гэта, Казюк кінуўся ўцекаць. Старэц прыйшоў у зьвярыную ярасьць. Неколькімі крокамі нагнаў ён хлопчыка і са ўсяго размаху апусьціў на яго галоўку свой цяжкі кулак. Выразна пачуўся трэск, як бы зламалі маладую ліпку, і твар хлопчыка ў вадзін мамэнт заліўся гарачай кроўю. Ні крыка, ні зыка ня вырвалася ў хлопчыка. Упаў ён тварам на дол, ды так і астаўся.
Старэц спыніўся. Страшны пашыб яго злосьці, здавалася, прайшоў. Твар яго нейк застыў, і на ім адмалеваўся страх. Жабрак стаяў неколькі часу не варушаючыся і пазіраў на хлопчыка. Потым ён нагнуўся над ім і штурхануў яго. Хлопчык не варушыўся і лежаў тварам у землю
— Казюк! Казюк! — пазваў старэц, але хлопчык маўчаў і не варушыўся.
— Нежывы, — прашэптаў убівец і азірнуўся. Кругом было ціха.
Схапіўшы дрыжачымі рукамі пад пахі трупік хлопчыка, жабрак, дзіка азіраючыся, панёс яго ў гушчару гая. Спыніўшыся каля старога выварата, убогі с пасьпехам кінуў туды труп хлопчыка і накрыў яго лам’ём і мохам.
Схаваўшы труп, старэц адышоўся і прысеў, як загнаны зьвер і неколькі часу сядзеў. Потым ён застагнаў, падняўся і стаў рваць на сабе валасы; потым зноў кінуўся на зямлю, дзеручы на сабе скуру і кусаючы рукі.
Трохі супакоіўшыся, жабрак уткнуўся тварам у зямлю, сьціснуў рукамі галаву і так лежаў доўга.