— Зноў піць, каб ты смалы напіўся! — верашчэла яна на Пранціся, ды так спрытна штоўхала мешалкай яго карк, што небарака вокам не пасьпее міргнуць, як заскародзіць носам па ганку… Рогат бразгаціць па карчме, а Тэкля, ўжо галасіла на вуліцы:
— Я й туды, я й сюды — дзе Пранцісь, дзе Пранцісь? Ажно ён у карчме!..
— Дык я-ж на часінку. Хіба… прабуе мяльнуць губою Пранцісь.
— Маўчы ўжо ты!...
II
Самая пацеха пачыналася ня ў будзенны дзень, а ў нядзелю, або ў якое сьвята. Тады кожэн чэлавек мае вольны час і кожэн рупіцца праводзіць яго, як найлепей і весялей. У сьвяты дзень чэлавек пакончэ рахавацца з варункамі будзённаго жыцьця, мае спраможнасць рабіць тое, што яму падабаецца, паведлуг свайго нораву і густу Дзеля гэтага у карчму пачынаюць збірацца ешчэ досьвіта, чуць золак, як толькі жонкі завінуцца каля печы. Ні дарма-ж у песьні сьпеваецца: „ўстане рана, не хрысьціца, моў, не памятае; ўстане