— Наш барын адразу кінуўся ў бойку, — сказаў блазен, — Атэльстан не паспеў, а астатнія і подаўна. А забралі іх людзі ў чорных масках і ў зялёных каптанах. І цяпер усе нашы ляжаць звязаныя на зялёнай мураве, быццам дзікія яблыкі, калі ты патрасеш у лесе дрэва на корм сваім свіням. Нават смешна, дапраўды, і я-б смяяўся, каб не слёзы.
І ён расплакаўся ад гора. У гэты час перад імі, як з зямлі, вырас трэці чалавек. Мяркуючы па вопратцы і ўзбраенні, Вамба спачатку палічыў яго за аднаго з тых разбойнікаў, якія ўзялі ў палон яго гаспадара. Але гэты чалавек быў без маскі; бліскучая перавязь, перакінутая цераз яго плячо, і раскошны паляўнічы рог, які вісеў на ёй, спакойная манера валадарная постаць і голас прымусілі прызнаць у ім таго самага іëмена, па прозвішчу Локслі, які перамог на спаборніцтве стралкоў.
— Што значыць увесь гэты шум? — сказаў ён. — І хто асмельваецца ў тутэйшых лясах учыняць рабунак, гвалт і браць у палон?
— Паглядзі на іх бліжэй, — адказаў Вамба, паглядзі добра, ці такія на іх каптаны, як на табе, і ўбачыш, што яны гэтак-жа падобны, як два зялёныя стручкі.
— Гэта я зараз даведаюся, — сказаў Локслі, — а пакуль забараняю вам кратацца з месца. Заставайцеся тут, покуль я не вярнуся. Калі паслухаецеся майго загаду, гэта будзе добра і для вас, і для вашых паноў… Аднак пачакайце, спачатку трэба зрабіць так, каб я як мага менш адрозніваўся ад іншых.
Гаворачы гэта ён зняў з сябе перавязь разам з рогам, выцягнуў пяро з свае шапкі і ўсё гэта перадаў у рукі Вамбе. Потым выняў з сумкі маску, надзеў яе і, паўтарыўшы ім загад не кратацца з месца, пайшоў на выведкі.
— Будзем чакаць яго ці што, — сказаў Вамба, — ці паспрабуем даць цягу? Штосьці вельмі хутка ператварыўся ён у разбойніка і, на маю дурную галаву, ён таксама павінен быць іх поля ягадка.
— А хоць-бы ён аказаўся самім чортам, што за ліха! — сказаў Гурт. — Нам не будзе горш ад таго, што мы яго па-
121