Хоць і крычаў папугай, „дзень добры, Сёмка“, але той не звертаў на гэта увагі: абрыдла бо што-дня здароўкацца с птушкаю. Ці ён, ніхай Бог крые, блазан які, або што, каб патураць усякаму глупству?! Ды агульна Сёмка быў негаворкі чэлавек. Ён моўчкі садзіўся за доўгі карчомны стол, аблегаўся, ды нешта, мусі, рахаваў. Потым азіраўся, мармытаў, пазіхаючы, ды раптам, грукнуўшы кулакамі, сіпата гукаў, праз цыбук:
— Моўша, паўкварты!
Атрымаўшы гарэлку, не спешаўся з ёю, але спаважне, мяркоўна, як газу, наліваў у чарку, скрыва, бытцым на нешта цудоўнае, паглядаў на яе, а ўжо потым, мэрам, рыхтуючыся лічыць зоры, задзіраў галаву ды ня піў, а, заплюшчыўшы вочы, выліваў сабе чарку ў губу. Пазіраючы з боку, здавалася, што, заміж гарэлкі, Сёмка праглынуў кілішак воцыту, бо так крэктаў і крывіўся, што аж млосна рабілася глядзець. Затым, абмацаўшы на стале шчыпту хлеба, падносіў яго пад нос ды, нюхнуўшы разоў колькі, казаў, выціраючы рукавом вусы:
— Ядавітая, падла! Брр—э!..
Ешчэ, бывала, не ўправіцца ён наліць другую, як зараз нехта загрукаціць на ганку. А папугай ўжо пэвен, што гэта ніхто