жыць ад суадносін сіл абедзьвех краін і, фактычна, ад добрай волі Польшчы, як значна мацнейшай.
Нават пры найлепшых пісаных гарантыях, нават пры найспагадаючых настроях Варшавы, становішча беларускага Менску ў хаўрусе с сучаснай Польшчай будзе заўсёды загроджана, калі ўспомніць аб ролі польскага „крэсовага элемэнту". Гэты „крэсовы элемэнт", гэтая зямельная арыстокрацыя, шляхоцка - эксплёатуючы стан пры ўсіх добрых плянах цэнтра, абярне Беларусь у „крэсы", і пытаньне аб беларускім культурным адраджэньні абярне ў пытаньне „окраинной", „крэсовай" палітыкі. Беларусь ператворыцца ў Польшчы на кшталт Галіцыі ў Аўстрыі, ці Фінляндыі у Расеі. Дзякуючы прывілейнаму палажэньню ў крае, дзякуючы экономічнай перавазе і перавазе культурнай, ўсе адпаведные мейсцы ў урадовых установах, а ў значнай меры ў краёвым сойме, безварункова захопіць крэсовая шляхта.
Практыка беларускага жыцьця будзе ў руках магнатаў. Пачнецца барацьба, пачнецца змаганьне паміж двох культур - польскай і беларускай, і калі перамога ня будзе на баку першай, то напэўна можна сказаць, што развіцьцë другой будзе згальмована, скалечана.
Такая доля чакае Беларусь цэнтральную і ўходнюю — праваслаўную, (Менск-Магілеў-Вітэбск). Што-ж датыча заходнай Беларусі (Горадні і Вільні), асабліва яе каталіцкіх частак, дык тут вынік аб'еднаньня перадбачыў, як ведаем, нават „соцыаліст" п. Недзялкоўскі: праз 10-20 гадоў яна будзе „этнографічна" польскай зямлей. Не дарма-ж