Старонка:Айвенго (1934).pdf/127

Гэта старонка не была вычытаная

— Вось агідны паклёп! — сказаў рыцар. — Пападзіся мне пад руку такі паклёпнік, я яго правучу як след. Аднак гэта праўда, святы алтарнік, што ў кожнага чалавека ёсць ворагі. І ў тутэйшым краі ёсць такія людзі, з якімі я з большай ахвотай гаварыў-бы праз краты майго забрала, чым з адкрытым тварам.

— Дык надзявайце хутчэй на галаву свой жалезны гаршчок, сябра Гультай, ды паспяшайся, наколькі дазваляе твая натура, а я тымчасам прыбяру гэтыя алавяныя пляшкі. Тое, што ў іх было наліта, неяк дзіўна шабоўтаецца цяпер у маёй галаве… а каб не чуць было бразгату пасуды… таму што ў мяне сапраўды трасуцца рукі, падцягні мне на той голас, якім я зараз заспяваю… усёроўна якія словы… я і сам-то не вельмі добра іх памятаю…

Сказаўшы гэта, ён зычным голасам зацягнуў „З глыбіні воззвах…“ і пад шумок пачаў прыбіраць сляды банкетоўкі, а рыцар, смяючыся ад душы, апранаў сваё ўзбраенне і старанна падцягваў гаспадару кожны раз, як паспяваў прыдушыць рогат.

— Што ў вас за чортава ютраня ў такі позні час? — пачуўся голас з-за дзвярэй.

— Даруй вам божа, сэр вандроўнік! — адказаў пустэльнік, з-за ўзнятага шуму, а можа, і з п’яных вачэй не спазнаўшы гэты голас, які быў яму вельмі добра знаёмы.

— Ідзіце сваёю дарогаю, у імя бога і святога Дунстана, і не перашкаджайце мне і вялебнаму сабрату майму чытаць малітвы.

— Ці не з глузду ты з’ехаў, манах? — адказаў голас знадворку. — Адамкні, гэта я, Локслі!

— А-а! Ну, акурат, усё добра! — сказаў пустэльнік, звяртаючыся да госця.

— Гэта-ж хто такі? — запытаў Чорны Рыцар. — Для мяне вельмі важна гэта ведаць.

— Хто такі?.. Я ж табе кажу, што сябра! — адказаў пустэльнік.

— Які такі сябра? — вымагаў рыцар. — Можа ён табе сябра, а мне вораг.

125