Спатканьні (1925)/Песьні зурновыя/Зурна

Каўказ Зурна
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1925 год
Песьні зурновыя
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зурна (Гурло).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗУРНА

Ах, зурна! Гэта — тая-ж жалейка
Ў непадкупным яе харастве!
З нейкім соладам, з шчырасьцю нейкай —
Гэта зор залатых агняцьвет.

Ўспамінаецца жыцьце пастушша,
Калі я на жалейцы з лазы
Адчыняў перад нейкімсь-та душу,
Нават, часам, пад кропляй сьлязы.

Многа з часу таго прамінула,
Многа плыні унесьлі вады.
Разьвітаўся я з вёскаю чула
І пашоў вандраваць ў гарады…

Ўжо ня чую жалейчыных сьпеваў я,
Ўжо забыўся іграць на ёй сам,
Ўжо ня шэпчуць калосікі сьпелыя,
Ня зьвініць мне у лузе каса.

Давялося мне быць ў краі чараў
З вышынёю усьнежаных гор.
Тут такія-ж для пасьбы абшары,
Тут пачуў я зурны перабор.

Ён мне здаўся прыгожым і блізкім,
Як жалейка ў губах пастуха,
Калі ён, як натхнёны музыка,
Можа разам іграць і ўздыхаць.

І вось ўспомнілась жыцьце пастушша
Ды палеткаў нязьмерная шыр.
І вось ў сэрцы надзею я ўзрушыў —
Асалода яна для душы!

Кіславодзк.
1925.