Слуцкае паўстаньне…

Слуцкае паўстаньне…
Верш
Аўтар: Сяргей Сарока
1931 год
Крыніца: Часопіс «Шлях Моладзі», № 10 (33), кастрычнік 1931 г., б. 11–12

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Слуцкае паўстаньне…


Іх былі жменькі…
Верныя дзеці старой Беларусі
Сьцяг свой з Пагоняй узьняўшы навенькі,
У сьмертным хаўрусе
Йшлі бараніці
Крывёй маладою дзедавы віці —
Вёскі, загоны,
Ніваў прагоны,
Гонейкі вузкі,
Народ гарапашны, Народ Беларускі
Прад чорнай навалай чужынства дзікога,
Што сунулась хмарай палямі, дарогай,
Каб край наш стаптаці і ярмы нам узьдзеці;
Каб нас разагнаці нягодна па сьвеце…
Іх былі жменькі:
Дзеці маленькі.
Стары дзядочкі,
Юнцы маладыя, хлапцы дагадочкі.
І гэтыя воі, бязстрашны шаленцы
Прашлі ўспамінаці Грунвальдаву славу,
Пабраўшы паленцы,
Ахоплены жарам,
Каханьня пажарам
Зямлі Ізяслава…
І целам ахвярным бы жніўнай парою,
Абняўшысь з зямлёю
Шалёныя жменькі
Услалі прасторы, ваколь напраменькі…
Ім гымны пяялі,
Хаўтурныя далі
І пожняў прасторы,
Скрываўлены зоры,
Звуглены разоры,
Стаптаны палеткі
Іх слаўнае сьмерці маўклівыя сьведкі…
Зьляглі маратонцы —
Байцы за свабоду
Радзімай старонцы,
Сказаўшы Народу,
Як трэба кахаці Айчыну і Волю,
Як трэба змагаці чужынства няволю…


С. Сарока.