Старонка:Айвенго (1934).pdf/126

Гэта старонка не была вычытаная

Тымчасам начальнік лясной вольніцы і слугі Седрыка, якія глядзелі на яго цяпер з помессю павагі і боязні, ішлі да капліцы ўрочышча Копмангерст.

Калі яны дайшлі да асветленай месяцам палянкі і ўбачылі поўразбураныя рэшткі капліцы і побач з ёю беднае жыллё пустэльніка. Вамба прашаптаў на вуха Гурту:

— Калі тут сапраўды жыве злодзей, значыцца, праўду гаворыць прыказка, што чым бліжэй да царквы, тым далей ад бога… І я гатоў закласці сваю шапку, што гэта так і ёсць… Паслухай, што гэта за спевы чуваць у келлі пустэльніка!

У гэту хвіліну пустэльнік і яго госць на ўсё горла спявалі старую застольную песню:

Гэй, хутчэй, давай келіх сюды.
Гэй, булі-люлі, гэй люлі-булі.
Ты маладзец. І я чуў ад людзей
Што ты адзін — незвычайны круцель!..

— Нядрэнна спяваюць, дальбог! — сказаў Вамба, спрабуючы падцягнуць прыпеў. — Але скажы на ласку, хто-б мог чакаць такіх спеваў у глухую поўнач у келлі пустэльніка!

— Што-ж тут дзіўнага, — сказаў Гурт, — усім вядома, што тутэйшы алтарнік вясёлы хлапец і сваімі рукамі пераводзіць ледзь не ўсю дзічыну, якая трапляецца ў гэтых месцах. Гавораць, быццам лясны вартаўнік скардзіўся на яго свайму начальству, і калі пустэльнік не будзе трымаць сябе больш прыстойна, яго хочуць пазбавіць манахаўскага сану і зняць з пасады.

Пакуль яны гутарылі, Локслі так стукнуў у дзверы, што пустэльнік і яго госць адразу спынілі спевы.

— Клянуся ружанцам, — прагаварыў пустэльнік, раптам абарваўшы звонкія раскаты свайго моцнага голасу, — вось стукаюцца яшчэ больш познія госці. Нядобра будзе, калі яны нас застануць у такіх прыемных занятках. У кожнага чалавека ёсць нязычлівыя людзі, шаноўны Гультай; і, чаго добрага, злыя языкі скажуць, што я не табе аказаў гасціннасць, не прыняў зморанага падарожніка і не прабыў з ім гадзіны тры начнога часу, а сам п’янстваваў і распуснічаў, што несумясціма ні з маім званнем, ні з маім характарам.

124