шырокіх масах, вырваць яе можна толькі тады, калі фізычна забіць беларускі народ. Воля гэтая вылілася пакуль што ў элемэнтарные формы; але дасьпеваньне яе ідзе шпарка на перад і раней, ці пазьней прывядзе да арганізаванай дзяржавы.
Вось гэта, ласьне, Беларусь, вось гэты прачнуўшыйся да палітычнага жыцьця народ, вось гэта, ласьне, сьпеючая дзяржаўнасьць і стала на шляху польскае мысьлі, зашахавала і зблутала, здавалася, гатовые пастановы.
Польшча не мяркавала, што Беларусь стане суб'ектам праваадносін і заявіць ў яе плянаваньнях свой уласны голас.
Сумяціца атрымалася ў зьвязку з гэтым даволі грунтоўная. Беларусь заявіла жаданьне аб вызнаньні яе ў этнографічных межах; гэта значыць, што яна лічыць усе землі, якіе лежаць на ўсход ад лініі Нарэва і Буга сваімі; заявіла аб вызнаньні яе незалежнай дзяржавай, — гэта значыць, што яна самаістна, прыймаючы пад увагу ўласные інтэрасы, пастановіць аб будучыне польскіх маёнткаў на Беларусі і г. д. Усё разам значыць, што яна зьвяжа Польшчы рукі і прымусіць трымацца, што да сябе, у рамках справядлівага і праўнага.
Другім фактарам, уплываючым на беларуска-польскіе адносіны, зьяўляецца Літва.
Літоўская дзяржава сарганізавалася перш, чым Польшча выступіла на палітычную арэну як незалежная дзяржава. Ужо у 1918 г. яна склікае свой предпарлямэнт - „Тарыбу" - з прадстаўнікоў партый і нацыональных арганізацый. У склад Тарыбы, запрашаюцца, між іншым, прадстаўнікі Беларускае