Тымчасам прынц Кональ, не адкладаючы на доўгі час справы, пайшоў да Шэмуса і паклікаў яго з хаткі. Тутака ён спачатку падзякаваў яму сардэчна за ўсё, што Шэмус зрабіў для яго.
— Але-ж мне патрэбна яшчэ адна рэч, Шэмус, — сказаў ён, — вось тагды я ўжо буду зусім задаволены. Сяньня я раблю баль для лёрдаў, лэдзі і паноў нашага краю; не забудзь-жа да вячэры дастаць мне плэшэм.
— Плэшэм! Што гэта такое! — крыкнуў, зьдзівіўшыся, Шэмус.
— Я ня ведаю, адказаў прынц Кональ.
— І я ня ведаю, — сказаў Шэмус. — Якім-жа чынам я змагу табе яго дастаць?
— Ня будзем марнаваць часу на гутаркі, — сказаў прынц Кональ. — Калі ты не здабудзеш мне да вячэры плэшэм дык напэўна застанешся без галавы.
Бедны Шэмус сеў і заплакаў, а прынц Кональ пайшоў сабе дамоў.
— Шэмус, Шэмус, — пачуўся голас каля вуха Шэмуса, — аб чым-жа ты цяпер плачаш?
Падняўшы галаву, Шэмус убачыў Рыжага Дзядочка.
— Лепш і ня пытайся, — адказаў Шэмус, — гэта цяпер дарэмна. Ты мог збудаваць палац, стварыць мора і рэчку, птушак і дрэвы, але цяпер ты ня зможаш мне нічым дапамагчы.
— Хто ведае! — адказаў Рыжы Дзядок.
— О, я добра ведаю, — сказаў Шэмус. — Ці ты можаш даць мне рэч, якой ніколі ня бывала й ня будзе на сьвеце!
— А ты ўсё-ж такі раскажы, — сказаў Дзядок. — Калі я і не дапамагу табе, дык і не пашкоджу справе.
Каб было чыстае сумленьне, Шэмус растлумачыў Дзядку, што прынц Кональ загадаў яму ў дваццаць чатыры гадзіны даставіць да замкавай брамы плэшэм.
— Але-ж такой рэчы, — дадаў Шэмус, — ніколі ня было на сьвеце.
— Пэўна-ж ня было, — сказаў Рыжы Дзядок. — Але, калі прынц Кональ патрабуе, каб яна была, дык трэба пастарацца дастаць яе. Сяньня ўночы ідзі, Шэмус, к Чарадзейнаму Цярноўніку ў Даліну Фей; на