Быць прарокам вельмі цяжка і цяжка правідзець, як бы злажылася доля Беларусі, каб не было 1772 году. Запэўненьне польскіх дасьледчыкаў, што пад Польшчай ей было-б куды ляпей, нічым пад Расеей, адносіцца да круга акурат гэткіх гістарычных варожэб. Невялікую цэннасьць выяўляюць сабой і запэўненьня расейскай патрыотычнай навукі, што „славетны паварот Беларусі на лоно аднаплемённай дзяржавы расейскай, уратаваў яе ад пагібелі у моры полëнізму і лацінства."
Пасьля 1772 году Беларусь зьменіла аднаго благога гаспадара на другога, з шляхецкай няволі народ трапіў у так сама цяжкую няволю — царскую. Якая рожніца для беларускага селяніна была ў тым, што апалячэны прадажны земянін паехаў на паклон ў Пецярбург, а не Варшаву? Праўда, пасьля азнаёмленьня з крэпкай уладай маскоўскага самадзяржаўя, земянін пачуў сябе безпячней у сваім двары - і гэта было ужо крыху горэй; але у рэшці малюнак астаўся такі самы. Папярэднюю няволю сваю народ павінен быў перажыць.
Вялікае нешчасьце, якое здарылося з Польшчай ў 1772 г. мело аграмадные вынікі, да якіх беларускі народ бязрозна ставіцца ужо ня можа. Гэтые вынікі — моральнае перэраджэньне польскага грамадзянства і барацьба яго за сваю палітычную волю.
Абодвы гэты зьявішчы, цягнуўшыеся немаль сталецьце, аказаліся ў самым цесным зьвязку з Беларусьсю, з жыцьцём і развіцьцём беларускага народу, дзеля чаго мы лічным патрэбным спыніцца на іх крыху падрабней.