У чым жа мы бачым адзнакі знаёмства і збліжэньня Беларусі з Польшчай?
Перш на перш у тым, што усё-ж такі шмат хто з беларускага народу, перэважна з яго мешчанскай клясы, і вясковай дробнай шляхты, прынялі безпасярэдна учасьце ў гэтых паўстаньнях. Асабліва гэта прыходзіцца зазначыць ў стасунку да той часьці беларускай інтэллігэнцыі, каторая яшче не пазбылася успамінаў аб уніі. Яшче ў большай меры прыймалі учасьце ў гэтай барацьбе беларусы-каталікі. Для апошніх задача паўстаньня была напалавіну зразумела: для іх перамога Польшчы весьціла зварот атабраных расейскай уладай касьцёлаў, вольнае вызнаваньне глумлёнай веры. Паміж гэтай групы беларускага жыхарства агітацыя за паўстаньне мела безумоўны послух.
Але тая-ж агітацыя і, асабліва самы, факт рэволюцыйнага бунту проціў ураду, прымушалі задумацца і больш шырокіе кругі народу. Яны бачылі, што істнуючы парадак не ад Бога, не непарушны, што супроць яго можна паўставаць і скідаць яго. Паўстаньня Польшчы былі прыкладам таго, што жыцьцё можна перабудовываць па свайму жаданьню, абы была для гэтага патрэбная адвага. Дзеля гэтага, хоць беларуская селянская маса, цëмная і загнаная, не ішла на актыўнае падтрыманьне палякаў, але яна не асабліва ахвотна адклікалася і на патрыотычные заклікі расейскіх губэрнатараў.
Пасьля доўгага ваганьня, расейскі урад памкнуўся знайсьці у гэтай цёмнай масе свайго саюзьніка. Праўда, шлях быў выбраны не зусім баспечны