Спатканьні (1925)/Родныя песьні/У маім сэрцы…

Я пішу… У маім сэрцы…
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1925 год
Я калісь та…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ў маім сэрцы…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У МАІМ СЭРЦЫ

(Сястры М. Гурло)

Ў маім сэрцы ёсьць месца для многіх,
Але ты мне мілей за ўсіх,
Бо ня дарам так многа трывогі
Я па сьвеце з сабой насіў.

Ты і я — мы цяпер адзінокі:
Ўсю сям‘ю загубіў лёс злы,
А за гэтым з журбой сінявокай
Мы зьвязалі жыцьця вузлы.

Ты калісь, падзіцячаму рэзвай,
Падыходзіла часта ка мне,
І твой голас з усьмешкай прарэзьлівай
Нібы струн пераборы зьвінеў.

Ты ня помніш ужо, мусі быць, мацеры,
Бо дзіцём ты была яшчэ,
Калі сьлёзы свае, як пацеркі,
Рассыпаў я з жалобных вачэй.

Бацьку помніш. У час яго восені,
Калі адцьвітаў жыцьця мак,
Ты яму сваю шчырасьць падносіла,
Хоць была ты дзіцём сама.

Перад самай хвілінаю сьмерці
Ён, казалі, мяне ўспамінаў,
Калі я валачыўся па сьвеце —
Ня пушчала да хаты вайна.

Пасьля бацькі памерла Гануля,
А за ёю абодвы браты,
Што зьнізала варожая куля,
Засталіся адны — я і ты.

Нас таксама злы лёс рэзнуў гостра,
Нашы сьцежкі — далёкі маяк,
Нашы шляхі заблытала ростань,
Я яе не забуду ніяк.

Менск. 1925 г.