Нашто глядзіш так мне у вочы
Скажы, о любая, скажы.
Пад гэты, змрок халоднай ночы
Я не магу з табою жыць.
Я знаю: сэрца тваё б‘ецца
Агнём нявыпітай крыві
І вось затым ў шырокім сьвеце
Хачу я песьні абнавіць…
Ты плачаш, плачаш, сьлёзы льлюцца,
Яны гараць-пякуць агнём.
Глядзі навокал: кветкі й людзі
Цябе вітаюць з новым днём.
А так нядаўна, так шчасьліва
Твой сьмех палаў ў маіх грудзёх,
Калі мы дружна, хоць маўкліва
Ішлі змагацца за жыцьцё!
Парой ты песьні свае пела,
Як птушка вольнасьці й дуброў
І ўсё на нівах паланела,
Як паланее толькі кроў!
І так ішлі ў трывозе ночы,
Так беглі дні і ўсё жыцьцё,
А я маўчаў, і толькі вочы
Шукалі нешта над трысьцём.
І я ня знаў, што на курганах
Душу мяцежную аддам,
Ўсяму, што з подыхам сьвітаньня
Імкнецца ў радасную даль,
Дзе ёсць другая маладзіца
І гэта песьня для другой —
Я толькі ёй аднэй маліўся,
Адну кахаў сярод лугоў.
Чаго-ж глядзіш так мне у вочы
Скажы, о любая, скажы,
Пад гэты змрок халоднай ночы
Я не магу з табою жыць.
|