галосіць дз-з-з-ынь… Хітрая штука! Пры дапамозе электрычнага току можна пекныя рэчы мэталёвыя рабіць, барэльефы і іншае — Іцка вывучае на практыцы гальванаплястыку, а Пшыбыльскі мае дармовыя, старанныя, акуратныя рукі.
Хітрая штука, электрычнасьць! — Ого!
Сам Пшыбыльскі вельмі любіць розныя экспэрымэнты, — і ня толькі ў галіне электрычнасьці, захапляецца імі. Гадзіньнікавы завод да фотоапарату — яго вынаходка.
Цяпер розныя дэталі, лёгкія, але і марудныя працы ён даручае Іцку.
Іцка не шкадуе часу і ня трымаецца вызначанага ліку заняткаў — два разы на тыдні. Калі трэба рабіць якую тэрміновую працу — Іцка прыходзіць і ў іншыя дні, як загадае Пшыбыльскі.
Працуе Іцка, захапляецца. Так цікава ўсё гэта! І ня марылася яму, ня думалася, што так гэта ўсё проста, ясна, зразумела. Не лятуцеў ён ніколі, што ўся гэтая прамудрасьць будзе ў ягоных руках, падуладна яму…