сказаць: рог. Тады ўжо, тузянуўшы апошні раз, аж слёзы з вачэй пакоцяцца, скажэ: „Ідзі, леўка, за парог!..“ Уцекай не азірайся, а то йшчэ пстрычак надае: гэта ён арэхі, моў, лушчэ. На вуліцы — трасцу-б ён дагнаў, а тут — куды-ж ты ўцячэш?! Дык, каб абмінуць гэтае ліха, хлапчына мяркуе ўскарабкацца — на бочку, каторая заўсёды стаяла каля дзьвярэй; а калі на ёй знайшоў сабе прыпынак дзядзька, або й два, дык ушчэміцца на дзьверы, а ўжо адтуль гукае, бытцым дзе ў лесі, у гушчарне.
— Тата, дзе ты?
— Га, сынку!
— Ідзі, татка, да-дому палуднаваць.
Іншы раз і даклічэшся, асабліва, калі бацька яшчэ ня вельмі выпіўшы. Тады ён прапіхаецца, патходзіць, чырвоны, як з лазьні, да сына, ухмыляецца ва ўсю шчэку, зьнімае яго з дзьвярэй ды кажэ:
— А мой каток, мой памоцнічак! Тату прышоў клікаць? Дай-жэ бусі тату — баню дам.
Ухапіўшы аберуч кручаны абаранак, каторы бацька выняў с кішэні, сынок і памкнецца, даць бусі, але як зачуе з рота ў бацькі сморад гарэлкі, дык толькі нагамі задрыгае: пусьці, моў, — ня хочу!..