Май прышоў у блакітнай кашулі,
у манісьце павеваў лясных…
Сёньня й мы на заводзе пачулі
залатыя раскаты вясны.
Май прашоў над шумлівым горадам,
пырснуў сонцам у твар камяніц,
і на вуліцах, дымных і чорных,
першамайскі прызыў зазваніў.
Любіць ён, як і я, прабегчы
па зялёных размахах палёў.
Як і я — ён бунтар адвечны:
любіць сонны ламаць буралом…
А калі чырвонай істужкай
май аздобіць вясны блакіт —
льлецца лавай па вуліцах вузкіх,
буйным гневам на бруку кіпіць.
І тады — непакорны і хмуры —
ён ідзе напралом, як шквал.
І ня сыну вясны і віхуры
пуцявіны сабе шукаць.
Але май!. Сёньня наша сьвята.
Пад напевы вясеньніх званоў
ты вясну сабе сёньня сасватаў…
Я і ты — сягоньня адно.
І на вуліцах брудных і цесных
загуляем. мы — май і я,
бо у сінія майскія песьні
спавілася душа мая.
|