яго так мала трывожыла, што ён больш маўчаў, толькі рэдка адказваючы на ўзбуджаную і гарачую гаворку Седрыка.
— Выпадак досыць сумны! — уздыхнуў Атэльстан, — але спадзяюся, што яны прызначаць усё-такі досыць памяркоўны выкуп. Ва ўсякім выпадку, наўрад ці маюць яны на ўвазе марыць нас голадам. Аднак я думаю, што ўжо поўдзень, а я не бачу ніякай падрыхтоўкі да абеда. Паглядзіце ў акно, шляхетны Седрык, і пастарайцеся адгадаць па напрамку сонечных праменняў, ці хутка поўдзень?
— Лепш было-б нам мірна і вольна есці хатнія харчы, чым прывыкаць да заморскіх ласункаў, ахвота да якіх і звязала нас па руках і па нагах і аддала ў няволю чужаземцу!
— Мне цяпер і самая простая яда здалася-б ласункам, — сказаў Атэльстан.
Покуль саксонец аддаваўся сумным марам, дзверы іх турмы адчыніліся і ўвайшоў буфетчык з белым посахам, адзнакай свайго звання. Гэты паважны саноўнік урачыстаю хадою ўвайшоў у залу, а за ім чацвёра служак уняслі стол, устаўлены ядою, выгляд і пах якіх мігам згладзіў у душы Атэльстана ўсе папярэднія ўражанні. Усе слугі, якія прынеслі абед, былі ў масках і плашчах.
— Гэта што за маскарад? — сказаў Седрык. — Ці не думаеце вы, што мы не ведаем хто забраў нас у палон? Скажыце гаспадару, — гаварыў ён далей, карыстаючыся выпадкам пачаць перагаворы аб сваім вызваленні, — перадайце вашаму гаспадару, Рэджынальду Фрон дэ-Бёф, што адзінай прычынай, якой мы можам сабе растлумачыць учынены над намі гвалт, мы лічым яго беззаконнае жаданне абагаціцца за наш кошт. Скажыце яму, што мы гатовы задаволіць яго хцівасць, як паступілі б у падобных абставінах адносна ўсякага разбойніка па рамяству. Няхай ён вызначыць, які хоча атрымаць выкуп за наша вызваленне, і калі лічба не перавысіць нашых сродкаў, мы яе заплоцім.
Буфетчык, замест адказу, толькі кіўнуў галавою.
— І яшчэ скажыце Рэджынальду Фрон дэ-Бёф, — сказаў Атэльстан, — што я пасылаю яму выклік на смяротную бойку і прапаную біцца пешша або конна ў любым зручным месцы
133