Праўда, на ўсе вымаганьня і пратэсты мала хто за граніцай зьвертае патрэбную увагу: ўсе лічацца з голай сілай, з аружным захватам і не цікавяцца правамі, хоць бы яны былі найсьвяцейшымі. Але рэвалюцыйны беларускі урад не надта непакоіцца гэткім станам рэчэй, звычайным у пераходны час. Ён лепш за каго другога сьвядом сваей слабасьці, але ў той самы час сьвядом патрэбы вясьці змаганьне далей, ня гледзючы ні на якіе перашкоды.
І барацьба, змаганьне ідзе. Ідэя адраджэньня аказваецца моцнай і жывучай, прабіваецца ў самые далёкіе куткі Беларусі, пры гэтым не так супрацоўнікамі ураду і яго коштам, як самым фактам істнаваньня актыўнага цэнтру адраджэньня, магнітызуючага масы.
Тутка ня месца затрымлівацца на конкрэтных праявах беларускае дзяржаўнасьці, як, напр., палітычных умовах, фармаваньнях войск, вызнаньні незалежнае Беларусі і г. д. Гэта - справа гісторыі руху.[1] Пакуль мы з жалям павінны зазначыць, што ўласнай дзяржавы сваей, у поўным значэньні гэтага слова, народ беларускі яшчэ не мае.
Што ж гэта ёсьць, аб чым была мова? Ці гэта толькі праява сваероднага нацыональнага романтызму, ці не палітычны гэта міраж, які часта сустрэчаецца ў рэвалюцыйные эпохі?
Так думаюць пасівеўшые над паперай дыплёматы, так сама думае шмат хто з польскіх палітыкаў.
- ↑ Я. Варонко: „Беларускі рух ад 1917 да 1920 г." Кароткі агляд. Коўна, Выдавецтва ім. Скарыны, 1920 г.