Пялёсткі (1926)/Шастаньне дубоў/Пеў пякучыя песьні

Зялёны месяц Пеў пякучыя песьні
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1926 год
Чаго сёньня так сэрца
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пеў пякучыя песьнi свае салавей…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




∗     ∗

Пеў пякучыя песьні свае салавей,
Кучаравая ліпа драмала;
На прасторы палёў і жытнёвых завей,
Там, дзе песьня да шчасьця і волі заве,
Маладая дзяўчына сьпявала.

Слухаў я, і ў грудзях векапомнай струной
Пела сэрца пра сьветлую волю.
І хацелася шчасьця й каханьня ізноў,
Каб у гэтым прасторы сівых ячмянёў
Патануць ў цішыні з галавою.

Хай тады яна прыйдзе і скажа: «Кахай
Маладую дзяўчыну прывольля.
Будзе песьні нам пець зачарованы гай,
Будзе слухаць іх месяц і радасны край,
А мы будзем кахацца на полі…»

І рукой белай, белай, як лебедзь, рукой
Абнімаць мяне ў шчырасьці будзе.
Хай тады белы месяц над сіняй ракой
Упадзе на ваду залатым васільком, —
Ён запал нашых сноў не астудзіць!

Хай тады усю ноч, ўсё жыцьцё салавей
Свае песьні пяе пра каханьне.
На прасторы палёў і жытнёвых завей,
Там, дзе песьня да шчасьця і волі заве,
Ўсё жыцьцё, залатое, — сьвітаньне!