— Я-ж за ўсё свае жыцьцё ніколі замкаў не будаваў, — адмаўляўся Шэмус. — Я гэтага дзела ня ведаю і ня збудую замак і ў трыццаць тры гады, а ня тое што за тры тыдні.
— Ну, — адказаў прынц, — мне вядома, што ўва ўсей Ірляндыі няма чалавека, які змог-бы гэтак хораша і скора збудаваць палац, як ты. — Канешна, калі захочаш гэта зрабіць. І вось, калі ты ня збудуеш на гэтым мейсцы замка ў тры тыдні, дык застанешся без галавы, — дадаў ён. — Ты зразумеў? — І прынц адышоўся, а Шэмус стаяў разьзявіўшы рот.
Пачуўшы гэта, Шэмус моцна спужаўся. Ведаў ён, што прынц Кональ не на жарты гаворыць і што яму ня больш значыць адабраць жыцьцё ў чалавека, чымся раздушыць якую-колечы казяўку. Сеў ён на зямлі і заліўся горкімі сьлязамі. Але не пасьпеў ён яшчэ добра выплакацца, як падыйшоў да яго Рыжы Дзядок дый пытаецца:
— Аб чым плачаш, Шэмус?
— Гора маю, дзядок, — адказаў Шэмус, — лепш і ня пытайся, усё роўна нічым не дапаможаш.
— Гэта яшчэ невядома, — адказаў Рыжы Дзядок. — Горш ува ўсякім выпадку ня будзе, раскажы.
Каб палегчала на душы, Шэмус вырашыў, нарэшце, расказаць аб тым, што абяцаў зрабіць з ім прынц Кональ, калі ён у тры тыдні ня збудуе палацу на паказаным мейсцу.
Сказаў яму Дзядок:
— Сяньня ўвечары, як узыйдзе месяц, схадзі ў Даліну Фей: на вярхушцы гары, пад каменем, што качаецца, ты знойдзеш белы дубец. Вазьмі гэты дубчык з сабой і навядзі ім плян замку тутака на пяску; потым пакладзі дубец на старое мейсца і, пакуль ты дойдзеш да хаты, твой замак будзе ўжо збудаваны.
У тую-ж ноч, як толькі ўзыйшоў месячык, Шэмус, як лёгка зразумець, пайшоў у Даліну Фей да таго каменя, што качаўся, і ўзяў адтуль белы дубец. Потым ён пайшоў на ўзгорак, дзе мусіў будаваць прынцаў палац, нарысаваў канцом дубца ўвесь плян і занёс дубец, на тое мейсца, скуль узяў.