Сонечнымі сьцежкамі (1925)/Навальніца/Ленін

⁂ Не сягоньня было і ня ўчора Ленін
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1925 год
Навальніца
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ленін (Дудар).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛЕНІН.

Разьлівалася, плакала восень —
рассыпалася золатам лісьцяў:
ой, ня жыта — крыжы на пагосьце
гэтак буйна ў той год разрасьліся.

Сьцены з дроту — ад мора да мора,
спахмурнеў палёў блакіт…
Толькі горад, рабочы горад
часам сьцісьне мацней кулакі.


∗          ∗

Раптам —
— Даволі карыца!..
Катаў,
прыкладам спляча!..
Гэта рабочы Піцер
ўздыбіў запал Ільліча.
Гэта Смольнага громы
скорчылі сэрца зямлі —
першы дэкрэт Саўнаркому
сонца па сьвеце разьліў.
Вырвалі Ленінскім словам,
разварушылі гняздо павукоў.
Гэта восень была вясною,
вясною новых вякоў.


∗          ∗

Шлях вякоў туманамі спавіты;
іх бяздоньня нельга запаліць…
Толькі з вечна-цьвёрдага граніту
нашым векам высечан Ільліч.

Сёньня бунт рабоў магутным штормам
абудзіў усю зямную кулю,
бо Ільліч ангельскага шахцёра
парадніў з кітайскім цёмным кулі.

Сёньня поруч з вёскаю зялёнай
дружна стаў бунтар адвечны — горад:
гэта Ленін згуртаваў колёны
Ленінскай мяцежнае кагорты.

Ад Дняпра да докаў Нью-ёрку,
да далёкіх ўсходніх акіянаў
ясна сьвеціць Ленінская зорка
ўсім прыгнечаным і ўсім загнаным.

І цяпер, хоць вечным сном скаваны
наш Ільліч у чорным маўзалеі,
вечна будзе рычагом паўстаньня
імя — Ленін.