб яго політычным значэньні і аб яго ўдзеле ў паўстаньні 1830 году.
Ня гледзячы на няўдачу ў пытаньні аб адчыненьні Унівэрсытэту ў Менску, Менская Гарадзкая Дума ў 1906 годзе зноў узьнімае пытаньне аб адчыненьні Унівэрсытэту ў Менску і, разам з тым, для ўзмацненьня свайго хадайніцтва, зварочваецца да земскіх устаноў з тым, каб земства, таксама зацікаўленае адчыненьнем Унівэрсытэту, як і горад, пайшло насустрач гораду, падтрымаўшы хадайніцтва Гарадзкое Думы, як асыгнаваньнем грошай, так і адпаведнымі пастановамі.
Земства, у асобе Менскай Губэрскай Управы па справах земскае гаспадаркі, аднеслася адмоўна да хадайніцтва Гарадзкое Думы аб адчыненьні Унівэрсытэту ў Менску. Даклад Губэрскае Управы разглядаўся ў Губэрнскім Комітэце, які таксама падтрымаў пастанову Губэрнскае Управы, апіраючыся, як на прычыну адмовы, на тое, што Губэрнскі Комітэт «ня мае права рабіць якія-небудзь асыгнаваньні з земскіх сродкаў на дапамогу вышэйшай адукацыі, згодна Палажэньню ўстановам па справах земскай гаспадаркі». Далей Губэрнскі Комітэт паказваў, што колькасць атрымаўшых адукацыю ў Менскай губэрніі, у адносінах да агульнай колькасьці жыхарства, зьяўляецца зусім нязначнай, і таму «страта сродкаў, якія зьбіраюцца з усяе масы жыхарства на абсталяваньне і ўтрыманьне такое вучэбнае ўстановы, якой можа карыстацца толькі нязначная і пры гэтым найбольш заможная група асоб, ня можа мець месца». Праўда, ня ўсе сябры Губэрнскага Камітэту былі згодны з гэтай пастановай, меншасьць пробавала абараняць ідэю адчыненьня Унівэрсытэту ў Менску. Аднак, Губэрнскі Комітэт пастанавіў, што асыгнаваньне 500.000 рублёў з земскіх сум на Менскі Унівэрсытэт зьяўляецца незаконным, не адпавядаючым патрэбам вялізнае масы платнікаў земскіх падаткаў і немагчымым па стану земскіх падаткаў[40]. Так, Менскі Губэрнскі Комітэт адхіліў хадайніцтва Гарадзкое Думы аб агульным выступленьні перад урадам аб адчыненьні Унівэрсытэту ў Менску. Зразумела, Менскі Губэрнскі Комітэт, які складаўся ў большасьці з земляўласьнікаў, пад уплывам аграрнага руху і ў 1905 годзе і 1906 годзе павінен быў аднесьціся адмоўна да гэтага хадайніцтва, бо адукацыя народнае масы, з пункту погляду іх політычных інтарэсаў, была, бязумоўна, некарыснай. Аднак, Менская Гарадзкая Дума не згадзілася з новай няўдачай у пытаньні аб адчыненьні Унівэрсытэту. Пытаньне зноў было пастаўлена на пасяджэньні Гарадзкое Думы ў 1911 годзе. Тое-ж пытаньне абгаворвалася і ў Менскім Губэрнскім Комітэце. На гэты раз Комітэт падышоў інакш да ідэі адчыненьня вышэйшае вучэбнае ўстановы. Праўда, абедзьве грамадзкія ўстановы ўжо не настайвалі на адчыненьні Унівэрсытэту з некалькімі факультэтамі. Прымаючы пад увагу рознага роду практычныя і політычныя меркаванні, Гарадзкая Дума і Губэрнскае Земства пастанавілі хадайнічаць аб адчыненьні аднаго толькі мэдычнага факультэту, разьлічваючы, што ў далейшым, пры існаваньні аднаго мэдычнага факультэту, будзе лягчэй дабіцца атрымаць спрыяючы адказ па ўзьнятае хадайніцтва аб адчыненьні Унівэрсытэту. Гарадзкая Дума пастанавіла аддаць пад Унівэрсытэт хутар Людамант і брала на сябе абавязак правесьці на гэты хутар электрычны трамвай[41]. Пытаньне аб адчыненьні Унівэрсытэту ставілася на зусім рэальную глебу, і Гарадзкая Дума і Губэрнскае Земства былі далёка ад усякіх ранейшых нацыянальна-політычных традыцый, зьвязаных з Віленскім Унівэрсытэтам. Абедзьве грамадзкія ўстановы, падымаючы пытаньне аб Унівэрсытэце, мелі на ўвазе толькі тагачасныя патрэбы краю. Гэты край, у сэнсе здавальненьня яго мэдычнай дапамогай, быў значна адсталым у параўнаньні з земскімі губэрнямі і гарадамі Украіны ці Цэнтральнае Расіі. Аднак-жа і гэта хадайніцтва ня было здавольнена. Спробы членаў Дзяржаўнай Думы, абраных ад беларускіх губэрняў, падтрымаць перад урадам хадайніцтва вышэйпамянёных грамадзкіх устаноў, таксама не зрабілі ніякага ўплыву на лёс хадайніцтва. Урад не зьвяртаў ніякай увагі на грамадзкія хадайніцтвы і заявы членаў Дзяржаўнае Думы. Зразумела, сам урад добра разумеў неабходнасьць адчыненьня для Беларусі Унівэрсытэту і, у прыватнасьці, Мэдычнага факультэту. Аднак-жа політычныя ўспаміны аб ролі Віленскага Унівэрсытэту ў рэволюційным руху краіны прымушалі ўрад адхіляць усе хадайніцтвы.
У пачатку 1914 году пры Дзяржаўнай Думе была організавана Асобная Нарада, якая выпрацоўвала агульны плян адчыненьня вышэйшых сельска-гаспадарчых вучэбных устаноў у галоўных земляробскіх раёнах Расіі. Урад быў прымушан пайсьці на організацыю такой Нарады, бо хронічны аграрны крызіс і заняпад сельскай гаспадаркі, галоўным чынам сялянскае, рабіўся небясьпечны. Гэтая-ж Нарада мела на ўвазе адчыніць у Менску Сельскагаспадарчы Інстытут, з прычыны асаблівасьцяў Беларусі, як у натуральна-гістарычным, гэтак і ў культурна-бытавым сэнсе. У Дзяржаўную Думу быў ужо ўнесен проект аб адчыненьні адпаведных вышэйшых школ, але распачатая вайна не дала магчымасьці гэтую ідэю ажыцьцявіць[42].
Ня гледзячы на вайну, у буржуазных беларускіх грамадзкіх колах думка аб неабходнасьці адчыненьня Унівэрсытэту так насьпела і патрэбнасьць у існаваньні Унівэрсытэту так востра адчувалася, што ў 1916 годзе, не зважаючы на ваенныя падзеі, амаль што адначасна Магілёўскае Губэрнскае Земскае Сабраньне, Віцебская Губэрнская Земская Управа, Менская Гарадзкая Дума і Менскае Губэрнскае Земства хадайнічалі перад Урадам аб адчыненьні Унівэрсытэту ў адным з гарадоў Беларусі[43]. Міністэрства Народнае Асьветы і на гэтае хадайніцтва адказала адмоўна. Па думцы Міністэрства, адчыненьне Унівэрсытэту ў Менску было немагчыма таму, што горад знаходзіўся блізка ад фронту, а іншыя гарады, як Віцебск і Магілёў, не зьяўляюцца цэнтрамі Паўночна- Заходняга, па ўрадавай тэрмінолегіі, краю. Такім чынам, пасьля зачыненьня Віленскага Унівэрсытэту Беларусь заставалася бяз вышэйшае вучэбнае ўстановы, і ўсе спробы буржуазных грамадзкіх устаноў дабіцца адчыненьня на Беларусі вышэйшае вучэбнае ўстановы ня далі ніякіх дадатных вынікаў. Царскі ўрад, вельмі добра разумеючы важнасьць узьнятай проблемы і неабходнасьць яе дадатнага вырашэньня, аднак адхіліў усе хадайніцтвы. Політычныя меркаваньні заўсёды бралі верх над рэальнымі патрэбамі краю.
Барацьба за організацыю на Беларусі Вышэйшае школы пачалася зноў з эпохі Лютаўскае рэволюцыі. Рэволюцыя, скінуўшы ланцугі самаўладзтва з жыцьця народаў, якія насялялі царскую Расію, дала таўчок да нацыянальна-культурнага руху народаў. Для беларускіх нацыянальных організацый пытаньне аб адчыненьні Унівэрсытэту робіцца актуальным, у якасьці аднаго з праграмных запатрабаваньняў, якое павінна быць неадкладна вырашана.
Рэволюцыйны рух, які ўскалыхнуў усю царскую Расію, ня гледзячы па пэўную нацыянальную політыку, якую праводзіў, у рад Кастрычнікавае Рэволюцыі, усё-ж такі, у першыя часы, ня мог даць Беларусі Унівэрсытэту.
Перад рэволюцыйным урадам, які ўзяў уладу на моцы Кастрычнікавага перавароту, стаяла так многа пытаньняў, якія трэба было неадкладна вырашыць, што, зусім зразумела, пытаньне аб адчыненьні на Беларусі Унівэрсытэту адыходзіла назад. Апрача таго, агульнае становішча на Заходнім фронце было такім, што організаваць Унівэрсытэт пры ўмовах окупацыі Менску нямецкімі вайскамі было немэтазгодным. Сапраўды, окупацыя немцамі Беларусі хутка зрабілася фактам.
У часе нямецкай окупацыі ў беларускай прэсе ў Менску абгаворвалася пытаньне аб адкрыцьці ў Менску Беларускага Унівэрсытэту. Па гэтаму поваду прафэсарам М. В. Доўнар-Запольскім была прадстаўлена дакладная запіска, у якой былі выказаны тыя палажэньні, на аснове якіх трэба было адкрыць Унівэрсытэт. Адначасна акадэмік Я. Ф. Карскі таксама выступіў з проектам унівэрсытэцкага статуту. Па думцы М. В. Доўнар-Запольскага, будучы Унівэрсытэт павінен быў складацца з наступных факультэтаў: 1) Гістарычна-філёлёгічнага, з двома аддзяленьнямі: гістарычным і гістарычна-літаратурным, 2) Фізычна-матэматычнага, у складзе аддзяленьняў: прыродазнаўчага, хімічнага і агрономічнага, 3) Юрыдычнага, 4) Комэрцыйна-экономічнага, 5) Мэдычнага і 6) Теолёгічнага. Па проекту акад. Я. Карскага, будучы Унівэрсытэт павінен быў таксама знаходзіцца ў Менску, які зьяўляецца вельмі значным культурным і экономічным цэнтрам Беларусі і посьле Вільні зьяўляецца самым багатым горадам. Па проекту акад. Карскага будучы Унівэрсытэт павінен быў складацца з факультэтаў: 1) Тэолегічнага, 2) Гістарычна-філёлёгічнага, 3) Фізычна-матэматычнага, 4) Юрыдычнага і 5) Мэдычнага. Апрача таго, пры адпаведных факультэтах могуць быць адчынены агрономічнае і комэрцыйнае аддзяленьні. Наогул абодва проекты організацыі будучага Унівэрсытэту былі вельмі падобны і мала чым розьніліся ад організацыі старых расійскіх унівэрсытэтаў. Аднак важна адзначыць, што ў часы нямецкай окупацыі думка аб неабходнасьці адкрыцьця ў Беларусі Унівэрсытэту канчаткова замацавалася сярод буржуазыйных грамадзкіх дзеячоў і прадстаўнікоў беларускаў інтэлігенцыі. Лістападаўская нямецкая рэволюцыя 1918 году вызваліла Беларусь ад нямецкай окупацыі. У Менску ізноў замацавалася савецкая ўлада. Пытаньне-ж аб адкрыцьці Беларускага Унівэрсытэту пастарому захавала сваю актуальнасьць і было прадметам асаблівай увагі з боку ўраду савецкай Беларусі.
Зноскі
правіць- ↑ Ф. Турук. Летопис Универснитета (Працы Бел. Дзярж. Унівэрсытэту № І).
- ↑ И. И. Лаппо. Виленская академия, иезуитская коллегия и ее документы, ст. 34 (Описание дел архива Мин. Нар. Просв.).
- ↑ И. И. Лаппо. Opus cit, стар. З.
- ↑ Тамжа, стар. 4.
- ↑ И. И. Лаппо. Opus cit, стар. 4
- ↑ И. И. Лаппо. Opus cit, стар. 5-6
- ↑ И. И. Лаппо. Opus cit, стар. 8
- ↑ И. И. Лаппо. Opus cit, стар. 9
- ↑ И. И. Лаппо. Opus cit, стар. 10
- ↑ И. И. Лаппо. Opus cit, стар. 8-9
- ↑ Michal Brenszien. Biblioteka Uniwersytecka w Wilne do roku 1882. Wilno, 1922, стар. 1
- ↑ Opus cit, стар. 4-6
- ↑ Opus cit, стар. 9
- ↑ Opus cit, стар. 10
- ↑ M. Brensztein. Opus. cit, стар. 10
- ↑ Ibidem, стар. 11
- ↑ M. Brensztein. Opus. cit, стар. 17
- ↑ И. И. Лаппо. Opus cit, стар. XI
- ↑ И. И. Лаппо. Opus cit, стар. XI
- ↑ И. И. Лаппо. Opus cit, стар. XII
- ↑ M. Brensztein. Opus. cit, стар. 16
- ↑ И. И. Лаппо. Opus cit, стар. XI
- ↑ И. И. Лаппо. Западная Россия и ее соединение с Польшей в историческом прошлом. Прага. 1924 г. стр. 24-25
- ↑ Ф. Турук. Працы Бел. Дзярж. Унів., №1, стар. 176
- ↑ M. Brensztein. Opus. cit, стар. 45 і 61
- ↑ M. Brensztein. Opus. cit, стар. 93-94
- ↑ П. Стрельцов. О высшем учебном заведении в Сев.-Зап. Крае, Витебск. 1903. Стр. 4.
- ↑ П. Стрельцов. Opus. cit, стр. 4
- ↑ П. Стрельцов. Opus. cit, стр. 5
- ↑ П. Стрельцов. Opus. cit, стр. 6
- ↑ Ф. Турук. Унив. Летопись (Працы Дзярж. Унів. №1, стр. 176
- ↑ П. Стрельцов. стр. 8
- ↑ П. Стрельцов. Opus. cit, стр. 9
- ↑ П. Стрельцов. Opus. cit, стр. 9
- ↑ П. Стрельцов. Opus. cit, стр. 10; Ф. Турук. Opus. cit, стр. 178
- ↑ П. Стрельцов. Opus. cit, стр. 10
- ↑ П. Стрельцов. Opus. cit, стр. 10-30
- ↑ П. Стрельцов. Opus. cit, стр. 31
- ↑ П. Стрельцов. Opus. cit, стр. 33. Школа и культура Советской Белоруссии, №1. 1919 г., стр. 35
- ↑ «Школа и культура», стр. 35-36
- ↑ Ф. Турук. стр. 179
- ↑ Ф. Турук. Opus. cit, стр. 180
- ↑ Ф. Турук. стр. 180. «Школа и культура», стр. 36